Что показал рейд по диким пляжам в Кореличском районе?

Лета ў самым разгары. Кожны дзень смаліць сонца — і дарослыя, і дзеці спяшаюцца да вадаёмаў. Наколькі папулярныя ў раёне так званыя дзікія пляжы, высвятлялі журналіст «Полымя» і члены рэйдавай групы, прадстаўнікі раённага аддзела ўнутраных спраў і Таварыства выратавання на водах.

У дзень рэйду праходзіў дзіцячы сход у аграгарадку Ярэмічы. Старшыня раённага Таварыства выратавання на водах Аляксандр Кандрусік нагадаў дзяўчынкам і хлопчыкам аб тым, што купацца можна там, дзе існуюць выратавальныя пасты. У Карэліцкім раёне гэта можна рабіць на возеры Юбілейным і Свіцязі. Наведваць вадаёмы дзеці павінны толькі пад наглядам дарослых.

«Як арганізаваць у Ярэмічах зону адпачынку?»— пацікавілася загадчыца Ярэміцкага Дома культуры Людміла Кавалеўская. Тлумачэнне даў Аляксандр Кандрусік: «Для стварэння выратавальнага паста існуе пералік асноўных паказчыкаў, а менавіта колькасць людзей якія адпачываюць на пляжы, купаюцца і катаюцца на плавальных сродках у абслугоўваемым раёне ў суткі павінна складаць мінімум 500 чалавек, а колькасць насельніцтва ў абслугоўваемым раёне — мінімум 5 000 чалавек». Як высветлілася, у Ярэмічах на 1 студзеня гэтага года налічвалася толькі 1028 чалавек.

Накіроўваемся да ракі Нёман. Першы прыпынак — несанкцыянаваны пляж у аграгарадку Ярэмічы калявуліцы Прынёманскай. На яго беразе адпачываюць дарослыя і дзеці. Прадстаўнік раённай выратавальнай службы імкнецца іх пераканаць, што купацца тут нельга. Аб гэтым сведчыць і надпіс на таблічцы: «Купанне забаронена. Небяспечна.» (Арт. 24.42 КоАПРБ. — штраф да 3 БВ). На заўвагі жанчына сталага ўзросту гаворыць: «Мы выраслі на гэтым беразе. І нашы бацькі, і дзяды таксама. Ведаем кожны камень і кожны корч. Гэта наш Нёман». Адзін з адпачываючых, таксама немаладога ўзросту, імнуўся пераканаць, што ў яго нават маецца пасведчанне матроса-выратавальніка, і ён кантралюе паводзіны адпачывальнікаў, на што Аляксандр Кандрусік зноў патлумачыў: купацца можна толькі ў тых вадаёмах, якія перад пачаткам купальнага сезону правераны супрацоўнікамі вадалазна-выратавальнай службы на наяўнасць у вадаёмах розных прадметаў, якія могуць прычыніць шкоду чалавеку. Акрамя таго, гэтае месца павінна быць прызначана для адпачынку рашэннем мясцовай улады, абавязкова павінен быць выратавальны пост.

А вось на дзікім пляжы на рацэ Уша ў Трашчычах, недалёка ад маста, нікога не было. На вадзе стаяў знак «Купанне забаронена». Аднак такога знака не было на суседнім несанкцыянаваным пляжы ракі Уша, хаця ён быў устаноўлены перад пачаткам купальнага сезона. Адпачываючыя на беразе назваліся мінчанамі, зараз жывуць у г.п. Мір, і, па іх словах, прыехалі на дзікі пляж першы раз і таблічкі аб забароне купання не бачылі.

Наступны прыпынак на рацэ Сэрвач у вёсцы Беразавец. Адпачывальнікі ловяць рыбу. Знак аб забароне купання, які стаяў тут некалькі дзён таму, таксама знік. Члены рэйду нагадваюць аматарам рыбнай лоўлі аб тым, што нельга купацца ў забароненых месцах і трэба пільна сачыць за непаўналетнімі ў месцах адпачынку.

У Беразаўцы наведалі яшчэ адзін несанкцыянаваны пляж. На беразе сабралася шмат моладзі. Праваахоўнік нагадвае маладым аб тым, што распіваць спіртныя напоі тут строга забаронена, а прадстаўнік раённай выратавальнай службы ў чарговы раз нагадвае пра тое, што дзяцей, асабліва каля рэк і вадаёмаў, нельга пакідаць адных, яны павінны пастаянна быць у полі зроку дарослых.

Як паказала рэйдавая праверка, не ўсе адпачываючыя ведаюць аб тым, што на дзікіх пляжах купацца нельга, і прыязджаюць сюды, каб адпачыць. Усе  былі праінструктаваны аб правілах паводзін на вадзе і папярэджаны аб адміністратыўнай адказнасці за купанне ў неўстаноўленых месцах. Праўда, паўстае пытанне: куды знікаюць таблічкі аб забароне купання ў дадзеных месцах? Не нашкодзілі б вандалы сабе, бо да бяды, як вядома, адзін крок.

Галіна СМАЛЯНКА