Маленькае жыццё ў вялікіх руках

–  Гэта не павінна было з ім здарыцца, такая добрая сям’я. Трагедыя адбылася ў нядзелю, да мяне дзеці прыехалі. Працы шмат – і касіць, і палоць, усе заняты былі. Раптам чую – немы крык. Такі крык бывае толькі тады, калі хтосьці памірае. Я зразумела, што здарылася бяда, – расказвае Ніна Галаскова, суседка.

Няшчасны выпадак адбыўся 18 чэрвеня ў вёсцы Вязынка Маладзечанскага раёна. Дарослыя вырашылі праветрыць куфар, у якім захоўвалася зерне, і пакінулі яго адчыненым. Двухгадовы Міша зазірнуў у яго, века ўпала на хлопчыка. У выніку наступіла асфіксія. Выратаваць Мішу не змаглі. У гэты момант бабуля працавала на агародзе, маці на секунду пакінула хлопчыка без дагляду.

Лета – самы час адпачываць, набірацца сіл для новых адкрыццяў. Якія асацыяцыі узнікаюць у вас пры згадванні гэтай пары года? У мяне, напрыклад, сонца, кветкі, садавіна, адпачынак, канікулы. З другога ж боку зусім іншыя словы: траўма, боль, слёзы. Як жа зрабіць так, каб трагічныя словы нас ніколі не закранулі?

Сёння амаль кожны дзень з інтэрнэту і тэлебачання мы даведваемся аб жудасных навінах, ад якіх мурашкі па целе: хлопчык вываліўся з адчыненага акна; дзяўчынка ўтапілася ў сажалцы; малалетніх  дзяцей засыпала ў кар’еры. Чаму так адбываецца? Многія адразу зробяць выснову: сям’я неблаганадзейная – таму і адбываецца. Жыццё падказвае, што гэта не так. Як кажуць, бяда не шкадуе нікога. Нават  у добрых, матэрыяльна забяспечанных сем’ях можа здарыцца самае непапраўнае.

Усё залежыць ад нас саміх, бацькоў. Мы павінны навучыцца бачыць магчымую небяспеку, глядзець на некалькі крокаў наперад. Пакінулі каляску з маленькім каля крамы на адну хвілінку? Ведайце, што за гэтую хвілінку можа здарыцца бяда. Заварылі каву і паставілі кубак на край стала? Адна секунда – і ваш дапытлівы непаседа праверыць, што ў ім. А гэтай трагедыі можна было б пазбегнуць.

Добра, калі маці знаходзіцца ў дэкрэтным водпуску і можа ўвесь час быць з дзіцем. Але гэты час праходзіць, дзеці падрастаюць. І наш галоўны абавязак – расказаць пра магчымую  небяспеку дома і на вуліцы. А лепш за ўсё – паказаць на асабістым прыкладзе. Дастаткова адзін раз перабегчы дарогу ў нявызначаным месцы, і чакайце, што ваш сын альбо дачка зробяць тое ж самае.

Многія сучасныя бацькі стараюцца матэрыяльна забяспечыць сваю сям’ю, шмат працуюць і забываюць пра выхаванне  дзяцей. А давайце падумаем, што больш важна для вашай 6-гадовай дачкі: атрымаць новую цацку ці правесці час з любімай матуляй? Некаторыя дарослыя вырашаюць праблему наступным чынам: адпраўляюць на летнія канікулы сваіх дзяцей да бабулі ў вёску. Безумоўна, тут дзеці самі па сабе. Яны без дарослых ідуць купацца на возера, у лес па грыбы і ягады, залазяць на высокія дрэвы. Згадзіцеся, што з энергіяй 10-гадовага хлопчыка цяжка зраўняцца, асабліва бабулі, у якой яшчэ шмат працы на агародзе. Адсюль і вялікая колькасць няшчасных выпадкаў.

Асабліва трэба задумацца бацькам падлеткаў. У тым, што пераходны ўзрост –  самы складаны, упэўнены многія псіхолагі. Таму не чакайце, пакуль здарыцца бяда, пагаварыце з сынам ці дачкой, навучыце іх давяраць вам, будзьце сябрамі.

Дзеці – гэта адлюстраванне сваіх бацькоў. Таму навучыце, дапамажыце, накіруйце іх у правільны бок асабістым прыкладам. І няхай канікулы будуць заўсёды ў радасць для вас і вашых дзетак.

Аксана ЯНУШ.

Добавить комментарий