Кореличчане рассказывают о том, кто такой работник культуры

?? Паліна ЛАЖКО,
вучаніца 5 “Б” класа сярэдняй школы № 1 райцэнтра:

– Часам здаецца, што быць работнікам культуры – гэта толькі спяваць і танцаваць. Што можа быць прасцей? На самой справе гэта праца не з лёгкіх. Мала таго, што трэба добра ўмець і танцаваць, і спяваць, не менш важна быць прывабным, добра глядзецца на сцэне і кантактаваць са сваімі гледачамі. Вядома, яшчэ трэба быць чалавекам адважным, таму што выйсці не сцэну бывае няпроста. Часам баішся або хвалюешся, думаеш, як добра было б цяпер апынуцца дома, але бярэш волю ў кулак, выходзіш з-за кулісаў і дорыш гасцям свята. Гэта сапраўдная праява смеласці. На канцэрты, якія праходзяць на Карэліччыне, заўсёды прыемна прыходзіць. Мы ведаем: тут не ўбачым на сцэне чалавека, які глядзіць у падлогу і нешта бубніць сабе пад нос. Нашы работнікі культуры заўсёды падораць нам і сабе добры настрой.

?? Юрый ШАЎЧЭНКА,
жыхар г. п. Карэлічы:

– Тое, што работнікі культуры павінны валодаць добрымі навыкамі ў вакале і харэаграфіі, і так зразумела. Але важна іншае. Часта можна сустрэць удзельнікаў хору, ансамбля ці групы, якія не бачаць нічога далей свайго рэпертуару. Выйшаў на сцэну, праспяваў, станцаваў, а што потым, калі выступленне закончана? Вельмі важна, каб чалавек з’яўляўся артыстам і ў душы, сам хацеў развівацца, ішоў крок у крок з сучаснымі тэндэнцыямі. Калі прыходзіш на канцэрты і пастаянна чуеш адно і тое ж, ці захочаш прыйсці на наступны? А калі выканаўца развіваецца, падбірае правільны рэпертуар, паважае гледачоў, захочаш убачыць яго зноў, будзеш чакаць новае выступленне, новы канцэрт.

?? Марыя ШЫШ,
пенсіянерка:

– Якім павінен быць культработнік? Душэўным. Работнік культуры – гэта прызванне. Просты чалавек зможа выйсці на сцэну, але запаліць публіку і пакінуць след у іх сэрцах – наўрад ці. Тут асаблівы талент патрэбен і, вядома, уменне спяваць, танцаваць, гаварыць. У нашым раёне я стараюся не прапусціць ніводнага канцэрта, таму што на Карэліччыне працуюць сапраўдныя таленты, работнікі культуры па прызванні. Я знаходжуся ў тым узросце, калі хочацца адпачыць душой. І я з гонарам магу сказаць, што на нашых канцэртах я гэта магу зрабіць.

Падрыхтавала Лізавета МУЦІЛОВІЧ