В СПК «Жуховичи» используют каждую погожую минуту, чтобы заготовить корма из трав первого укоса

Кожную пагодлівую гадзіну выкарыстоўваюць працаўнікі сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва «Жухавічы», каб убраць травы першага ўкосу. Для грамадскага пагалоўя колькасцю амаль 9,5 тысяч у гаспадарцы ўжо нарыхтавана 5 тысяч тон сенажу. Наперадзе яшчэ вялікі фронт работ: каб зімой рагулі добра сілкаваліся і малочныя рэкі не абмялелі, трэба мець у запасе 30 тысяч тон сенажу, 30 тысяч тон сіласу і 1,2 тысячы тон сена.

Амаль круглыя суткі кіпіць работа на трамбоўцы сянажнай масы, якую дастаўляюць з палёў гаспадаркі ў траншэі каля малочнатаварных ферм. Бо згодна з тэхналогіяй, на якасную нарыхтоўку аднаго сховішча кансерваваных кармоў неабходна 3-4 сутак. Менавіта таму ў сельскай гаспадарцы ў дні касавіцы патрабуецца не меншая мабілізацыя, чым на ўборцы хлеба.

Зараз аграрыі занятыя на трамбоўцы зялёнага корму каля малочнатаварнай фермы «Вялікія Жухавічы». Траншэя змесціць 3 тысячы тон «зялёнкі», па якой туды і назад без стомы снуюць адразу два пагрузчыкі: К-700 і Амкадор, яны выраўноўваюць масу. Побач  — спецыяльны ўкатчык, набыты ў 2020 годзе, які раўнамерна трамбуе траншэю, што дазваляе сянажнай масе не перагравацца, а значыць заставацца ядомай для рагуль. Яшчэ адна навінка — вілы, якія раўнамерна размяркоўваюць корм па паверхні траншэі. Для лепшага выніку ў працы грошай на новую тэхніку ў гаспадарцы не шкадуюць.

Дружнай камандай працуе механізаваны корманарыхтоўчы атрад сельгаспрадпрыемства. У яго ўваходзіць 6 касілак, 4 падборшчыкі-здрабняльнікі, двое грабляў, 4 трактары працуюць на трамбоўцы, 11 адзінак заняты на адвозцы.

Упэўнена вядзе па полі камбайн вопытны механізатар з 30-гадовым стажам Васілій Віннікаў. І вясной, калі працуе на ворыве, і на корманарыхтоўцы ён старанна рыхтуе тэхніку, дакладна выконвае патрабаванні вядзення палявых работ.

Механізатар Васілій Ерамецька ў «Жухавічах» — 6 гадоў. Разам з жонкай Святланай, якая працуе аператарам машыннага даення, пераехалі сюды з Казахстана.

— У Беларусі ёсць праца, годны заробак, — кажа мужчына. — Жывём у добраўпарадкаваным катэджы, выдзеленым калгасам, жыццём задаволены. Беларусь — цудоўная краіна.

Побач працуе Сяргей Зарубайка, які ў калгасе працуе з 17 гадоў: як сеў за руль сельгастэхнікі адразу пасля арміі, так і прыкіпеў да працы хлебароба. У гэтыя гарачыя дні ён шчыруе на МТЗ-3022 з 9-мятровай касілкай. За дзень абодва механізатара скошваюць каля 100 гектараў траў.

Усяго адзін запіс у працоўнай кніжцы — «Жухавічы» — у механізатара Аляксандра Знайдзёна.

— Я родам з гэтых мясцін, — кажа мужчына. — Усё тут сваё, роднае. І праца па душы. У мяне дружная сям’я: жонка Анастасія працуе бухгалтарам, двое дзетак. Жывём душа ў душу. А што яшчэ трэба чалавеку для шчасця?

Сярод тых, хто з першага дня на корманарыхтоўцы, вадзіцелі Аляксандр Стрэчань, Руслан Кісель і Генадзій Лопух.

— У сельгаскааператыве — я тры гады, — кажа 25-гадовы Руслан. — У горад за шчасцем не падаўся. Як гаворыцца, дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся. У нас хлопцы добрыя, заўсёды дапамогуць і словам, і справай. Ды і заробак задавальняе.

— Праца ідзе хутка і зладжана, з абавязковым захаваннем тэхналагічных патрабаванняў, — каменціруе намеснік старшыні СВК «Жухавічы» Міхаіл Штыцько. — Травы сёлета ўрадзілі нядрэнныя. У мінулым годзе ў гэтыя дні мы атрымалі 1,4 цэнтнера кармавых адзінак на адну ўмоўную галаву, у гэтым — ужо 1,5 цэнтнера. Так што ідзём з плюсам. На МТФ «Юравічы» сянаж закладзены пад поўную патрэбнасць зімова-стойлавага перыяду, на «Малых Жухавічах» — на 50%. Недастатковая частка будзе ўзятая з другога ўкосу.

Якасць закладваемай здробненай травяной масы пастаянна адсочваецца спецыялістамі ветлабараторыі. Традыцыйна правяраюцца тэмпература і вільготнасць зялёнага корму, адбіраюцца пробы для вызначэння ўтрымання караціну, наяўнасці сухога рэчыва і нітратаў. Бо захаванне ўсіх тэхналагічных рэгламентаў — гэта аснова асноў, якая потым дазволіць убачыць вынік кормавытворчасці ў даільнай зале.

Іна ЛЕЙКА

Фота аўтара