Бригадир СПК «Свитязянка-2003» Юрий Фурс: «Мой отец мечтал, чтобы я работал на земле, и эта мечта сбылась»

«Дзе нарадзіўся, там і згадзіўся» — народная прымаўка пра тых, хто знайшоў сваю справу ў родных мясцінах. Тут адчуваеш сябе камфортна, усё блізкае і роднае сэрцу, і любімая праца спорыцца.

— Я родам з вёскі Лагаватка, што ў шасці кіламетрах ад Райцы, — пачынае свой аповед брыгадзір вытворчай брыгады СВК «Свіцязянка-2003» Юрый Фурс. — Тут жыве мая мама Сцепаніда Канстанцінаўна. Яна ўсё жыццё працавала ў паляводстве, была звеннявой па лёне. Розныя работы выконвала — сена сушыла, буракі палола, лён паднімала. Разам з бацькам коней даглядалі, былі каняводамі ў мясцовым калгасе. Дома трымалі вялікую гаспадарку: дзвюх кароў, свіней, курэй, індзюкоў, авечак, і мы, дзеці, дапамагалі ім увіхацца па дому.

Для вясковага хлапчука праца была заўсёды ў радасць. Жыццё ў вёсцы паступова мянялася: на палі прыйшлі сучасныя машыны, тэхніка замяніла ручную працу. Усе гэтыя пераўтварэнні адбываліся на яго вачах, і гэта радавала.

Пасля заканчэння Райцаўскай сярэдняй школы Юрый прадоўжыў вучобу ў Навагрудскім сельскагаспадарчым тэхнікуме. Затым служыў у арміі. Вярнуўшыся дамоў, пачаў працаваць брыгадзірам у калгасе імя Гастэлы. Завочна закончыў Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут.

Увесь час Юрый Фурс працаваў на роднай зямлі ў агранамічнай службе. Спачатку быў брыгадзірам у адной вёсцы, потым кіраваў паляводамі з некалькіх вёсак. Павялічыліся і пасяўныя плошчы на вытворчых участках. Патрабавалася больш увагі, узрастала адказнасць, і хацелася атрымліваць добрыя паказчыкі ў працы.

За работай праходзілі гады, і Юрый пачаў задумвацца аб сваёй уласнай сям’і. Лёс і тут аказаўся літасцівы да юнака: на практыку ў гаспадарку прыехала маладая прыгожая дзяўчына, якая пазней стала абранніцай жыцця. Таццяна Вячаславаўна зараз працуе кіраўніком спраў Райцаўскага сельсавета. Разам выхавалі сына і дачку: Улад закончыў Акадэмію сувязі і служыць у пагранічных войсках г. Мінска, Юля — студэнтка Мінскага каледжа замежных моў.

— Лічу, што жыццё ўдалося,— гаворыць субяседнік.— Бацька хацеў, каб я працаваў на зямлі, і мара збылася. Больш таго, я працую ў перадавой гаспадарцы раёна, дзе паказчыкі заўсёды высокія: дабіваемся добрых намалотаў збожжавых культур і ўраджайнасці буракоў. Але гэтыя поспехі не былі б дасягнуты, каб не працалюбства працаўнікоў гаспадаркі і патрабавальнасць кіраўніка сельгаскааператыву Уладзіміра Арсенцьевіча Галавача. Удзячны таксама галоўнаму аграному Аляксандру Аляксандравічу Мяцеліцы, свайму памочніку Дзмітрыю Мікалаевічу Волку, усім механізатарам і спецыялістам, якія прымаюць удзел у пасяўной і ўборачнай кампаніях. Мы разам робім агульную справу на карысць роднай гаспадаркі і нашай дзяржавы, гэтым жа ўмацоўваем і дабрабыт сям’і.

Па працы і пашана: за дасягненне высокіх вынікаў у працоўнай дзейнасці партрэт брыгадзіра вытворчай брыгады ў раслінаводстве вытворчага ўчастка № 1 СВК «Свіцязянка-2003» Юрыя Георгіевіча Фурса занесены на раённую Дошку пашаны.

Галіна СМАЛЯНКА
Фота Іны ЛЕЙКА