На планерке у председателя: ремонт сельхозтехники, месячник пожарной безопасности и рейды по зимним водоемам

Уключацца ў работу па рамонце сельгастэхнікі трэба ўжо зараз. Аб гэтым сказаў старшыня Карэліцкага райвыканкама Генадзій Шатуеў на штотыднёвай рабочай нарадзе.

— Сёння ў раёне 16 сельскагаспадарчых агрэгатаў адпраўлены на рамонтныя прадпрыемствы, і гэтага відавочна недастаткова. Работы па рамонце тэхнікі трэба актывізаваць. Калі тэрміны зацягнуць, машыны не паспеюць своечасова выйсці ў поле, а значыць будуць упушчаны агратэхнічныя тэрміны для вясновай сяўбы, — канстатаваў кіраўнік раёна.

У раёне працягваецца вывазка на палі арганічных угнаенняў пад яравую сяўбу. На сёння нарыхтавана 42% арганікі, з якіх 0,9% вывезена.

— Вытворчасць малака вазьміце на асаблівы кантроль, — звярнуўся Генадзій Шатуеў да намесніка начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Аляксандра Манько. — Трэба яшчэ раз больш пільна звярнуць увагу на праблемныя малочнатаварныя фермы, дапамагчы спецыялістам у вырашэнні важных задач — ад складання рацыёну кармлення дойнага пагалоўя да яго лячэння.

Абмеркавалі на нарадзе і эпідэміялагічную сітуацыю ў раёне. Паводле слоў намесніка старшыні райвыканкама Яўгена Чычкана, яна застаецца кантралюемай, а колькасць хворых на каранавірусную інфекцыю зніжаецца. Ад COVID-19 прышчэплена 78,4% карэліччан.

У раёне пачаўся месячнік пажарнай бяспекі, накіраваны на прафілактыку прычын пажараў у жылым сектары. У зоне асаблівай увагі знаходзяцца грамадзяне, якія злоўжываюць спіртнымі напоямі. Таксама праводзяцца прафілактычныя рэйды па вадаёмах раёна, дзе аматарам рыбнай лоўлі расказваюць аб небяспецы выхаду на неакрэплы лёд.

— Кожны рыбак павінен мець пры сабе элементарныя сродкі выратавання — гэта выратавальная камізэлька і спецыяльныя зачэпы, — сказаў Генадзій Шатуеў, — трэба пастаянна гаварыць пра гэта нашым людзям. Няма нічога даражэйшага за чалавечае жыццё, і ўсе мы за яго ў адказе.

Іна ЛЕЙКА