К 120-летию со дня рождения уроженца Кореличского района генерал-майора участника войны в Испании и защитника Москвы Николая Нагорного

У сваіх кнігах і артыкулах мне даводзілася расказваць пра тых, хто ваяваў, вызваляючы свет ад фашызму, пра подзвіг нашых землякоў, таленавітых военачальнікаў і радавых салдат – удзельнікаў самых вялікіх бітваў, што адбыліся ў час вайны, пра вызваленне нашай зямлі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Таленавіты военачальнік Мікалай Нічыпаравіч Нагорны нарадзіўся 5 (18) снежня 1901 года ў сям’і асташынскага бедняка. Да 13 гадоў вучыўся ў Асташыне, затым, калі па родных мясцінах прайшла франтавая лінія Першай сусветнай вайны, разам з бацькамі пакінуў Радзіму. У час пераезду бацька памёр, і Мікалаю давялося нейкі час працаваць парабкам у Херсонскай губерні.
У 1916 годзе юнак пераехаў да старэйшага брата на чыгуначную станцыю Хоўрына пад Масквой, дзе вучыўся ў вучылішчы чыгуначнікаў. У сакавіку 1920 года яго прызвалі на службу ў Чырвоную Армію. Давялося ваяваць на польскім фронце, пазней змагацца з бандамі Антонава. За гэты час уся яго сям’я вымерла ад тыфу, а сам ён стаў курсантам Вышэйшай ваенна-хімічнай школы. Далей была служба ў Омску, Смаленску, Віцебску і нарэшце – пасада начальніка хімічнай службы Беларускай ваеннай акругі.
У 1927 годзе наш зямляк перайшоў на службу ў войскі супрацьпаветранай абароны, з якімі будзе звязаны яго далейшы лёс. Пасля заканчэння ў 1930 годзе спецыяльных курсаў у Ленінградзе Мікалай Нічыпаравіч пераехаў у Маскву, дзе ў хуткім часе ўзначаліў аператыўны сектар упраўлення супрацьпаветранай абароны Чырвонай Арміі. Новыя абавязкі патрабавалі дадатковых ведаў, і ў 1933 годзе ён закончыў Ваенную акадэмію імя Фрунзе. А праз некалькі гадоў давялося вучыцца прымяняць атрыманыя веды на практыцы. Восенню 1936 года Мікалай Нічыпаравіч Нагорны трапіў у Іспанію, дзе прабыў да вясны 1938 года, з’яўляючыся старшым саветнікам па супрацьпаветранай абароне Цэнтральнага мадрыдскага фронту, а потым і ўсёй Іспанскай рэспубліканскай арміі. І хаця галоўнай задачай ваеннага саветніка было дапамагаць арміі сваімі рэкамендацыямі, наш зямляк займаўся не толькі арганізацыйнымі пытаннямі, але і прымаў непасрэдны ўдзел у баях.
У тыя дні старшага саветніка па СПА Цэнтральнага фронту “камарадо Маера” (так звалі М.Н. Нагорнага ў Іспаніі) можна было ўбачыць на самым верхнім паверсе мадрыдскага вышыннага вузла сувязі “Тэлефоніка”, які, дзякуючы яго намаганням, быў ператвораны ў галоўны назіральны пункт і пост СПА. Гэта адсюль авіяцыйныя назіральнікі з дапамогай спецыяльных аптычных сродкаў своечасова выяўлялі варожыя самалёты і ўзнімалі трывогу, кіруючы, такім чынам, агнём зенітнай групы.
А часцей за ўсё нашага земляка можна было ўбачыць на перадавых пазіцыях, дзе ён кіраваў дзеяннямі зенітнай артылерыі, перамяшчаючы яе ў тыя пункты, дзе найчасцей з’яўлялася фашысцкая авіяцыя.
У час бітвы на рацэ Хараме байцы бачылі, як Мікалай Нагорны на матацыкле “Харлей”, які ён лічыў лепшым сродкам перамяшчэння на фронце, хутка пераязджаў ад адной батарэі да другой, каб непасрэдна кіраваць боем. Ён прымаў удзел і ў кровапралітнай бітве ў раёне Гвадалахары, куды асабіста суправаджаў калону зенітных батарэй і дзе ў час бою праявілася яго высокае воінскае майстэрства.
За свае арганізацыйныя здольнасці і камандзірскі поспех у Іспаніі Мікалай Нічыпаравіч Нагорны быў узнагароджаны ордэнамі Леніна і Чырвонага Сцяга, атрымаў чарговае воінскае званне камбрыга. У 1940 годзе, калі ў Чырвонай Арміі будуць уведзены генеральскія званні, яму прысвояць званне генерал-маёра.
Пасля вяртання з Іспаніі наш зямляк, узначаліўшы кафедру тактыкі супрацьпаветранай абароны Ваенна-артылерыйскай акадэміі імя Дзяржынскага, перадаваў свой баявы вопыт афіцэрам, выдаў дапаможнікі па арганізацыі абароны ад варожага нападу з паветра.
З пачатку Вялікай Айчыннай вайны Мікалай Нічыпаравіч Нагорны займаў пасаду начальніка штаба СПА краіны.

Войскі супрацьпаветранай абароны краіны адыгралі вялікую ролю ў абароне Масквы і іншых гарадоў, надзейна прыкрываючы іх ад авіяцыі ворага. З вялікай колькасці фашысцкіх самалётаў, якія здзяйснялі налёты на Маскву, да сталіцы даляцелі нямногія, дзякуючы шчыльнаму знішчальнаму агню зенітчыкаў. І ў гэтым вялікая заслуга Мікалая Нічыпаравіча Нагорнага, які свой баявы вопыт набываў у Іспаніі.
У сакавіку 1943 года наш зямляк атрымаў званне генерал-лейтэнанта. На адным з фотаздымкаў, які захаваўся з тых часоў, можна ўбачыць Мікалая Нічыпаравіча Нагорнага побач з М. І. Калініным, які ўручыў яму ордэн Чырвонага Сцяга. Пазней наш зямляк заняў пасаду намесніка камандуючага артылерыі супрацьпаветранай абароны Чырвонай Арміі. У лістападзе 1944 атрымаў чарговае званне генерал-палкоўніка і быў узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны і Кутузава, атрымаў яшчэ адзін ордэн Чырвонага Сцяга. У 1945 годзе баявыя заслугі нашага земляка былі адзначаны ордэнамі Леніна і Кутузава.
Пасля вайны да пачатку 1950-х гадоў Мікалай Нічыпаравіч з’яўляўся начальнікам штаба войск СПА краіны і адначасова – першым намеснікам камандуючага войскамі СПА, затым камандуючым гэтымі войскамі. У жніўні 1955 года па стану здароўя звольніўся ў запас. Жыццёвы шлях мужнага чалавека абарваўся 10 чэрвеня 1985 года. Пра подзвіг нашага земляка нагадваюць яго шматлікія баявыя ўзнагароды, у тым ліку медаль “За абарону Масквы”.

Святлана КОШУР