Новая героиня проекта «Ровесники молодой Беларуси» Алина Кураш: «У меня есть все для счастья»

З вядучым ветэрынарным урачом свінаводчага комплексу ДП “Лукі-Агра” Алінай Кураш я знаёмы даўно. Калісьці, калі толькі прыехаў працаваць у Лукі, мы жылі з ёю па суседстве, кожную раніцу бачыліся на вуліцы, калі ішлі на працу. Я ведаў, што сама Аліна Сяргееўна — жыхарка Баранавіч, якая трапіла ў Лукі па размеркаванні, і мне было цікава, чаму яна, гарадская жыхарка, пасля адпрацоўкі засталася ў вёсцы. З гэтымі пытаннямі я і наведаўся да яе ў госці.

— Аліна, раскажыце крыху пра сябе.

— Я нарадзілася і вырасла ў горадзе Баранавічы, пасля школы вучылася ў Ляхавіцкім дзяржаўным аграрным каледжы і пасля яго заканчэння ў 2010 годзе прыехала ў Лукі па размеркаванні.

— Калі і як Вы вырашылі стаць ветэрынарам?

— Гэта было неабдуманае рашэнне, — з усмешкай успамінае Аліна. — Сяброўка пайшла паступаць, я — за ёй.

— Не шкадавалі аб гэтым?

— Не. Я ўдзячна ёй. Сяброўка зараз не працуе па спецыяльнасці, а мне мая работа падабаецца. Я люблю жывёлу, таму такая работа па мне.

— Ці падтрымалі Ваш выбар у сям’і?

— Спачатку не. Дома былі катэгарычна супраць. Абедзве мае бабулі гарадскія, я не мела нават уяўлення, што такое вёска.

— Кім марылі стаць у дзяцінстве?

— Поварам альбо масажыстам. У сям’і таксама не падтрымлівалі гэты выбар.

— Што прымусіла застацца ў Луках пасля размеркавання?

— У нас вельмі выдатны кіраўнік гаспадаркі — Гавіна Мікалай Аляксандравіч, які заўжды нас падтрымліваў. Ён даў жыллё, стварыў усе ўмовы для пражывання, для таго, каб мы засталіся. На прадпрыемстве добрая зарплата, гэта таксама мае значэнне. Калі мы з мужам Дзмітрыем  стваралі сям’ю, ведалі, што ў нас будзе дзіця, Мікалай Аляксандравіч таксама дапамог. Нам выдзелілі дом, дапамаглі зрабіць рамонт.

— Ці складана было працаваць, калі прыйшлі?

— Складана было на трэцім курсе, калі была практыка. Я ніколі ў жыцці не бачыла кароў, толькі па тэлевізары, але ў першы ж дзень вельмі блізка пазнаёмілася з гэтай жывёлінай, і першае знаёмства было не вельмі добрым. У мяне быў шок, я думала кідаць вучобу, думала, што гэта не маё і я не змагу працаваць. Але бацькі сказалі, што папярэджвалі мяне, і ўжо позна кідаць, трэба ва ўсім ісці да канца.

— Пасля гэтага здарэння што вымусіла Вас палюбіць прафесію?

— Я не казала, што не люблю яе. Я любіла прафесію, бо вельмі люблю жывёлу. Калі я вучылася, у нас у каледжы была клініка, куды прыносілі коцікаў-сабачак. Мне гэта вельмі падабалася. Проста я ніколі не сустракалася са свойскай жывёлай. Але, калі я прыехала сюды і пачала працаваць на комплексе, зразумела, што гэта — маё. Цяпер я вельмі люблю свінак, гэта вельмі разумныя і добрыя жывёлы, я ў іх душы не чаю.

— Хто дапамагаў маладому спецыялісту Аліне Мацяс?

— Аляксандр Глябовіч, якога цяпер, на жаль, ужо з намі няма. Ён быў галоўным ветэрынарным урачом свінакомплексу. Вольга Кот вельмі моцна дапамагала. Аляксандр Капіца таксама. Калі я стала на кіраўнічую пасаду, вельмі падтрымліваў Аляксандр Сак. Ён мяне стымуляваў да працы, дапамагаў, падказваў, бо, калі казаць праўду, было страшна працаваць на такой пасадзе ў той складаны час пасля афрыканскай чумы, але тады ён моцна мяне падтрымаў, стараўся падказаць мне нешта.

— Ветэрынарыя — складаная прафесія?

— Цяжкая праца, бо ты не заўжды бачыш вынік сваёй працы. Бывае, думаеш пра адзін дыягназ, а аказваецца, што зусім не аб тым думаў.

— Як Вы разумееце, што баліць у жывёлы? Яна ж не скажа.

— Не скажа. Глядзім на клінічныя прыкметы, на сімптомы.

— Калі б Вы змаглі сказаць што-небудзь сабе пятнаццацігадовай, якую параду далі б?

— Не спрабаваць штосьці змяняць у сваім жыцці. Няхай усё ідзе сваёю чарадой. Кажуць, усё, што ні здараецца, робіцца на карысць. Усе падзеі ў маім жыцці прывялі мяне сюды, у месца і час, дзе я шчаслівая.

Сяргей СТОЛЯР

Фота аўтара