Школьница из Корелич Юлиана Сучко занимается научной деятельностью в сфере истории

НАВУКОВАЯ РАБОТА
ВУЧАНІЦЫ 10 КЛАСА
СШ № 2 ЮЛІЯНЫ СУЧКО
Карэліцкі край мае багатае гістарычнае мінулае. Не абыходзілі яго бокам ні гістарычныя падзеі, ні вядомыя асобы. Багатая гісторыя развіцця непаўторнага і самабытнага краю пісалася не адным пакаленнем яго жыхароў.
Актуальнасць даследавання гісторыі Карэліцкага раёна ў 1965-1970 гг. абумоўлена тым, што дадзеныя падзеі комплексна не разгледжаны ў навуковай літаратуры. Найбольшую колькасць даследчыкаў цікавяць толькі асобныя моманты: гаспадарчае развіццё калектыўных гаспадарак, біяграфіі Герояў Сацыялістычнай працы. Іншыя бакі жыцця дадзенага населенага пункта ў навуковай літаратуры асветлены фрагментарна.
Улічваючы актуальнасць і ступень вывучанасці дадзенай тэмы, была пастаўлена наступная мэта работы: вывучэнне асноўных тэндэнцый і асаблівасцей развіцця Карэліцкага краю ў 1965-1970 гг. Дзеля дасягнення вышэй адзначанай мэты намі былі пастаўлены наступныя задачы: прааналізаваць асноўныя тэндэнцыі эканамічнага развіцця Карэліччыны за перыяд 1965-1970 гадоў; раскрыць асаблівасці грамадска-палітычнага жыцця Карэліцкага раёна ў вывучаемы перыяд.
Падчас нашага даследавання мы паставілі наступную гіпотэзу: даказаць станоўчую дынаміку сацыяльна-эканамічнага жыцця Карэліцкага раёна за перыяд 1965-1970 гг. ва ўмовах актыўнага і свядомага ўдзелу насельніцтва ў грамадска-палітычным жыцці пры адсутнасці дэмакратычных пераўтварэнняў у грамадстве.
Пры напісанні працы аналізавалі статыстычны матэрыял перыядычнага друку фондаў ДУК “Карэліцкая раённая бібліятэка”, працавалі з выставачнымі фондамі ДУК “Карэліцкі раённы краязнаўчы музей”. Аналізуючы змест мясцовай газеты “Полымя”, намі былі зроблены наступныя высновы. Эканамічны стан Карэліцкага краю на перыяд 1965-1970 гг. цалкам залежыў ад узроўня развіцця сельскай гаспадаркі. Паказчыкі дынамікі сацыяльна-эканамічнага развіцця Карэліцкага раёна за перыяд 1965-1970 гг. станоўчыя.
Так, параўнанне гадавых статыстычных дадзеных паказала паступальны рост ураджайнасці збожжавых культур: 1965 г. — 18 цэнтнераў з гектара, 1970 г. — 38,5 цэнтнераў з гектара; тэхнічных культур: цукровых буракоў 1965 г. — 230 цэнтнера з гектара, 1970 г. — 430 цэнтнераў з гектара; бульбы: 1965 г. — 134 цэнтнеры з гектара, 1969 г. — 196 цэнтнераў з гектара.
Асноўная частка газетных артыкулаў належыць тэме вырошчвання льну і яго вытворчасці. Чаму? Апрацоўка трасты і продаж валакна дзяржаве — першасная задача льнозавода нашага раёна. Дзясяткі звенняў рэалізавалі сваю прадукцыю высокай якасці. Асабліва вызначыліся звенні Евы Карачан і Надзеі Трускоўскай, Вольгі Калошы і Яўгеніі Юшко, якія атрымалі званні Герояў Сацыялістычнай працы.
Назіраецца паступальны рост у эканоміцы раёна. Якая ж прычына? Адказ просты: артыкулы журналіста Аляксандра Смаля паведамляюць аб новаўвядзеннях: тэхніка стала рашаючай сілай у развіцці сельскагаспадарчай вытворчасці, пачалася хімізацыя і меліярацыя палеткаў, што спрыяла росту ўраджайнасці.
Паказчыкі ўсё вышэй — і матэрыяльны стан насельніцтва становіцца больш важкім: перш за ўсе, закупачныя цэны на сельгаспрадукцыю павялічыліся ў 1,5-2 разы; у калгасах устаноўлены сярэдні рабочы дзень — 7 гадзін, паскоранымі тэмпамі праходзіла будаўніцтва. Аднак адной з самых прыемных навін для жыхароў нашай мясцовасці ў разглядаемы перыяд было ўвядзенне пенсійнай сістэмы забеспячэння калгаснікаў. Усяго ў раёне атрымалі пенсіі 8 111 чалавек, што склала 92 000 рублёў.
Вучэбны дапаможнік па гісторыі Беларусі 11 класа паведамляе, што перыяд 1965-1970 гг. характарызаваўся, з аднаго боку, дастаткова актыўным і свядомым удзелам насельніцва нашай краіны ў грамадскім жыцці, а з другога – поўным кантролем Камуністычнай партыі над жыццём грамадства, што абумоўлівала пэўную абмежаванасць.
Газетныя радкі мясцовай газеты “Полымя” цалкам пацвярджаюць гэты факт: перш за ўсё, безальтэрнатыўныя выбары. Артыкул Васіля Бурцава “Усе — на выбары” паведамляе: адзіным кандыдатам для галасавання на пасаду народнага суддзі быў абраны член Камуністычнай партыі Новік Міхаіл Іванавіч. Па-другое, у другой палове 1960-х гг. у БССР цалкам захавалася савецкая грамадска-палітычная сістэма, якая вызначалася існаваннем толькі адной Камуністычнай партыі. У рады камуністаў уступалі толькі лепшыя людзі раёна, перадавікі калгаснай вытворчасці. Шырокай папулярнасцю карысталіся таварыскія суды.
Што ж моладзь? Вялікая роля ў выхаванні моладзі вывучаемага перыяду належыла адзінай арганізацыі — камсамолу. У сістэме адукацыі мясцовых палітшкол асновы марксізму-ленінізму засвоілі 778 юнакоў і дзяўчат.
На фарміраванне светапогляду моладзі Карэліцкага раёна 1960-х гадоў уплывалі не сацыяльныя сеткі, звыклыя для нас, а кіно. З табліцы “На экранах сельскіх клубаў” вынікае, што найбольш падабаліся жыхарам Карэліччыны фільмы аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны, камедыі, дзіцячыя прыгодніцкія фільмы і казкі.
Неабыякава ставілася насельніцтва Карэліцкага раёна і да падзей на міжнароднай арэне. Мясцовыя актывісты-камсамольцы праводзілі мітынгі і дэманстрацыі ў знак салідарнасці з в’етнамскім народам.
Такім чынам, пастаўленая гіпотэза падчас даследавання цалкам мае пацверджанне. Яўны рост у эканоміцы, актыўнасць насельніцтва, аднак фармальныя прыкметы дэмакратычнага грамадства.

Добавить комментарий