5 июня — День охраны окружающей среды. Какие шаги по охране природы предпринимаются в Кореличском районе, рассказывает начальник райинспекции природных ресурсов Василий Левкович

Па дадзеных Мінпрыроды, Беларусь па выніках 2020 года ўвайшла ў лік 50 лепшых краін (49-я пазіцыя са 180) па індэксе экалагічнай эфектыўнасці, апярэдзіўшы ўсіх членаў Еўразійскага эканамічнага саюза. Штогод зніжаецца ўзровень выкідаў забруджвальных рэчываў у атмасферу. За пяцігодку іх аб’ём скарочаны на 4,5%. Дзевяць з 10 вадаёмаў маюць ацэнку экалагічнага статусу «добра» і вышэй. Плошча асабліва ахоўных прыродных тэрыторый дасягнула 9% плошчы краіны. Якія крокі для аховы навакольнага асяроддзя прымаюцца ў Карэліцкім раёне, распавядае начальнік Карэліцкай райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Васілій Ляўковіч.

— Васілій Аляксандравіч, значная доля функцый, ускладзеных на райінспекцыю прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, звязана з інспектаваннем. Якія аб’екты знаходзяцца ў полі вашага зроку?

— На нас ускладзены дзяржаўны кантроль у плане аховы навакольнага асяроддзя за ўсімі суб’ектамі, аб’ектамі гаспадарання, фізічнымі і юрыдычнымі асобамі, якія знаходзяцца на тэрыторыі раёна, а таксама дзяржаўнае рэгуляванне і каардынацыя дзейнасці ў галіне забеспячэння экалагічнай бяспекі і рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў. Інспекцыйная праца арганізуецца ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 16 кастрычніка 2009 г. № 510 «Аб удасканаленні кантрольнай (нагляднай) дзейнасці», а таксама згодна з мерапрыемствамі каардынацыйнага плана. Зараз на Карэліччыне сваю дзейнасць ажыццяўляюць больш за 60 прадпрыемстваў рознай формы ўласнасці, 20 з іх адносяцца да групы высокай рызыкі, 9 — сярэдняй. У ліку першых — усе 9 сельгаспрадпрыемстваў, ЗАТ «Біямакс-Карэлічы», 4 свінагадоўчых комплекса, Карэліцкае РУП ЖКГ, якое працуе з адходамі і мае на абслугоўванні аб’екты іх пахавання, ААТ «Карэлічы-Лён», два спіртзаводы ў Міры і Варончы, ААТ «Карэліцкая сельгастэхніка», Дарожнае рамонтна-будаўнічае ўпраўленне-158. Дзейнасць гэтых арганізацый па забеспячэнні экалагічнай бяспекі правяраем штогод. Прадпрыемствы групы сярэдняй рызыкі — адзін раз у тры гады, астатнія — раз у пяць гадоў. Такі  графік дазваляе адсочваць сітуацыю і пры неабходнасці прымаць меры аператыўнага рэагавання. У мінулым годзе праверана, згодна з планам, два суб’екта гаспадарання. Грубых парушэнняў, якія пагражаюць нейкімі экалагічнымі бедствамі, не выяўлена. Тым не менш, названыя ў прадпісаннях праблемныя пытанні некаторым прыйшлося вырашаць у рабочым парадку.

— У апошнія гады вялікая ўвага надаецца ўпарадкаванню работы з адходамі. Што ўдалося зрабіць у нашым раёне?

— Да 2021 года ўсе ўзаконеныя звалкі знаходзіліся пад наглядам мясцовых сельвыканкамаў, якія не мелі ні фінансавых сродкаў, ні неабходнай тэхнікі і працоўных рэсурсаў, каб утрымліваць падобныя палігоны для цвёрдых бытавых адходаў у належным парадку. Таму і наспела мноства «язваў»,  якія не ўпрыгожваюць нашы землі. У адпаведнасці з Нацыянальнай стратэгіяй па абыходжанні з цвёрдымі камунальнымі адходамі і другаснымі матэрыяльнымі рэсурсамі ў Рэспубліцы Беларусь на перыяд да 2035 года, зацверджанай пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 28.07.2017 г. і Канцэпцыяй стварэння аб’ектаў па сартаванні і выкарыстанні цвёрдых камунальных адходаў і палігонаў для пахавання, зацверджанай пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 23.10. 2019 г. № 715, усе міні-палігоны Карэліцкага раёна выведзены з эксплуатацыі і рэкультываваны. Такім чынам, за тры апошнія гады з 29 раней існуючых міні-палігонаў застаўся адзін у Беразаўцы, які знаходзіцца на балансе Карэліцкай ЖКГ. Гэта аптымальны варыянт для адміністрацыйнай тэрыторыі нашага раёна.

— У Карэлічах і Міры людзі выкідваюць смецце ў кантэйнеры, якія знаходзяцца на спецыяльных пляцоўках. Як з гэтым ідуць справы на вёсцы?

— Апраўдала сябе сістэма збору смецця ў сельскіх населеных пунктах у адпаведнасці з распрацаванымі графікамі руху спецтэхнікі. Цвёрдыя камунальныя адходы, якія ўтвараюцца на тэрыторыі населеных пунктаў раёна, збіраюцца і выдаляюцца ў адпаведнасці з раённай схемай абыходжання з камунальнымі адходамі, якая зацверджана рашэннем Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта ад 25.11.2019 г. № 658 і якая штогод актуалізуецца. На гэтыя мэты задзейнічана 7 смеццявозаў. Упэўнены, дзякуючы такім мерам карэліцкая зямля стане чысцей і прыгажэй.

— Скажыце, Васілій Аляксандравіч, ці ўдаецца вырашаць праблему здабывання другасных матэрыяльных рэсурсаў з цвёрдых камунальных адходаў?

— У пэўнай ступені гэтую задачу вырашаем.  Працуе станцыя сартавання цвёрдых камунальных адходаў раённай ЖКГ. Прывяду некалькі лічбаў. У 2019 годзе з адходаў здабыта 13,8% другасных матэрыяльных рэсурсаў. У 2020 годзе гэты паказчык склаў 16,3%. Каб працэс здабывання другасных матэрыяльных рэсурсаў праходзіў хутчэй, у жылых мікрараёнах усталявана 287 кантэйнераў. Эфектыўна з нарыхтоўкай другасных матэрыяльных рэсурсаў працуе раённае спажывецкае таварыства. Для арганізацыі паасобнага збору адходаў працуе 5 прыёмных нарыхтоўчых пунктаў.

 — Якія прыродаахоўныя мерапрыемствы плануеце на бягучы год?

— На фінансаванне задуманых на 2021 год праектаў, паводле папярэдніх падлікаў, неабходна больш за 7 500 рублёў. Працягнем працу па прадухіленні распаўсюджвання баршчэўніка Сасноўскага. Дарэчы, за 3 гады нам удалося скараціць яго плантацыі больш чым на 4 га. У гэтым годзе на мерапрыемствы па барацьбе з агрэсіўнай раслінай выдзелена 4 500 рублёў. Працягваецца азеляненне і добраўпарадкаванне гарадской зоны. У прыватнасці, закуплена і высаджана 2 413 штук кветак на суму 4017,80 рублёў.

 

Іна ЛЕЙКА

Фота аўтара