Дети и молодежь Кореличчины участвуют в акции «Черный тюльпан»

Войны праносяцца па зямлі, руйнуць лёсы мільёнаў, нам застаецца толькі памяць. Праз дзесяцігоддзі мы нясём да манументаў і на магілы герояў кветкі. Сёлета 15 лютага на мітынгу на мемарыяльным комплексе “Зорка” карэліччане ўскладуць да помніка воінам-інтэрнацыяналістам чорныя цюльпаны як сімвал памяці аб загінулых салдатах і знак пашаны ветэранам афганскай вайны.

Патрыятычная акцыя “Чорны цюльпан” аб’яднае жыхароў Карэліцкага раёна рознага ўзросту. Самымі актыўнымі яе ўдзельнікамі стануць дзеці і моладзь. Сёння яны растуць пад мірным небам, але, дзякуючы расказам старэйшага пакалення, ведаюць кошт спакойнаму жыццю.

Таму майстар-клас на базе Карэліцкай дзіцячай бібліятэкі прадстаўнікі раённага Дома рамёстваў Юлія Баярэнка і Валянціна Бразоўская спалучылі з аповедам пра мужнасць і гераізм воінаў-інтэрнацыяналістаў. Гісторыі тых няпростых часоў знайшлі шчыры водклік у вучняў 4-8 класаў сярэдняй школы №2 райцэнтра . Дзеці не проста зрабілі ў тэхніцы арыгамі цюльпаны з чорнай паперы, а ўклалі ў кожную кветку асаблівы сэнс непарыўнай сувязі пакаленняў.

Далучылася да майстар-класа і дырэктар раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці Наталля Гароднік, якая расказала прысутным пра мерапрыемствы, прымеркаваныя да Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў: “Упершыню ў Карэліцкім раёне праходзіць патрыятычная акцыя “Чорны цюльпан”. Рукамі падрастаючага пакалення будуць зроблены дзясяткі кветак да мітынгу, які адбудзецца 15 лютага ў мемарыяльным комплексе “Зорка”. Пасля ўскладання да помніка чорных цюльпанаў прысутныя выпусцяць у неба блакітныя паветраныяшары з прымацаванымі да іх папяровымі жураўлікамі. Мы спадзяёмся, што гэтыя сімвалы назаўжды застануцца ў сэрцах дзяцей і моладзі, каб яны лепш разумелі гісторыю роднай зямлі і ведалі яе герояў”.

Таксама да майстар-класа супрацоўнікі бібліятэкі падрыхтавалі тэматычную выставу кніг, якія дапамаглі дзецям глыбей успрыняць матэрыял і значнасць падзеі.

Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара і з адкрытых інтэрнэт-крыніц