На выязным пасяджэнні Карэліцкага райвыканкама абмеркавалі прычыны гібелі на пажары 66-гадовага жыхара аграгарадка Аюцавічы

На выязным пасяджэнні Карэліцкага райвыканкама, якое адбылося ў гарадскім пасёлку Мір, абмеркавалі прычыны гібелі на пажары 66-гадовага жыхара аграгарадка Аюцавічы.

Паводле слоў начальніка Карэліцкага РАНС Дзяніса Стадольніка, 5 сакавіка ў 18 гадзін 36 хвілін у цэнтр аператыўнага кіравання Карэліцкага РАНС паступіла паведамленне аб узгаранні ў жылым доме. Двое мужчын, ідучы па суседняй вуліцы, заўважылі дым, які ішоў з-пад даху. Увайшоўшы ў памяшканне, яны заўважылі на падлозе жанчыну, якую ўзялі пад рукі і вывелі з хаты. Пасля гэтага патэлефанавалі ў дзяжурную службу МНС. Выратавальнікі, якія прыехалі на месца выкліку, выявілі шчыльнае задымленне ў хаце і гарэнне ў пакоі. Пасля таго, як пажар быў ліквідаваны, у пакоі на падлозе быў знойдзены труп гаспадара. Па версіі Карэліцкага раённага аддзела Следчага камітэта, прычынай трагедыі магло стаць тое, што хтосьці з пацярпелых паліў у ложку, знаходзячыся ў стане алкагольнага ап’янення.

Дзяніс Аляксандравіч расказаў аб рабоце, якая праводзіцца ў Мірскім сельвыканкаме для папярэджання падобных здарэнняў:

— У 2022 годзе ў кожным населеным пункце сельвыканкама праводзіліся мерапрыемствы, накіраваныя на забеспячэнне бяспечнага пражывання грамадзян. У жніўні ў Аюцавічах праведзены шырокамаштабны сельскі сход, на якім прысутнічаў загінулы. За два месяцы бягучага году на тэрыторыі Мірскага сельвыканкама было абследавана 71 домаўладанне, дзе пражываюць сацыяльна ўразлівыя катэгорыі грамадзян. Толькі за гэты тыдзень (з 6 па 12 сакавіка) было складзена чатыры пратаколы за паленне ў ложку, парушальнікі прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці. Дом, у якім пражываў загінулы, правяраўся аглядавай камісіяй 10 лістапада мінулага года. Парушэнняў правілаў пажарнай бяспекі выяўлена не было, з гаспадаром быў праведзены інструктаж аб мерах пажарнай бяспекі, а таксама прафілактычная гутарка аб супрацьпраўных дзеяннях і шкодзе злоўжывання алкаголем.

У час пасяджэння члены райвыканкама высвятлялі, якія меры павінны быць прынятыя для таго, каб падобныя здарэнні не паўтараліся. У ліку запрошаных на пасяджэнне былі тыя, хто стаіць на ўліку ў РАУС. Старшыня райвыканкама Генадзій Шатуеў засяродзіў увагу на тым, што падобныя мерапрыемствы праводзяцца дзеля таго, каб гэтыя людзі паглядзелі, што з імі можа здарыцца і не дапускалі трагедыі.

 

Таксама кіраўнік раёна адзначыў, што тых мер, якія прымаюць суб’екты прафілактыкі, каб папярэдзіць падобныя здарэнні, на жаль, недастаткова.

— Важна заставацца неабыякавым да праблем людзей, — сказаў Генадзій Мікалаевіч. — Патрэбна актывізаваць работу па забеспячэнні бяспекі людзей. Звяртайце ўвагу не толькі на тых, хто стаіць на ўліку, але і на тых, хто злоўжывае. Іх жа ўсе ведаюць. Нават суседзі павінны клапаціцца адзін пра аднаго. Убачылі, што вашы суседзі сёння выпілі, зайдзіце лішні раз, гляньце, ці не паляць яны ў ложку. Так вы, магчыма, выратуеце не толькі іх жыццё, але і сваю маёмасць.

Сяргей СТОЛЯР