К дезинфекции подъездов приступили работники Кореличского РУП ЖКХ

Па ўсёй краіне, у тым ліку на Карэліччыне, узмацняюцца меры па прафілактыцы вірусных захворванняў. На бягучым тыдні да агульных намаганняў у процідзеянні інфекцыям далучыліся работнікі Карэліцкага РУП ЖКГ.

Да дэзінфекцыі пад’ездаў шматкватэрных дамоў карэліцкія камунальнікі прыступілі ў пачатку тыдня. Работнікі РУП ЖКГ з дапамогай пульверызатараў апрацоўваюць лесвіцы і лесвічныя пляцоўкі, паштовыя скрыні і ўваходныя дзвярныя блокі, а таксама парэнчы, да якіх часцей за ўсё дакранаюцца жыхары дамоў.

– Для дэзінфекцыі пад’ездаў выкарыстоўваем 4-працэнтны раствор гіпахларыту, які вырабляем самастойна, – расказвае дырэктар Карэліцкага РУП ЖКГ Аляксандр Рудак. – Прэпарат абсалютна бясшкодны для здароўя людзей. Таму жыхары дамоў могуць не хвалявацца. Такія меры неабходны для прафілактыкі вірусных захворванняў.

З пачатку тыдня камунальнікі ўжо правялі дэзінфекцыю ўсіх 204 пад’ездаў у г.п. Карэлічы. На наступным тыдні згодна з графікам работнікі ЖКГ правядуць паўторную апрацоўку шматкватэрных дамоў.

Аксана ЯНУШ
Фота аўтара