Гісторыя Дамініка Радзівіла: авантурны шлюб і каханне

Род Радзівілаў на працягу некалькіх стагоддзяў з’яўляўся ўладальнікам Карэліччыны, землі якой уваходзілі ў склад Мірскага графства. Адным з прадстаўнікоў гэтага ўплывовага роду быў Дамінік Геранім Радзівіл. Ён нарадзіўся 4 жніўня 1786 г. у Бялай (сёння Бяла-Падляска, Польшча). Быў сынам Гераніма Вінцэнта Радзівіла і Сафіі Даратэі фон Турн-і-Таксіс. Рана страціўшы бацьку, хлопчык знаходзіўся пад апекай сваіх родзічаў. Пачатковую адукацыю Дамінік атрымліваў пры дапамозе хатніх настаўнікаў. А ў 14-гадовым узросце ён быў накіраваны ў Пулавы, дзе вучоба юнага князя адбывалася пад наглядам князя Адама Казіміра Чартарыйскага.

Дамінік Радзівіл. Пачатак XIX ст. Невядомы мастак.
Наўгародскі музей-запаведнік

У той час у Пулавах знаходзіўся сапраўды асяродак асветы. Князі Чартарыйскія наймалі на працу вядомых вучоных і мастакоў, якія займаліся выхаваннем і адукацыяй дзяцей. Вядома, што праграма навучання ў Пулавах спасылалася на традыцыі шляхецкага выхавання. Менавіта там Дамінік навучыўся ветлівасці і добрым манерам, як адзначалі сябры князя ў сваіх успамінах. Узгадвалі яны і пра пані Яварніцкую, у якую быў закаханы малады князь. Лявон Дэмбоўскі пісаў: “… у Пулавах Дамінік быў увесь час заняты пані Яварніцкай”. Аднак, як добра вядома нам сёння, лёс князя быў звязаны з Тэафіліяй з роду Мараўскіх, прыгажуняй, якая была вядома сваім легкадумным норавам і раманамі. Яшчэ ў 1805 г. яна выйшла замуж за графа Старжэньскага.

Вясною 1806 г. маладая графіня разам з маці наведала Нясвіж. Там і адбылася першая сустрэча Тэафіліі са сваім стрыечным дзядзькам Дамінікам – сустрэча, якая назаўжды змяніла жыццё абодвух. У Нясвіжы яны “разам каталіся на конях, палявалі, стралялі, і ў хуткім часе князь Дамінік закахаўся ў Тэафілію па вушы, забыўшыся пра пачуцці да пані Яварніцкай”. У выніку Тэафілія насуперак здароваму сэнсу і грамадскай думцы пакінула мужа і пераехала ў Нясвіж. Паміж графам Старжэньскім і жонкай пачаўся шлюбаразводны працэс, які завяршыўся толькі ў верасні 1808 г. Усе гэтыя падзеі адбываліся ў атмасферы скандалаў, звязаных са шлюбам Дамініка і Ізабелы з роду Мнішкаў.

Тэафілія з роду Мараўскіх з сынам Аляксандрам або дачкой Стэфаніяй. 1808-1810 гг.
Ф. Ксаверый Лампі. Нацыянальны музей у Варшаве

Ізабела была дачкой Міхала Юрыя Мнішака і Уршулі з Замойскіх, пляменніцы караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. “Трохі кульгавая, трохі гарбатая, касавокая, тым не менш, яна была сапраўднай прыгажуняй”, так яе апісваў Лявон Дэмбоўскі.

У 1806 г. Дамінік быў запрошаны ў замак у Вішняўцы на святкаванне Божага Нараджэння. А ўжо праз пару дзён, 3 студзеня 1807 г., паміж Уршуляй з Замойскіх, Ізабелай Мнішак і Дамінікам Радзівілам была падпісана шлюбная дамова. Згодна з ёй Дамінік Радзівіл заявіў пра жаданне атрымаць руку Ізабелы з Мнішак. Маці яе блаславіла, і акт шлюбу ў Вішнявецкім замку 3 лютага 1807 г. быў заключаны.

Ізабела Мнішак у дзіцячым узросце. Намалявана з любімым сабачкам караля Станіслава Панятоўскага. 1797 г. Э. Віжэ-Лебрэн. Нацыянальная галерэя ў Славеніі

Ідэя ажаніць Дамініка з Ізабелай, напэўна, нарадзілася яшчэ некалькі гадоў таму ў Дэмбліне, дзе знаходзіліся ўладанні рода Мнішакаў. Недалёка як раз былі Пулавы, дзе пражываў Дамінік з 1801 па 1804 гг. Асабліва ажыццявіць гэтую ідэю хацела маці Ізабелы. Цікава, але Дэмбоўскі ўзгадвае, што князь ажаніўся на добрым падпітку і ўвогуле пра тое, што ён жанаты, даведаўся толькі праз 8 дзён.

Так ці не, але становішча князя Радзівіла было жахлівым. Аднак не было ўжо чаго рабіць. Забраў жонку ў Нясвіж, дзе знаходзілася Тэафілія.

Адносіны паміж маладымі складваліся не вельмі добра: Дамінік кахаў Тэафілію. З жонкай ён нават не хацеў сядзець за адным сталом. Яшчэ больш рамантычных колераў гэтай гісторыі дадавала тое, што Ізабела шчыра прывязалася да князя. Што і не дзіўна: “быў ён малады, прыгожы, вясёлы”. Ужо праз пару тыдняў пасля шлюбу Дамінік адправіў яе да маці, а сам распачаў шлюбаразводны працэс.

У тыя часы працэдура развода цягнулася доўга: справа Дамініка разглядалася ажно ў трох судах: у Любліне, Кракаве і Вене. Грошай на развод князь не шкадаваў. Дэкрэт аб разводзе выйшаў толькі 15 студзеня 1809 г., але ўжо пасля таго, як Тэафілія нарадзіла сына Аляксандра-Дамініка.

Вяселле князя Дамініка і Тэафіліі адбылося 15 сакавіка 1809 г. Пасля чаго яны адправіліся ў падарожжа па Еўропе. Падчас знаходжання ў Парыжы Тэафілія нарадзіла дачку, якая атрымала імя Стэфанія.

Але шлюб іх аказаўся нядоўгім. Як вядома, князь падчас вайны 1812 г. ваяваў на баку французаў. 11 лістапада 1813 г. у выніку атрыманай раны ў бітве пры Ханаў Дамінік Радзівіл памёр у горадзе Лаўтэрэкен у Германіі.

Вераніка КРАСОЎСКАЯ,

малодшы навуковы супрацоўнік музея “Замкавы комплекс “Мір”