«Лучше в приюте, чем дома с мамой». В Кореличах состоялось заседание комиссии по делам несовершеннолетних


Камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама даводзіцца прымаць вельмі адказныя рашэнні: чарговае папярэджанне або адабранне дзяцей з сям’і, прызнанне іх маючымі патрэбу ў дзяржабароне, напраўленне дакументаў у суд для разгляду пытання аб пазбаўленні бацькоўскіх правоў. Заўсёды члены камісіі імкнуцца пайсці насустрач, калі бачаць, што людзі ўзяліся за розум. Але так адбываецца далёка не заўсёды. Часта бывае, што для бяспекі дзяцей іх трэба разлучыць з бацькамі, якія вядуць асацыяльны лад жыцця. 22 сакавіка адбылося чарговае пасяджэнне раённай камісіі па справах непаўналетніх. Да адказу былі закліканы бацькі з сем’яў, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.
«Лепш у прытулку, чым дома з мамай»
Менавіта гэтыя словы, ад якіх у любячай маці мароз па скуры, вымавілі двое родных братоў і сястра. Аднак нядбайную маці, напэўна, гэта ніколькі не кранае. У яе свае інтарэсы: алкаголь, мужчыны. Бурнае жыццё настолькі закруціла, што часу няма ні на ўборку, ні на прыгатаванне ежы. Непрыгожую карціну завяршаюць даўгі за камунальныя паслугі і дарагія смартфоны. Члены камісіі адзначаюць той факт, што паколькі жанчына — удава, то атрымлівае пенсію па страце карміцеля, а малодшае дзіця — бясплатнае трохразовае харчаванне ў дзіцячым садзе. Аднак шматдзетная маці не спяшаецца купіць дзецям адзенне па ўзросце і сезоне. Часцей яна зазірае ў краму за чарговай бутэлькай, каб распіць яе ў вясёлай кампаніі некалькіх аднавяскоўцаў.
Усе трое дзяцей зараз знаходзяцца ў сацыяльна-педагагічным цэнтры ў Палужжы, дзе пра іх клапоцяцца спецыялісты. Там дзеці накормленыя, спяць у чыстых ложках. Гора-маці цяпер з’яўляецца абавязанай асобай: яна на працягу шасці месяцаў будзе працаваць і вяртаць дзяржаве сродкі, выдаткаваныя на яе дзяцей. Акрамя таго, жанчына павінна завязаць з алкаголем, навесці парадак у доме і ў двары, разлічыцца з даўгамі. Калі гэтыя ўмовы будуць выкананыя, дзеці змогуць вярнуцца дадому.
Калі справа ў таце
Часта камісіі па справах непаўналетніх прыходзіцца сутыкацца з няпростай сітуацыяй, калі галава сям’і — алкаголік. Такія гора-бацькі як правіла нідзе не працуюць, але спіртное ўжываюць рэгулярна. Хмяльную ўдаль яны дэманструюць жонцы і дзецям, нярэдка выстаўляючы другую палову на вуліцу ў мароз. Так адбылося ў сям’і карэліччан пасля чарговай сямейнай сваркі.
— А калі ў наступны раз ён выставіць на вуліцу і Вас, і дзяцей? — непакоіцца старшыня камісіі Яўген Чычкан. — Куды вы пойдзеце з двума малымі?
Члены камісіі вырашаюць ўключыць сям’ю ў спіс сацыяльна небяспечных і кантраляваць: так і жанчыне будзе спакайней, і нядбайны муж адчуе, што закон на абароне маці і дзяцей.

Статыстыка

Па словах намесніка старшыні камісіі па справах непаўналетніх Вольгі Базар, у 2020 годзе спіс сацыяльна небяспечных папоўнілі 22 сям’і, у якіх выхоўваецца 34 дзіцяці, але гэта менш, чым у 2019 годзе на 9 сем’яў. На сённяшні дзень у раёне налічваецца 59 дзяцей з 34 сем’яў, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечных умовах.

На працягу 2021 года ў гора-бацькоў адабрана 6 дзяцей з трох сем’яў. Для параўнання ў 2019 годзе толькі  двое дзяцей з адной сям’і былі змешчаны ў прытулак,  але іх маці, нягледзячы на намаганні спецыялістаў  раёна,  пазбаўлена бацькоўскіх правоў.

Іна ЛЕЙКА
Фота з адкрытых інтэрнэт-крыніц