Бацькі п’юць – дзеці пакутуюць

Адбылося чарговае пасяджэнне каардынацыйнага савета, на якім былі разгледжаны пытанні эфектыўнасці міжведамаснага ўзаемадзеяння дзяржаўных органаў і ўстаноў па прафілактыцы сямейнай неблаганадзейнасці.

Дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №18 “Аб дадатковых мерах дзяржаўнай абароны дзяцей з неблаганадзейных сямей” дзейнічае ўжо амаль 11 гадоў. Але надзённых пытанняў, якія датычацца жыцця і здароўя непаўналетніх, менш не становіцца. У тых сем’ях, дзе бацькі п’юць, маюць запазычанасці за камунальныя паслугі, не выконваюць абавязкі па выхаванню малых дзяцей прызнаюць трапіўшымі ў сацыяльна небяспечнае становішча. Калі пасля такога адмоўнага статусу бацькі не выпраўляюцца, дзяцей ад іх забіраюць. Але гэтае пытанне не аднаго дня: з бацькамі працуюць, размаўляюць, угаворваюць. Толькі калі становіцца відавочным, што светлая паласа на небасхіле жыцця такіх гора-бацькоў не праглядаецца, дзяцей ад іх забіраюць, але стараюцца пакінуць у нераўнадушных сваякоў.

Міф аб тым, што дзяцей забіраюць у бацькоў па прычыне запазычанасці за “камуналку” і адключаных камунікацый, абверг намеснік старшыні Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта Руслан Юр’евіч Абрамчык: “У тых сем’ях, дзе выхоўваюцца дзеці, святло і газ ніколі не будуць адключаны. Мы не маем права адбіраць у малых самыя неабходныя  ўмовы для жыцця. Сапраўды, калі дзяцей усё ж такі забіраюць, з бацькамі мы размаўляем больш жорстка”.

Сёння існуе такое паняцце, як тэрміновае адабранне дзяцей: калі камісія прыязджае ў             сям’ю, у асноўным у вячэрні час, а маці і тата не проста п’яныя, але і пастаянна выясняюць адносіны. Спрэчкі, лямант, бутэлькі і чаркі – вось што бачаць дзеці ў такіх сем’ях. Таму сёння неабходна назіраць за неблаганадзейнымі бацькамі не толькі ў рабочы час, калі яны працуюць і, здаецца, што ўсё добра,  але і ўвечары, а таксама ў выхадныя дні, калі зняць стрэс і адпачыць у кампаніі з бутэлькай становіцца нормай. Намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта Вольга Дзмітрыеўна Базар нагадала выпадак, калі камісія ехала на праверку адной сям’і і заўважыла на аўтобусным прыпынку маладую жанчыну ў нецвярозым стане з 12-гадовай дачкой. У гэты вечар муж прыйшоў дадому п’яны і пачаў высвятляць адносіны з жонкай. Каб пазбегнуць канфлікту, жанчына забрала дачку і пайшла з дому. Дзе яна ўжывала спіртныя напоі і як апынулася з дачкой у 11 гадзін вечара на прыпынку, растлумачыць ніхто не змог. У выніку дзяўчынка правяла ноч у сям’і цёткі, а 27 кастрычніка на пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх у адносінах да дзяўчынкі і яе брата, навучэнца Навагрудскага дзяржаўнага аграрнага ліцэя, была зроблена выснова аб іх  сацыяльнай абароне.

Яшчэ адно актуальнае пытанне, якое разглядалася на пасяджэнні, – пустуючыя будынкі, якія не толькі не паляпшаюць знешні выгляд населенага пункта, але і становяцца небяспечнымі месцамі ва ўсіх адносінах. Па-першае, яны знаходзяцца ў аварыйным становішчы і ўяўляюць небяспеку для любога чалавека, які заходзіць сюды. Па-другое, супрацьпраўныя ўчынкі неаднаразова здзяйсняліся менавіта ў закінутых будынках.

Сёння для таго, каб дабіцца станоўчых вынікаў у пытанні сямейнай неблаганадзейнасці, неабходна назіраць і працаваць не толькі з тымі сем’ямі, якія ўжо атрымалі статус неблаганадзейных. Часам атрымліваецца так, што інфармацыя аб небяспечным становішчы сям’і даходзіць да неабходных службаў вельмі позна: усе бачылі і ведалі, але спадзяваліся, што сям’я стане на правільны шлях самастойна. Толькі пасля таго, калі здараецца бяда, становіцца зразумелым, што не ўбачылі і недаглядзелі. Жудаснымі прыкладамі сталі трагедыі ў г.п. Воранава і г. Слоніме, калі своечасова не былі заўважаны псіхічныя праблемы падлеткаў, якія з лёгкасцю пазбавілі жыцця самых родных людзей. Таму на каардынацыйным савеце прагучаў заклік: не маўчаць, не быць раўнадушнымі, не выгарожваць тыя сем’і, у якіх ад згубных звычак бацькоў пакутуюць дзеці.

Аксана ЯНУШ.

Добавить комментарий