Пункт погляду журналіста: Мы родам з вёскі, і ўспаміны дзяцінства радуюць

Прафесійнае свята з нагоды Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці ўскалыхнула па-асабліваму. Хаця за гады працы ў журналістыцы, здавалася б, можна прызвычаіцца ўжо, а за жыццё — убачыць і пераасэнсаваць — як-ніяк родам з вёскі.

Сустрэча з Іванам Мікалаевічам Кулінічам, брыгадзірам вытворчай брыгады ў раслінаводстве КСУП «Лукі-Агра», які атрымаў Падзяку міністра сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці Рэспублікі Беларусь, дала магчымасць напісаць не толькі інтэрв’ю, але вярнуцца ў гады дзяцінства і юнацтва. Для нас, вясковых дзяцей, гэта быў час, калі мы прызвычаіліся да сялянскай працы. Чаго толькі не давялося рабіць — палолі буракі, ірвалі лён, сушылі сена, дапамагалі па гаспадарцы. Буду адкрытай да канца: не заўсёды і ўсё хацелася рабіць, але спрачацца з бацькамі не было як, ды ў той час гэта было нормай. Мы марылі пра вялікія гарады, у якіх будзем вучыцца і працаваць.

Гады прайшлі непрыкметна. Мы выраслі, знайшлі накірункі ў жыцці, нават змаглі адпачыць на пенсіі. І атрымліваецца дзіўны факт: зараз хочацца вярнуцца ў родную вёску, калі не наяве, то хаця бы ў сваіх успамінах, якія радуюць сэрца, а сустрэчы са школьнымі сябрамі і аднавяскоўцамі бываюць самымі хвалюючымі. Чаму так здараецца, не скажаш адназначна. Далёкае юнацтва — сустрэча з цікавым і нязведаным, моцнае сяброўства і першае каханне, і нават цяжкая праца не здавалася такой цяжкай. Мы, вясковыя дзеці, часта былі прадастаўлены самі сабе, у суладдзі з прыродай наталялася навакольнай прыгажосцю душа і мацнейшым станавіўся характар.

Прыязджаючы зараз у творчыя камандзіроўкі ў вёскі, імкнуся знайсці ў навакольных краявідах сваё і непаўторнае. Нават сумнай восенню можна адчуць яе хараство: у кропельках дажджу чуваць музыка, а ў цішы вясковага жыцця адпачывае душа.

У спісе ўзнагароджаных да свята сустрэла на сайце «Полымя» шмат знаёмых прозвішчаў, і гэта не дзіўна: мы жывём на Карэліччыне, якая спрадвеку славіцца дасягненнямі, а працаўнікі — стараннай працай. Якую радасць адчула, калі на адным здымку ўбачыла палявода КУСП «Чарняхоўскі-Агра» Алёну Кныш, на другім — яе мужа, трактарыста ААТ «Карэлічы-Лён» Аляксандра Кныша. Іх ведаю з дзяцінства: старанныя маладыя людзі, і тое, што іх працу заўважылі і адзначылі, яшчэ больш радуе. Добра, што ў нашым грамадстве любая праца ў пашане. Трэба толькі з любоўю да яе адносіцца, тады будзе лад у сям’і, а справы ладзіцца.

Мне ўспамінаюцца неаднаразовыя размовы з Алёнай — мы абедзве родам з вёскі Вялікая Слабада. Яна не раз прызнавалася, як моцна любіць родны куточак, дзе ў цішы адпачывае душа і дзе знаходзіць справу для рук: дастаўляе абеды на палі хлебаробам мясцовай гаспадаркі. Гэта праца ёй падабаецца, мае зносіны з землякамі і заўсёды на прыродзе. Менавіта прырода дапамагла ёй у дні адчаю, калі моцна хварэла матуля, а затым яе не стала.

Мая родная вёска. Як і іншыя, ужо не тая, якой была ў маладосці. Жыццё прадаўжае цепліцца. Хтосьці тут уладкаваўся жыць, некаторыя даглядаюць бацькоў, нехта стаў дачнікам. Наведваюцца да бацькоўскага парога і ўраджэнцы, спяшаюцца на могілкі, каб дагледзець пахаванні родзічаў.

Мы родам з вёскі — і гэтым усё сказана. І якія б гаджэты не куплялі, якія б новыя тэхналогіі не асвойвалі, немагчыма з памяці выкрасліць успаміны пра дзяцінства. Хіба можна забыць пах антонаўкі і смак сырадою? А сабраныя на свежай раллі вялікія клубні бульбы? І ў рэшце рэшт, вялікія букеты вяргінь да першага верасня, якія неслі настаўнікам у родную школу?

Вось і сёння лепшыя кветкі — вам, хлебаробы, за хлеб на стале і да хлеба. За тое, што ваша праца на зямлі стала сэнсам жыцця. Вы мацуеце дабрабыт дзяржавы і свой уласны. Вам — словы павагі і прызнання. І ў святы, і ў будні.

Галіна СМАЛЯНКА.

 

2