Михаил и Лидия Манкевич из Райцы 50 лет живут душа в душу

Як пражыць жыццё, каб не стаміцца, каб мець асалоду ад любімай справы, каб на схіле гадоў ізноў тварыць — адказ у кожнага свой. Як і сваё жыццё, поўнае надзей і знаходак, штодзённай руплівай працы і простага чалавечага шчасця. Яго нельга купіць ці пазычыць, даецца адзін раз, і трэба любіць і годна жыць.

Лідзія пасля заканчэння Мінскага медвучылішча № 1, дзе атрымала прафесію фельчара-лабаранта, працавала ў Райцаўскай туберкулёзнай бальніцы. Затым вырашыла прадоўжыць вучобу ў Белдзяржуніверсітэце на біялагічным факультэце. Так і стала настаўніцай біялогіі Райцаўскай сярэдняй школы.

«Я была вучаніцай Міхаіла Міхайлавіча»,— расказала пра знаёмства з будучым абраннікам, які аказаўся не толькі прафесіяналам сваёй справы, але і надзейнай апорай у жыцці. Напачатку працаваў настаўнікам фізкультуры ў Райцаўскай сярэдняй школе. Дванаццаць гадоў займаў пасаду дырэктара лагера «Вясёлка» і столькі ж гадоў узначальваў родную школу. Педагагічны стаж складае пяцьдзясят пяць гадоў.

— Я не магу сядзець без работы, — прызнаецца Міхаіл Міхайлавіч. — Трэба рухацца і займацца справай. Летам двор ператвараю ў спартыўную пляцоўку. Чаго там толькі няма: басейн, гарызантальны і вертыкальны канаты, тэнісны стол, трэнажор для раўнавагі, дзіцячая альтанка. Ёсць для каго старацца — пяць унукаў і два праўнукі.

У размову ўступае Лідзія Іванаўна і апавядае аб сваім хобі: яна вырошчвае расаду памідораў, перцаў, кветак, капусты. З восені нарыхтоўваюць насенне і зямлю, а зараз праграваюць, прарошчваюць, сеюць. Ужо ўзышлі першыя перцы, на падыходзе памідоры. Пачынаюць сеяць у скрынкі, затым пікіруюць, высаджваюць у цяпліцу (яна падаграваемая, плошча складае 50 квадратных метраў).

— Гэтай зеляніны хапае не толькі сабе, сябрам і родным, але і на продаж, — прызнаецца гаспадыня і дадае, што попытам карыстаюцца кветкі, памідоры, капуста. З гэтай нагоды стараецца вырошчваць лепшыя гатункі і выпісвае з магазіна «Дачнік» г. Пінска. Любімыя гатункі памідораў: «Яблынька Расіі», «Прыз», «Белы наліў», «Загадка», «Перамога», «Інжыр ружовы» і іншыя.

Як лічаць у сям’і Манкевіч, у аграгарадку Райца жыццё кіпіць, шмат дамоў узводзіцца. І што яшчэ для настаўнікаў на заслужаным адпачынку немалаважна: у гаспадарцы працуе нямала вучняў, якімі яны ганарацца. Сярод іх — брыгадзір вытворчай брыгады ў раслінаводстве вытворчага ўчастка № 1 Юрый Фурс, аграном Юрый Худніцкі, галоўны заатэхнік Віктар Саўко, а Віктар Маковік, у якога Міхаіл Міхайлавіч быў класным кіраўніком, узначальвае СВК «Маяк-Заполле». Шмат паштовак атрымліваюць настаўнікі ад сваіх вучняў з нагоды свят і юбілеяў, і гэта ўзнімае настрой.

З любоўю паведалі і пра дзяцей, якімі моцна ганарацца. Сын Дзмітрый працуе намеснікам дырэктара па экскурсійнай рабоце музея «Замкавы комплекс «Мір», а дачка Сняжана — старшым інспектарам у падатковай інспекцыі Цэнтральнага раёна г. Мінска. Яны сталі не толькі добрымі спецыялістамі сваёй справы, але клапатлівымі дзецьмі — наведваюць, тэлефануюць, прывозяць падарункі.

— У мінулым годзе мы адзначалі залатое вяселлле, — паведалі напрыканцы сустрэчы мае субяседнікі і дадалі, што яны да того ж і землякі: Лідзія Іванаўна з Крынак, а Міхаіл Міхайлавіч — з Беразаўца. Аказваецца, невыпадкова «Полымя» да іх наведалася, каб расказаць у творчым праекце «Землякі». Здароўя і дабра вам яшчэ на шмат гадоў!

Галіна СМАЛЯНКА
Фота Іны ЛЕЙКА