Доска почета Кореличчины. Наталья Куприенко о женском искусстве быть счастливой

Сацыяльныя ролі жанчыны на працягу яе жыцця розныя. Але ролі, якія яна выконвае ў сям’і, лічацца самымі важнымі: дачка, жонка, мама, бабуля… Зрэшты, гэта не перашкаджае многім займаць адказныя пасады і паспяхова сумяшчаць кар’еру і сям’ю. Загадчык дзяржаўнай установы адукацыі “Яслі-сад г.п. Мір” Наталля Мікалаеўна Купрыенка – яскравы таму прыклад, якім можна ганарыцца, бо з нядаўняга часу партрэт жанчыны ўпрыгожвае раённую Дошку пашаны. Аб любімым і нелюбімым у сваёй працы, аб шчасці і сакрэце поспеху жанчына расказала і карэспандэнту “Полымя”.

? – Наталля Мікалаеўна, як Вы прыйшлі ў прафесію?

– Не паверыце, але яшчэ ў школе я марыла звязаць сваё жыццё з настаўніцкай дзейнасцю. Больш за ўсё хацелася працаваць менавіта з пачатковымі класамі, з маленькімі хлопчыкамі і дзяўчынкамі. Адбывалася гэта пераважна пад уплывам чалавека, які быў для мяне сапраўдным прыкладам, – Надзеі Анатольеўны Акімінай. Гледзячы на яе, я бачыла прафесіянала, які аддаваў працы кожную частачку сваёй душы, буквальна днём і ноччу жыў сваёй справай. Потым мой асабісты свет папоўніўся яшчэ адным выдатным чалавекам – Таццянай Ільінічнай Шаплыка, якая толькі ўзмацніла маё жаданне авалодаць гэтай высакароднай прафесіяй.

? – Што ў Вашай працы самае прыемнае, а што выклікае больш за ўсё цяжкасцей?

– Самае складанае – гэта праца з дакументамі. Але, нягледзячы на тое, што яна займае вельмі шмат часу, усе мы разумеем, што гэта неабходныя рэчы ў працы кіраўніка. А вось самае прыемнае – гэта, канешне, дзеці. Ведаеце, вось прыходзіш у групу, глядзіш на іх – і так хораша становіцца. Цёпла. Утульна. Іх шчырыя і непасрэдныя эмоцыі так моцна натхняюць на працу, што хочацца бегчы і рабіць яшчэ больш дзеля іх шчаслівых усмешак…

? – Ці дазваляе Ваша прафесія раскрыць творчыя здольнасці, праявіць сябе?

– А як жа! У нашым арсенале надзвычай вялікая колькасць мерапрыемстваў, дзе можна праявіць свой талент. Усё, што адбываецца ў садку, не праходзіць без майго ўдзелу: ад упрыгожвання інтэр’еру да шматлікіх конкурсаў, якія ладзяцца для нашых дзетак. Але я заўсёды імкнуся ўлічваць меркаванні сваіх калег, глядзець на справу з розных бакоў, каб у выніку ўсё атрымалася як мага лепш. Дарэчы, вельмі часта мне даводзіцца танчыць і чытаць вершы, таму магчымасцей для самарэалізацыі ў мяне хапае (усміхаецца).

? – Ці дапамагае кар’ера ў выхаванні Вашага дзіцяці?

– Зараз не, бо маёй дачцы ўжо дзевятнаццаць. Раней, вядома, педагагічная адукацыя рабіла значны ўнёсак у яе выхаванне. Розныя методыкі і тэхнікі камунікацыі дазвалялі нам знаходзіць агульную мову. Спачатку я выпрабоўвала іх на працы, а потым ужывала і дома, таму гэта было важкім плюсам. Але паколькі дачка вырасла, цяпер застаецца толькі чакаць унукаў (усміхаецца).

? – Чым любіце займацца ў вольны час?

– Вязаць. Памятаю, як у дзяцінстве гэта рабіла бабуля, а з цягам часу навучыла і мяне. Не магу сказаць, што валодаю гэтай справай “на выдатна”, але якія-небудзь элементарныя рэчы звязаць магу. Напрыклад, шкарпэткі, шалікі, цацкі… Галоўнае – прыдумаць нешта такое, што мяне зачэпіць, і тады можна быць упэўненай: выраб атрымаецца цікавым і арыгінальным. Яшчэ ў вольны час я люблю займацца танцавальнай аэробікай, плаваннем і асабліва – звычайнай хадой. Ведаеце, у жыццёвай мітусні мы часам не заўважаем простыя рэчы – шапаценне лісця, пах кветак або такі родны блакіт неба… Але так важна прыпыніцца на хвіліну і адчуць, як дыхае прырода, як пасля зімняй спячкі прачынаешся ты сам. Бо, па сутнасці, гэта і ёсць жыццё.

? – Наталля Мікалаеўна, хто ў Вашым разуменні паспяховая жанчына? Ці лічыце Вы сябе такой?

– На мой погляд, паспяховая жанчына тая, якая можа назваць сябе па-сапраўдаму шчаслівай. Пры гэтым зусім не абавязкова займаць высокую пасаду і зарабляць мільёны, не. Вядома, імкнуцца да чагосьці – добра. Я сама цудоўна ведаю напрамкі, у якіх мне трэба рухацца, каб зрабіць сваю працу яшчэ больш якаснай. Але я лічу, што трэба гаварыць “дзякуй” ужо за тое, што ў цябе ёсць. А ў мяне насамрэч ёсць усё, таму мой поспех заключаецца ў кожным дні, у якім я знаходжу сваё асабістае шчасце.

Вікторыя КАСЦЮК
Фота аўтара