У Карэлічах з’явіцца кніга пра знакамітых людзей раёна

koltunova-007Кніга пра знакамітых людзей раёна будзе выдадзена пры падтрымцы райвыканкама. У яе ўвойдуць нарысы вядомай не толькі ў раёне, але і за яго межамі паэтэсы, кіраўніка літаратурнага аб’яднання «Рэчанька» пры рэдакцыі раённай газеты Галіны Калтуновай.
Матэрыялы на працягу некалькіх гадоў друкаваліся ў газеце пад рубрыкай «Твае людзі, Карэліччына». Каля трыццаці нарысаў распавядаюць пра адданых любімай справе людзей. Героямі іх з’яўляюцца ўрачы, педагогі, працаўнікі сферы культуры, кіраўнікі гаспадарак. Работа над выданнем ужо завяршаецца.
Як расказала Галіна Калтунова, таксама рыхтуецца да друку кніга твораў мясцовых паэтаў і празаікаў. У яе складзе будуць вершы Івана Жука, Івана Вярбіцкага і іншых паэтаў і празаікаў. Літаратурнае аб’яднанне «Рэчанька» наведваюць каля дваццаці чалавек.
Гэта не першыя кнігі, якія будуць выдадзены пры падтрымцы райвыканкама. У жніўні 2015 года ўбачыла свет кніга Галіны Калтуновай «Буквар карэліцкага краю», дзе змешчана шмат унікальных звестак пра родны куток. Асаблівы рэзананс у чытачоў атрымала кніга «Карэліцкія мадонны». Гэта летапіс жыцця жанчын раёна за пасляваенныя гады, настольная кніга для маладога пакалення, а для старэйшага – яшчэ адна незабыўная сустрэча з мужнымі і прыгожымі карэліцкімі жанчынамі са складанымі лёсамі.
Новыя кнігі пабачаць свет у наступным годзе. Яны папоўняць фонды бібліятэк. Адбудуцца прэзентацыі кніг з удзелам моладзі.

Таццяна АРКАДЗЬЕВА

Добавить комментарий