Накануне Международного дня музеев директор замкового комплекса «Мир» Александр Лойко делится мыслями о работе во время пандемии, интересных открытиях и музее будущего

18 мая ўвесь свет аб’ядноўвае Міжнародны дзень музеяў, задача якога — прыцягнуць увагу грамадскасці да значэння і ролі музеяў у жыцці асобнага чалавека і ўсяго грамадства. Напярэдадні святочнай даты журналіст “Полымя” гутарыць з дырэктарам установы “Замкавы комплекс “Мір” Аляксандрам Лойкам пра пандэмію, цікавыя адкрыцці і музей будучага.

— Аляксандр Часлававіч, не магу не спытаць, як Мірскі замак жыве ва ўмовах пандэміі? Якія формы работы з аматарамі музейнай культуры вы выбралі?

— За сваю амаль пяцісотгадовую гісторыю Мірскі замак быў сведкам розных пандэмій, асабліва ў XVII-XVIII стагоддзях, і на вялікі жаль, у навейшую гісторыю гэтага аб’екта будзе ўпісана старонка, звязаная з пандэміяй COVID-19. Але музей працуе ў штатным парадку і кожны дзень прымае наведвальнікаў, але, безумоўна, не ў тых маштабах, як у папярэднія гады. У гэты складаны час усе музейныя ўстановы, і не толькі Беларусі, пераарыентавалі свае намаганні па ўзаемадзеянні з наведвальнікамі ў інтэрнэт-прастору. Не выключэнне і наш музей, які таксама павінен быў адаптавацца да новых умоў, якія выкліканы часам. На сайце і афіцыйных старонках музея ў сацыяльных сетках: Facebook, Вконтакте, Telegram, Instagram музей прадстаўляе віртуальныя экскурсіі па існуючых выстаўках, асобных музейных прадметах і калекцыях і інш.

У такім жа online фармаце мы запланавалі нашу акцыю, прымеркаваную да Міжнароднага дня музеяў, які адзначаецца ва ўсім свеце 18 мая. У гэтым годзе музей адзначае 20-годдзе ўключэння Замкавага комплексу “Мір” у Спіс Сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны ЮНЕСКА, і менавіта на гэтай даце мы акцэнтуем увагу нашых віртуальных наведвальнікаў падчас акцыі, якую мы назвалі “20MIR20”.

Спадзяёмся, што ў бліжэйшы час эпідэміялагічная сітуацыя выправіцца і наша музейная ўстанова будзе прымаць тысячы новых наведвальнікаў.

— Раскажыце, якімі поспехамі і дасягненнямі азнаменаваны мінулы год.

— Мінулы год для музея быў даволі плённым. Мы прынялі 330 тысяч наведвальнікаў, і такая колькасць чалавек назіралася ўпершыню з перыяду заснавання інстытуцыі. У пачатку мая 2019 года толькі за адзін дзень працы мы прынялі каля 7 тысяч чалавек.

Актыўна ішоў працэс папаўнення музейных калекцый. Калекцыя дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва папоўнілася дзвюма еўрапейскімі шпалерамі другой паловы XVII стагоддзя. Такім чынам сёння музей валодае самай буйной калекцыяй шпалер у краіне, што працягваюць культурныя традыцыі бязворсавых дываноў Карэліцкай мануфактуры Радзівілаў.

Музеем былі праведзены дзве навукова-практычныя канферэнцыі: “Мір на скрыжаванні нацыянальных культур: мінулае і сучаснасць”, прымеркаваная да 585-годдзя з першага пісьмовага згадвання паселішча, і сумесна з Нацыянальным мастацкім музеем Рэспублікі Беларусь міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Рэстаўрацыя гісторыка-культурных каштоўнасцяў: сучасны стан і перспектывы развіцця”. Наш музей падрыхтаваў і выдаў грунтоўны зборнік матэрыялаў гэтай канферэнцыі, прэзентацыя якога адбылася ў сценах Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.

На нацыянальным заканадаўчым узроўні музей зарэгістраваў культурны праект “Захаванне, адаптацыя культуры і спадчыны для культурных, адукацыйных і турыстычных мэтаў” праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва “Латвія-Літва-Беларусь” на 2014-2020 гады, які будзе рэалізоўвацца ў 2020-2021 гадах сумесна з адміністрацыяй Павільняйскага і Веркяйскага рэгіянальных паркаў. Па трансгранічнаму гранту музею будзе пералічана сума ў 117 тысяч еўра.

— Ці былі ў вашай рабоце цікавыя адкрыцці?

— У музейнай рабоце амаль кожны дзень бываюць новыя адкрыцці ці знаёмствы з цікавымі, творчымі асобамі, і менавіта гэта адметнасць, як мне падаецца, вылучае музейныя інстытуцыі сярод іншых устаноў культуры. Тут я маю на ўвазе і новыя паступленні ў фонд і іх атрыбуцыю, і новыя факты пра палац князёў Святаполк-Мірскіх, якія дзякуючы кантактам нашых супрацоўнікаў мы атрымоўваем з ЗША і г.д.

У лістападзе 2019 года ўпершыню давялося прыняць удзел у 22-й сесіі Генеральнай асамблеі дзяржаў-бакоў Канвенцыі аб ахове Сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны ЮНЕСКА, якая праходзіла ў Штаб-кватэры ЮНЕСКА ў Парыжы.

Там абмяркоўваліся пытанні, якія тычацца будучага Канвенцыі ў рамках рэалізацыі Стратэгічнага плана дзеянняў на 2012-2022 гг., і акрэслены новыя падыходы да сусветнай спадчыны ў кантэксце ўстойлівага развіцця. Гэты вопыт дазваляе выпрацоўваць свае накірункі ў эфектыўным кіраванні аб’ектам Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

— Што ў музеі робяць для прыцягнення наведвальнікаў?

— Уся работа музея ў канчатковым выніку скіравана на прыцягненне наведвальнікаў: ад гаспадарчай работы да работы па асноўных накірунках – ад належнага падтрымання стану тэрыторыі комплексу да папаўнення фондаў, правядзення акцый і мерапрыемстваў.

Можна згадаць, напрыклад, пра адкрыты конкурс на стварэнне макета новага музейнага ўваходнага квітка, які мы праводзілі на пачатку 2019 года. Конкурс прайшоў у два этапы, і на сёння кожны з нашых наведвальнікаў атрымоўвае арыгінальны флаер, які будзе цудоўным напамінам пра наведванне нашага музея.

Супрацоўнікі музея ўдзельнічалі ў кніжных выставах-кірмашах (Мінск, Вільнюс, Масква), міжнародных навукова-практычных канферэнцыях і семінарах не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі (Украіна, Расія).

— Што плануе калектыў музейнага комплексу “Замкавы комплекс “Мір” у бліжэйшы перыяд?

— Працягваецца планамерная работа па падрыхтоўцы неабходнай дакументацыі для рэалізацыі трансгранічнага гранта, рыхтуюцца да выдання дзве кнігі: кніга-альбом у выдавецтве «Беларусь», якую мы прымеркавалі да 20-годдзя ўключэння аб’екта ў Спіс Сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны ЮНЕСКА, і гістарычная калектыўная манаграфія пра княгіню Ганну Кацярыну з Сангушкаў Радзівіл, пры якой Мірскі замак фактычна атрымаў другое жыццё на пачатку XVIII стагоддзя.
Таксама ў гэтым годзе плануем пачатак будаўніцтва летняй кавярні на тэрыторыі існуючага вадаскіду (штучнай дамбы).

Заканчваецца падрыхтоўка праекта па аднаўленні “Італьянскага парку”, актыўна займаемся пошукамі гістарычных крыніц для будучага аднаўлення палаца князёў Святаполк-Мірскіх.

— Аляксандр Часлававіч, па-Вашаму, для чаго чалавек ідзе ў музей?

— Кожны чалавек, які плануе наведаць музей, перад сабой ставіць нейкія мэты і гэтыя мэты розныя. Але якія б яны не былі, на маю думку, для любога чалавека гэта найперш атрыманне станоўчых эмоцый.

— Які ён — музей будучага?

— Сучасны музей даўно перастаў быць толькі сховішчам артэфактаў, і музей цяперашні і будучы павінен быць камфортным для любых катэгорый наведвальнікаў. Музеі імкнуцца стаць інтэрактыўнымі культурнымі цэнтрамі, і музей, які размешчаны ў сценах Мірскага замка, для сябе бачыць менавіта такую місію.

Іна ЛЕЙКА
Фота з архіва рэдакцыі і замкавага комплекса «Мір»