В КСУП «Царюка» сеют кукурузу

У КСУП “Царука” з севам зерневых культур і цукровых буракоў справіліся аператыўна. Цяпер на чарзе — царыца палёў — кукуруза. Пад гэтую культуру ў гаспадарцы адведзена 508 гектараў, 408 гектараў будзе засеяна насеннем на зялёны корм, яшчэ 100 зойме зерневая кукуруза.

— У бягучым годзе мы вырашылі павялічыць плошчы кукурузы на 100 гектараў, —  гаворыць дырэктар сельгаспрадпрыемства Аляксандр Лейка. — На зерне будзем апрацоўваць гібрыды нямецкай селекцыі, на “зялёнку” — айчынны гатунак “Палескі 195”. У бягучым годзе набылі новую 8-радковую сеялку, якая дапаможа хутчэй пакласці зерне ў глебу.

На севе царыцы палёў працуюць механізатары Аляксандр Мокат і Сяргей Клаўсуць. За дзень абодва земляроба засаджаваюць каля 45 гектараў. Такімі тэмпамі насенне кукурузы будзе пасеяна да 9 мая.

Вопытны механізатар Аляксандр Мокат працуе ў калгасе амаль 30 гадоў  і добра ведае цану сялянскай працы.

— Да 2000 года працаваў у гаспадарцы вадзіцелем, — гаворыць Аляксандр Аляксандравіч, — потым перасеў на сельгастэхніку. Хутка завершым сяўбу, буду займацца нарыхтоўка кармоў, потым прыступлю да ўборкі бульбы.

Побач з Аляксандрам Мокатам шчыруе трактарыст Уладзімір Грышан, які рыхтуе глебу пад сяўбу кукурузы.

— Механізатары ў нас людзі адказныя і старанныя, — з задавальненнем канстатуе Аляксандр Лейка. — Напрыклад, сёння перад абедам задажджыла, вядома, з тэхнікай на такое поле не пойдзеш. Усё, кажу, шабаш, хлопцы! А яны ў адказ: “Пачакаем трохі, Мікалаевіч, можа, распагодзіцца”. І пасля абеду зноў за руль, працуюць. Вядома, за якасную і аператыўную работу мы прадугледзелі дадатковыя матэрыяльныя стымулы.

 

Іна ЛЕЙКА

Фота аўтара