Кореличчанка Евдокия Румянцева рассказывает о пользе скандинавской ходьбы

Еўдакія Барысаўна Румянцава з г.п. Карэлічы даўно палюбіла здаровы і актыўны лад жыцця. Нягледзячы на паважаны ўзрост,
імкнецца захаваць знешнюю і ўнутраную прыгажосць. Як гэта ёй удаецца, пацікавілася журналіст падчас сустрэчы.

— Еўдакія Барысаўна, што, у Вашым разуменні, абазначае спорт?

— Спорт для мяне — гэта найперш здароўе. А яшчэ ён валодае цудатворнымі ўласцівасцямі аб’ядноўваць людзей, знаёміць паміж сабою,  згуртоўваць іх па інтарэсах.

— І ўсё-такі, у чым асноўны сакрэт таго, што Вы захавалі як знешнюю, так і ўнутраную прыгажосць душы?

— Я лічу, што людзі, якія займаюцца спортам, хварэюць радзей. Здаровы лад жыцця накіраваны на  прафілактыку хвароб, умацаванне  імунітэту і арганізма ў цэлым.

— Як даўно Вы наведваеце Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Карэліцкага раёна?

— Каля дзесяці гадоў наведваю Цэнтр і  пра сябе адзначаю, што фізічная актыўнасць у маім узросце  замаруджвае працэсы старэння, паляпшае сардэчна-сасудзістую сістэму. Таму выбрала для свайго ўзросту скандынаўскую хаду. Таксама прымала ўдзел у гуртку па рукадзеллю, пасяджэннях клуба «Посидим по-хорошему» і іншых аб’яднаннях.

— Давялося чуць, што Вы з’яўляецеся актыўнай удзельніцай розных мерапрыемстваў. Што даюць Вам такога роду сустрэчы?

— Актыўна наведваю мерапрыемствы, якія праводзяцца ў Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, раённых бібліятэцы і музеі. Яны праходзяць на добрым узроўні, і тут я даведваюся шмат новага, цікавага, пазнавальнага. Прымаю ўдзел у марафонах і радуюся, што з цягам часу прыхільнікаў здаровага ладу жыцця на Карэліччыне становіцца ўсё больш. Ад сябе асабіста і ад аматараў спорту хачу выказаць словы падзякі кіраўніку гуртка фізкультуры Іне Генадзьеўне Ляўковіч. Яна прафесіянал сваёй справы, вельмі граматны інструктар. Мы для яе, нягледзячы на свой узрост, усё тыя ж дзяўчаты. Такія адносіны даюць яшчэ большы прыліў сіл і вялізарнае жаданне займацца спортам.

— Людзей на заслужаным адпачынку называюць прадстаўнікамі сярэбранага ўзросту. На Вашу думку, ці трэба баяцца выхаду на пенсію?

— Хачу пачаць з вершаваных радкоў:

Не трэба ўзросту баяцца,

Ён патрэбны толькі

пашпартам.

«Мае гады — маё багацце», —

Скажу я з гонарам сябрам.

Сапраўды, выхаду на пенсію ні ў ніякім разе  не трэба баяцца. На заслужаным адпачынку можна прадаўжаць жыць цікава і захапляюча, знайсці сабе любімы занятак для душы. Асабліва для адзінокіх заняткі спортам прыносяць вялікую карысць для здароўя і ўзнімаюць настрой. Вось і ў нашым выпадку дзве групы па дзесяць чалавек займаюцца карыснай справай, і пенсіянеры сярэбранага ўзросту бадзёрыя, актыўныя, дапытлівыя, і гэта вельмі радуе.

— А што радуе Вашу душу?

— Побач з домам у мяне ёсць градка, на якой саджу клубніцы, часнок, цыбулю, буракі і  іншую гародніну. А пад акенцам — клумба з кветкамі, што асабліва ўскалыхвае душу. І што немалаважна: у мяне ёсць камп’ютар, і па вечарах падтрымліваю зносіны з сябрамі і даведваюся новае ў свеце.

— Што пажадаеце чытачам газеты «Полымя»?

— Здароўя, поспехаў, дабрабыту. І каб людзі вялі здаровы і актыўны лад жыцця.

Галіна СМАЛЯНКА

Фота Сяргея СТОЛЯРА