7 июня — День мелиоратора. Как в Кореличском районе на когда-то заболоченных землях работают сельхозпредприятия и фермеры

Сёння на нашым стале ў дастатку самых розных прадуктаў харчавання, вырашчаных на родных палетках. Па вялікім рахунку гэта стала магчыма за кошт амаль 16 тысяч гектараў меліярыраваных зямель, якія ў 1960-х гадах на Карэліччыне былі вызвалены з балотнага палону.

Вёска Юравічы Жухавіцкага сельсавета. На самай мяжы Гродзенскай і Брэсцкай абласцей. Начальнік Карэліцкага ўчастка Дзятлаўскага прадпрыемства меліярацыйных сістэм Васілій Баўдзей назірае за тым, як экскаватар і бульдозер убіраюць дрэўцы і кустоўе, што засталіся пасля нядаўніх меліярацыйных работ.

— Меліяратары пасля сябе пакідаюць выкарчаванае кустоўе. Але гэта ні ў якім разе не смецце, а ў будучым рэальнае ўгнаенне. Літаральна праз тры гады ўся гэтая маса ператворыцца ў кампост, — гаворыць Васілій Аляксандравіч.

Меліярацыя ў Карэліцкім раёне пачалася ў сярэдзіне 1960-х гадоў. Тыя землі, якія ўдалося асушыць, а гэта амаль 30% усіх сельскагаспадарчых угоддзяў раёна, увялі ў гаспадарчы абарот. Але з цягам часу прырода забірае сваё, і меліярацыйныя землі пачынаюць зарастаць і забалочвацца.

— Кожныя 10-12 гадоў каналы трэба чысціць ад глею, лішняй расліннасці, араць і дыскаваць плошчы, — тлумачыць Васілій Баўдзей. — Працяглы час на тэрыторыі Карэліччыны працавалі меліяратары з Навагрудка, Зэльвы і Дзятлава, а ў 2011 годзе быў створаны Карэліцкі меліярацыйны ўчастак. Цяпер у нас працуе 15 чалавек, усе мясцовыя, ёсць свой парк тэхнікі: 3 экскаватара, бульдозер, 4 калёсных трактара для абкоскі.

Экскаватаршчык Аляксандр Хіневіч да меліяратарскіх цяжкасцей ужо прывык. За амаль 10 гадоў работы да дробязяў засвоіў усю тэхналогію. Можа амаль што з заплюшчанымі вачыма прафесійна кіраваць сваім экскаватарам, увогуле з тэхнікай на “ты”.

— Я сваю работу вельмі люблю, — кажа ён, — адзін у полі — і такая прыгажосць! Я сам мясцовы, нарадзіўся і вырас у вёсцы Уша. Падабаюцца цішыня і спакой. Нават балоты нашыя люблю, з якімі часам прыходзіцца ваяваць. Так што мы крыху як тыя мележаўскія героі — людзі на балоце.

Сёння ў Карэліцкім раёне новыя плошчы пад меліярацыю не займаюць, а праводзяць догляд за ўжо асушанымі. Гаспадарка, пра якую клапоцяцца карэліцкія меліяратары, значная. Гэта 1020 кіламетраў меліярацыйных каналаў, 8 мастоў-пераездаў, 58 шлюзаў-рэгулятараў, 6 вадаёмаў для водарэгулявання. І планы на бягучы і наступны гады маштабныя: выканаць рэканструкцыю меліярацыйных сістэм на 354 гектарах. За 4 месяцы бягучага года Дзятлаўскім прадпрыемствам меліярацыйных сістэм, у склад якога ўваходзіць і Карэліцкі ўчастак, асвоена 1 млрд 395 тысяч рублёў, ці 139,5% да ўзроўню мінулага года.

Патрабаванне Кіраўніка дзяржавы аб тым, што кожны гектар, прыдатны для выкарыстання, трэба ўвесці ў абарот, Васілій Баўдзей лічыць надзвычай справядлівым.

Толькі 16 тысяч гектараў асушаных зямель (30% усіх сельскагаспадарчых угоддзяў раёна) выкарыстоўваюцца ў Карэліцкім раёне, а ў Беларусі — каля трох мільёнаў гектараў! Гэта добры давесак да харчовай карзіны раёна і краіны.

Раённымі лідарамі па выкарыстанню некалі забалочаных земляў з’яўляюцца рэнтабельныя сельгаспрадпрыемствы “Жухавічы” і “Маяк-Заполле”, на ўзбраенні якіх па 2 тысячы гектараў такіх угоддзяў, або 24,9% і 31,8% адпаведна. Напрыклад, у Жухавічах сярэдняя ўраджайнасць зерневых складае 64 цэнтнеры з гектара, у Маяку — 70,8. На сваіх землях жухавіцкія аграрыі трымаюць 9,5 тысячы галоў буйной рагатай жывёлы, з іх больш за 1,5 тысячы дойнага статку. Штогод прадаюць каля 12,5 тон малака і 2,5 тоны мяса. Не адстаюць і маякоўцы: амаль 4 тысячы галоў БРЖ, з іх дойнае пагалоўе складае амаль 1,5 тысячы. Штогадовая рэалізацыя малака — больш за 10 тысяч тон і больш за 3 тысячы тон мяса.

Але ў барацьбе за кожны ўрадлівы кавалак зямлі не трэба забываць пра прыроду, падкрэслівае Васілій Баўдзей. Напрыклад, калі на ўчастку плануемых работ пасяліліся бабры, меліяратары іх не трывожаць. На дапамогу прыходзяць сябры раённага таварыства паляўнічых і рыбаловаў і адсяляюць жывёлін.

Высока ацэньвае перавагі асушаных зямель і кіраўнік фермерскай гаспадаркі “Базавлук” з Юравіч Канстанцін Вязнюк. Два гады таму Канстанцін вырашыў з’ехаць з шумнай сталіцы і заняцца авечкагадоўляй. Пачынаў з 1,5 гектараў некалі затопленых земляў. Сёння фермерскія плошчы раскінуліся на 100 гектарах, з якіх 60% некалі былі забалочаныя.

— 25% угоддзяў займае паша, якая засяваецца травой для пагалоўя, на 50% растуць зерне, кукуруза і бульба, астатняе — гэта сенакосы, травы з якіх пойдуць на зімовае сталаванне атары, у якой сёння 100 галоў, — расказвае Канстанцін.

Якасць асушаных земляў новаспечаны фермер ацэньвае высока. Пасля меліярацыі зямля не злежаная, яна лёгка “дыхае”, і пры гаспадарчым падыходзе аддача не прымусіць сябе доўга чакаць. Канстанцін гаворыць, што дзякуючы дажджам і якаснай апрацоўцы касавіца ў гэтым годзе павінна ўдацца на славу. Напрыклад, у мінулым годзе травы парадавалі: фермер узяў па 80 цэнтнераў з гектара. Пры гэтым Канстанцін не забывае і пра беражлівыя адносіны да прыроды і працы меліяратараў. Падтрымлівае ў рабочым стане меліярацыйныя каналы, падчас палявых работ памятае парады прафесіяналаў. Ёсць на тэрыторыі гаспадаркі асаблівыя месцы — узлескі, куды авечкам уваход забаронены: там растуць такія лекавыя расліны, як зверабой і чабрэц.

— Гэта і прыгожа, і карысна. Уся мая сям’я з задавальненнем п’е гарбату з зёлак, — кажа Канстанцін. — У нас разумеюць, што да зямлі трэба ісці з паклонам, тады і яна да цябе з павагай і аддачай паставіцца.

Іна ЛЕЙКА
Фота аўтара