ПУНКТ ПОГЛЯДУ ЖУРНАЛІСТА: КОЛЬКІ КАШТУЕ ХЛЕБ?

Наша рэдакцыйная «Прэса» імчыцца па палявой дарозе. Праз шкло аўтамабіля радуюся дагледжаным збожжавым палеткам і пра сябе адзначаю: «Вось тут нараджаецца хлеб!» У памяці нечакана ўсплывае казка «Лёгкі хлеб», у якой апавядаецца пра тое, які шлях ён праходзіць да з’яўлення на нашым стале. Перш-наперш трэба зямлю ўзараць, потым яе забаранаваць, жыта пасеяць, зжаць спелую збажыну, звезці зярняткі ў засекі, намалоць мукі, спячы хлеб, даставіць у крамы.

Сапраўды, іншы раз не задумваемся аб гэтым, калі купляем у магазіне хлеб, а яшчэ выбіраем і перабіраем найкаштоўнейшы прадукт. Зараз ён мае шмат найменняў, розны па смаку, вазе, кошце. Аб яго высакароднасці часам не думаем, а, магчыма, трэба было б пісаць гэтае слова з вялікай літары.

Хлеб — само жыццё. Пра гэта добра ведалі нашы продкі і цанілі кожны бохан і кожную крошачку. Яму цаны не было ў гады вайны: акраец хлеба даваў сілы яе ўдзельнікам. Хлеб бралі з сабой у вялікую дарогу і на розныя сельгасработы. Мой дзядуля цэны на рэчы мераў цэнамі на хлеб: колькі боханаў можна купіць за гэтыя грошы. У тыя часы не было яго вялікага асартыменту на паліцах магазінаў, затое стаўленне было больш паважлівае. Продкі моцна шанавалі і верылі, што ў ім — сіла і здароўе. Нездарма ў народзе гаварылі: «Не чалавек хлеб носіць, а хлеб — чалавека».

Хаця трэба аддаць належнае нашым землякам: на Карэліччыне заўжды ўмелі вырошчваць хлеб і дабівацца высокіх ураджаяў. Хлебаробы шчыравалі ў полі з ранку да змяркання, каб у тэрмін убраць збажыну з палёў. Побач з вопытнымі заўсёды працавалі маладыя ўдзельнікі жніва. Смачныя абеды і добрая песня ў полі прыдавалі ім настрою, і праца спорылася. На раённых святах хлебаробы заўжды ўшаноўваліся поруч з прадстаўнікамі іншых галін народнай гаспадаркі.

Хлеб — наша святыня. Менавіта пры правядзенні раённых урачыстасцяў дэлегацыі сустракаюць вялікім і прыгожым караваем, які выносіцца на ручніку, каб выказаць павагу да шаноўных гасцей. Існуе таксама традыцыя, калі пры накіраванні маладых да шлюбу на дарогу іх абсыпалі зярняткамі збажыны, жадаючы доўгага і шчаслівага жыцця.
У нашым раёне ўмеюць ладзіць і добрыя святы, якія зараз называюць брэндавымі. І адно з такіх прыжылося на малюшыцкай зямлі — «Цар-хлеб», якое збірае вяскоўцаў і гасцей, і ўсе весяляцца на славу. Нездарма ў гэтым сельгаспрадпрыемстве вырашылі пячы хлебабулачныя вырабы, частаваць жыхароў райцэнтра і ўдзельнікаў раённых свят. Выпечка дастаўляецца ў раённы цэнтр, і булкі, багеты, хлеб разыходзяцца на ўра, нават выстройваюцца чэргі.

… Колькі каштуе Хлеб? Здаецца, вызначыць цану няпроста. Галоўнае, што ён ёсць, і яго цэнім. Так, як немагчыма вызначыць любоў да Маці, перад якой мы ў вялікім даўгу: яна падарыла нам жыццё. Як і да Радзімы, якую немагчыма ніколі і нічым у свеце замяніць. Вось тры святыні, на якіх трымаецца наша жыццё.

Галіна СМАЛЯНКА