Рабяты з Турца раскрылі таямніцы “Смольчыцкіх” кангламератаў

Адразу прызнаемся, што з нецярплівасцю чакалі мы адкрыцця лагерных змен на базе нашай установы адукацыі. Усе ўдзельнікі былі загадзя   ўпэўнены ў тым, што нас абавязкова чакаюць новыя ўражанні і адкрыцці. Безумоўна, мы добра ведалі, што нас сустрэне бясконцае сонечнае поле дзяржаўнага прадпрыемства “Чарняхоўскі-Агра”, дзе пачнецца наша працоўная дзейнасць, мы абавязкова прымем удзел у паходах, экскурсіях, інтэлектуальных дыялогах, сустрэчах з цікавымі людзьмі, мы будзем сумесна з удзельнікамі лагера “Юныя алімпійцы” адкрываць таямніцы нашай роднай зямлі.

І вось бурлівымі хвалямі пацяклі нашы незвычайныя дні   цікавага адпачынку ў лагеры.   Кожны дзень адметны па-свойму. Хачу падзяліцца ўражаннямі аб адным з эпізодаў нашай   адысеі працы і адпачынку. У адзін з сонечных гарачых дзён, пасля працы, адправіліся разам з удзельнікамі лагера “Юныя алімпійцы” ў маляўнічую вёску Тупалы, што знаходзіцца ў нашым раёне. Мэта экскурсіі – пазнаёміцца з “Смольчыцкімі” кангламератамі. Безумоўна, на тварах ва ўсіх нас адлюстроўвалася сапраўднае захапленне ад хуткай сустрэчы з невядомым. Праўда, наш выхавацель Святлана Васільеўна Ракач, настаўнік геаграфіі, растлумачыла нам перад паездкай, што мы ўбачым самыя сапраўдныя геалагічныя кангламераты буйназярністай пароды, якія напамінаюць сабой бетон. Яшчэ яна расказала нам, што “Смольчыцкія” кангламераты з’яўляюцца сапраўдным геалагічным помнікам рэспубліканскага значэння. Захавалася сем глыбаў, магутнасць пластоў якіх складае 0,1 – 1,5 метраў.

І вось мы на месцы. Нібы казачныя асілкі паўсталі перад намі велічныя муры геалагічных кангламератаў. Знайсці іх было нялёгка, але нам дапамглі мясцовыя жыхары. Было выразна відаць, што яны з гонарам стараліся паказаць месца знаходжання геалагічных помнікаў. Сапраўды цікавыя мясціны нашага роднага краю. Хацелася дакрануцца да цудоўнага тварэння прыроды, адчуць сябе сапраўднымі адкрывальнікамі новага, раней нам невядомага.

Такім чынам, мы яшчэ раз упэўніліся, што жывём на слаўнай зямлі, дзе на кожным кроку схаваны таямніцы, якія патрэбна расшыфраваць. Нам вельмі спадабалася экскурсія, таму спяшаемся запрасіць усіх, хто цікавіцца прыродай роднага краю, абавязкова наведаць “Смольчыцкія” кангламераты – сапраўды казачныя, запаветныя мясціны нашай малой радзімы.

З узнёслым настроем, ахопленыя пачуццём адкрывальнікаў новага, мы вярнуліся ў свой лагер. Дома расказалі сваім родным аб цікавым, запамінальным падарожжы. Добра ведаем, што наперадзе нас чакае яшчэ шмат незвычкавага і новага. Як добра, што ёсць лета і незабыўныя, насычаныя цікавымі падзеямі дні летняга адпачынку.

Максім Браўко, камандзір атрада “Пялёсткі будучыні” ЛПіА “Садружнасць” ДУА “Турэцкі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа”