Што паказаў месячнік бяспекі на жывёлагадоўчых аб’ектах Карэліччыны

Месячнік бяспекі на жывёлагадоўчых аб’ектах, які прайшоў на Карэліччыне, паказаў, што кожны кіраўнік прадпрыемства імкнецца стварыць для людзей утульныя і бяспечныя працоўныя месцы, навесці на іх парадак, каб работнікі маглі і працаваць, і адпачываць пасля выкананай работы. І на кожным прадпрыемстве работнікам тлумачаць правілы бяспечных паводзін. Аднак, нягледзячы на гэта, парушэнні на прадпрыемствах усё роўна ёсць.

Па словах галоўнага спецыяліста аддзела арганізацыі, вытворчасці і механізацыі ўпраўлення сельскай гаспадаркі Карэліцкага райвыканкама Аляксандра Конана, у асноўным парушэнні тэхнікі бяспекі абумоўлены чалавечым фактарам, у асобных выпадках — недастатковай пільнасцю службовых асоб па арганізацыі бяспечнага правядзення работ.

У большасці выпадкаў работнік ігнаруе правілы тэхнікі бяспекі, заходзіць у загарадзь да жывёлы, правакуе яе на агрэсію. Як вынік — траўмы.

Падчас рэйду рабочай групы на адной з малочнатаварных ферм раёна ўстаноўлена парушэнне. Аператар машыннага даення была ў загоне для кароў адна (што забаронена правіламі тэхнікі бяспекі) і пераганяла жывёлу на дойку. Правяраючыя ў чарговы раз тлумачаць, што так рабіць забаронена, бо недалёка да бяды.

Зусім свежы ў памяці выпадак, калі на адной з ферм раёна падчас узважвання бык вырваўся і выбег на тэрыторыю фермы. Жывёлавод паспрабаваў спыніць уцекача і замахнуўся на яго палкай. У выніку чалавек атрымаў некалькі траўм ад удараў галавой. Вядома, тэрыторыя фермы не іспанская карыда, а жывёлавод не тарэадор, каб гуляць з жывёлай у смяротную гульню.

Таксама ёсць выпадкі, калі работнік прыходзіць на працу нецвярозым. І хаця, як сцвярджаюць ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі і харчавання, гэтая тэндэнцыя ідзе на зніжэнне, аматары папрацаваць пад мухай знаходзяцца. Вядома, што жывёла добра адчувае пах алкаголю і адмоўна рэагуе на яго. У такім выпадку ёсць дакладная інструкцыя:  загадчыкі фермаў складаюць акт і адхіляюць п’янага ад працы. Але, як гаворыцца, да кожнага нядобрасумленнага работніка кантралёра не прыставіш. Зноў такі нядаўні прыклад. Няцвярозая жывёлавод пахіснулася, упала на пляцоўку для выгулу жывёлы і атрымала траўму.

У ходзе рэйда былі выяўлены некаторыя парушэнні. Напрыклад,  на дзвярах для выхаду жывёлы на выгул адсутнічалі запорныя прылады, а значыць работніку трэба ўваходзіць у загон, каб выпусціць статак, што зноў такі цягне за сабой небяспеку. Парушаны тэрміны праходжання медагляду работнікамі, якія працуюць у шкодных умовах. Над стойламі з наравістымі быкамі адсутнічалі папераджальныя знакі з тлумачальнымі надпісамі “Асцярожна! Агрэсіўная жывёла!”

Як бачна, выкананне элементарных правілаў тэхнікі бяспекі не вымагае вялікіх фінансаў. Проста трэба быць абачлівым і берагчы сябе.

Сяргей СТОЛЯР

Шарж аўтара