Як у Жухавічах святкавалі Каляды раней і адраджаюць гэты звычай сёння

Каляды  —  любімае свята  беларусаў. Яшчэ нашы продкі да яго старанна  рыхтаваліся і адзначалі, і сёння моладзь імкнецца прадоўжыць гэтыя добрыя традыцыі.

Журналісты «Полымя» завіталі ў Жухавічы, каб пацікавіцца, ці памятаюць тут пра той далёкі час і як сёння  адзначаюць гэтае свята.

Дзень учарашні

Ірына ЖАМОЙДА, жыхарка вёскі Малыя Жухавічы:

— Мае бацькі прыносілі з хлява добрае сена, клалі яго на стол, які засцілалі белым абрусам. Затым насыпалі ў шклянку жыта і ставілі яе на драўляны крыжык пасярэдзіне стала. Мама пякла спецыяльныя булкі. Ад цеста адразала маленькі кавалачак, скатвала ў жгуцік, рэзала,  пякла «падушачкі». Бацька прыносіў вялікі жытні  сноп, на які насыпалі «падушачкі» і ставілі на покуць.

На стале былі мак, аладачкі, сялёдка, рыба, куцця, дамашні сыр, аўсяны кісель, кампот з сушаных яблык. І абавязкова — булка, накрытая белым ручніком. Бацька браў з покуці сноп і гаварыў: «Прыйшлі святкі, прынеслі дзецям ласункі», і мы збіралі са снапа «падушачкі». Усе садзіліся за стол, чыталі малітву, пілі кампот з ласункамі.

 

Дзеці бегалі да вокнаў сяльчан і спявалі: «Нарадзіўся Хрыстос…» — і нам давалі розныя ласункі, сушаныя яблыкі, кавалачкі булкі.

Гурбой збіраліся варажыць. Скакалі на качарзе па вясковай вуліцы. Калі першай сустракалі жанчыну, пыталіся: «На якую літару пачынаецца імя сына ці мужа?» Значыць, на такую літару будзе імя абранніка жыцця. У мяне ў жыцці гэта спраўдзілася.

Яшчэ здымалі бот з нагі і кідалі над хатаю. Куды насок абутку пакажа, у той бок замуж пойдзеш. Калі насок бота зарываўся ў снег, то значыць замуж не выйдзеш.

Або яшчэ так варажылі: бацька прыносіў у хату збожжа, сыпаў у купкі, і якую першую певень клюне,  тая дзяўчына першай замуж выйдзе.

Яшчэ мы абдымалі плот, і калі быў цотны лік штакетніку, то значыць выйдзеш замуж, калі няцотны, то ў дзеўках застанешся.

У гэты час, пакуль мы на вуліцы варажылі, мама місачку з куццёй ці вадой і кладачкай (алоўкам) ставіла пад ложак сваёй дачкі. Прыйшоўшы ў хату, дзяўчыне не трэба было ні з кім размаўляць. Ёй павінен быў прысніцца суджаны, які будзе пераводзіць праз гэтую кладачку.

Нашы бацькі хадзілі калядаваць. Хтосьці з калядоўшчыкаў апранаўся ў Мядзведзя, нехта — у Казу. Хадзілі з ярлыгай, бралі з сабой гармонік. Спявалі калядныя песні, хвалілі гаспадара і гаспадыню. У спецыяльны мяшок збіралі пачастункі. Затым усе калядоўшчыкі збіраліся ў адной хаце і адзначалі свята.

Дзень сённяшні

Кацярына ЖАМОЙДА, культарганізатар аддзела культуры і вольнага часу «Жухавіцкі Дом культуры»:

— Адраджаць традыцыю Каляд мы пачалі ў 2017 годзе. Натхняльнікам стаў настаяцель храма Раства Іаана Прадцечы вёскі Малыя Жухавічы Ігар Бабанаў. Мы за гэтую ідэю ўзяліся адразу.

Звычайна традыцыі мы ўвасаблялі на сцэне ў выглядзе тэатралізаваных пастановак, свят, абрадаў. А тут пачалі збіраць успаміны бабуль і матуль. Распрацавалі сцэнарый. Апрануліся ў Казу, Мядзведзя, цыган, калядоўшчыкаў, узялі Калядную зорку, гармонік, барабан, бубен — і адправіліся калядаваць.

Спачатку па Жухавічах прайшліся. Спявалі калядныя песні, быў нумар з мядзведзем, які выконваў каманды і паказваў, як дзяўчына збіраецца на танцы. Далей  уступала Каза, якая напачатку танцавала з гаспадарамі, а потым валілася на падлогу. Пасля гэтага калядоўшчыкі казалі: «Ой, Каза ўпала, здохла, прапала. Трэба даць Казе каўбасы, сала, каб яна ўстала».  Гаспадары давалі пачастункі, і Каза ўставала. Калядоўшчыкі віншавалі гаспадароў, благаслаўлялі на добры год. Пакідалі хату з песнямі і танцамі.

Мы пабывалі, акрамя Жухавіч, у Луках, Далматаўшчыне, Некрашэвічах, Карэлічах. Самыя актыўныя ўдзельнікі Калядных вечароў — Наталля Полагава, Сяргей Манько, Ганна Кікнадзе, Марына Пясецкая, Святлана Абламейка, Аляксандр Колб.

Хачу адзначыць, што захаванне традыцый — вельмі важная рэч. Гэта гісторыя нашага народа,  любоў да Бацькаўшчыны, адданасць сваім караням.

 

 

 

Галіна СМАЛЯНКА

Фота Наталлі САКАЛЯНСКАЙ