У Мірскім замку экспануецца шпага ваенных чыноўнікаў узору 1878 г.

У ХІХ – ХХ стст. у Еўропе распаўсюджанне атрымаў позні ўзор лёгкай халоднай зброі – шпагі ваенных чыноўнікаў. Характэрнай асаблівасцю іх эфеса, “ампірны” выгляд якога сфарміраваўся яшчэ ў пачатку ХІХ ст., была чатырохгранная ручка, утвораная дзвюма перламутравымі, касцянымі або рагавымі шчочкамі. Такія шпагі выкарыстоўваліся грамадзянскімі і вайсковымі чынамі ў Францыі, Германіі, Расіі, Італіі, Швецыі, Нарвегіі і інш.
Звычайна з’яўляліся часткай параднай, святочнай і звычайнай формы, не выкарыстоўваліся пры выкананні службовых абавязкаў у будзённыя дні.
У фондах музея захоўваецца аўстра-венгерская шпага
ваенных чыноўнікаў узору 1878 г. Клінок шпагі адналязовы, з адным шырокім жолабам, упрыгожаны траўленнем. Эфес складаецца з рукаяці з латуневай загнутай ільвінай галавой і латуневай гарды. Рукаяць утворана дзвюма перламутравымі шчочкамі, змацаванымі дзвюма латуневымі арнаментаванымі стужкамі. Гарда ўтвараецца фігурнай дужкай у выглядзе змяі, перавітай дубовым лісцем і жалудамі, злучанай з крыжавінай, ад якой з вонкавага боку адыходзіць круглы шчыцік з праразным Малым Імператарска-Каралеўскім гербам Аўстра-Венгрыі.
Па матэрыялах https://www.facebook.com/zamakmir