Наш земляк Феофан Рабко освобождал Чехословакию, Венгрию, Восточную Пруссию

Дзень Перамогі — гэта самая памятная і ўрачыстая дата ў нашай гісторыі. Для ўсіх пакаленняў дзень Перамогі з’яўляецца асаблівым святам, у якім пераплецены адначасова ўрачыстасць і радасць, смутак і горыч страт.

Гады вайны сталі цяжкім выпрабаваннем і вялікай трагедыяй, якая забрала мільёны жыццяў. На фронце і ў тыле наш народ праявіў самаадданасць і мужнасць, масавы гераізм і патрыятызм. Такой стойкасці гісторыя не ведала. Не ведала яна і такой волі да перамогі, якая дасталася дарагой цаной.

На жаль, з кожным годам ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, якія вынеслі цяжар вайны на сваіх плячах, становіцца ўсё менш і менш.

Напярэдадні Дня Перамогі хочацца расказаць пра гвардыі радавога Рабко Феафана Уладзіміравіча з г.п. Карэлічы. Нарадзіўся ён 15 снежня 1926 г. у вёсцы Востухава. Да вайны працаваў у калгасе. На момант адпраўкі на фронт яму было няпоўных 18 гадоў. Ён быў прызваны ў рады Чырвонай Арміі ў дзень вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, 3 ліпеня 1944 года. Калі  ішоў на фронт, дома засталіся маці і  сястра Марыя.  Старэйшы брат Аркадзь сышоў на фронт у першыя гады вайны і загінуў.  Сястра памерла ў гады вайны.

Феафан Уладзіміравіч у гады вайны ваяваў у складзе 2-га Украінскага фронту, быў наводчыкам мінамёта. Наш зямляк вызваляў Чэхаславакію, Венгрыю. За час службы атрымаў ад Сталіна шмат падзяк за мужнасць і адвагу, праяўленыя пры вызваленні населеных пунктаў Усходняй Прусіі: Новы Замкі, Шураны, Врабле, якія былі моцнымі апорнымі пунктамі на Браціслаўскім накірунку.

Меў падзякі за авалодванне гарадамі і важнымі чыгуначнымі вузламі Малацкі і Брук, Брно (буйным прамысловым цэнтрам Чэхаславакіі), за авалодванне горадам Гадонін (Чэхаславакія) — важным вузлом дарог і моцным апорным пунктам на заходнім беразе ракі Морава, за фарсіраванне рэк Грон і Нітра.

Узнагароджаны за баявыя заслугі ордэнам Вялікай Айчыннай вайны 2-й ступені, медалямі «За ўзяцце Кёнігсберга», «За Перамогу над Германіяй», а таксама юбілейнымі.

Служыў Феафан Уладзіміравіч да 5 кастрычніка 1950 года. Прыйшоўшы са службы, пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Леанідай Пятроўнай. Яна таксама, як і ён, з вёскі Востухава. Адразу пасля вяселля жылі ў гэтай вёсцы. З цягам часу пабудавалі дом у Карэлічах і пераехалі туды. Выгадавалі двух сыноў — Аркадзя і Мікалая. Старэйшы сын Аркадзій жыве ў горадзе Ленінградзе, а Мікалай памёр у лютым 2013 года.

Пасля вайны Феафан Уладзіміравіч стаў працаваць у Карэліцкай санітарнай станцыі дэзінфектарам. Звольніўся толькі ў 1990 годзе.

Ён быў сціплым, паважаным чалавекам, добрым суседам, не цураўся ніякай работы.

Заўсёды прымаў удзел у святкаванні Дня Перамогі, Дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У згодзе і пашане пражыў з жонкай 60 гадоў.

Памёр Феафан Уладзіміравіч 26 красавіка 2015 года і пахаваны з ушанаваннямі салдацкай славы на могілках у в. Заполле каля сваіх продкаў.

Свае ўспаміны, узнагароды ён перадаў старэйшай унучцы Таццяне Садоўскай.

Не стаў Феафан Уладзіміравіч Героем Савецкага Саюза, не здзейсніў ніякага гучнага подзвігу. Такіх ваяроў на вайне было сотні тысяч. Але як і ўсе яны, ён набліжаў Перамогу, крок за крокам, метр за метрам вызваляючы родную зямлю. Ветэраны вайны, яны памятаюць жахі вайны, іх імёны ўпісаныя ў старонкі гісторыі нашай Карэліччыны.

Няхай памяць пра подзвігі вядомых і невядомых землякоў жыве ў сэрцах моладзі,  якая ніколі не ведала ваенных жахаў і пакутаў.

 

Валянціна КОШУР,

старшыня раённага савета ветэранаў