В Кореличах прошел семинар «Формы и методы архивно-исследовательской работы»

17 красавіка на базе Карэліцкага маладзёжнага цэнтра культуры прайшоў семінар-нарада “Формы і метады архіўна-даследчай работы”. Удзельнікамі семінара сталі суб’екты архіўна-даследчай дзейнасці: кіраўнікі школьных музеяў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, кіраўнікі ваенна-патрыятычных клубаў, спецыялісты Карэліцкай раённай бібліятэкі, Карэліцкага раённага краязнаўчага музея.

Начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Карэліцкага райвыканкама Генадзій Карпаленка павітаў удзельнікаў мерапрыемства і расказаў пра формы і метады архіўна-даследчай дзейнасці. Выступаючы адзначыў важнасць выкарыстання розных форм архіўных дакументаў у сучасным грамадстве.

– Архіўныя дакументы з’яўляюцца каштоўнай крыніцай інфармацыі для даследчай дзейнасці, прававой сферы, адукацыі, культуры і дзелавой дзейнасці. А таксама дапамагаюць захаваць гістарычную памяць і прадастаўляюць магчымасць вывучаць мінулае, а таксама прымяняць атрыманыя веды ў сучаснасці. Яны з’яўляюцца каштоўным рэсурсам, які неабходна ўмець выкарыстоўваць і ацэньваць, – зрабіў выснову Генадзій Анатольевіч.

Пра работу школьнага музея як цэнтра пошукавай дзейнасці і ваенна-патрыятычнага выхавання навучэнцаў расказаў настаўнік гісторыі, старшы выкладчык фондаў школьнага музея ДУА “Сярэдняя школа г.п. Мір імя Г. І. Сташэўскай” Валерый Брант.

– Тут вучні не проста разглядаюць экспанаты пад шклом, не проста слухаюць тэкст экскурсій пра нейкіх незнаёмых і далёкіх людзей. Школьны музей – гэта заўсёды спроба праз малое расказаць пра вялікае. Перш за ўсё пра людзей і падзеі, якія маюць дачыненне да мясцовасці. Кожны ўрок або факультатыў, праведзены ў музеі, непасрэдная пошукавая дзейнасць набывае асаблівы сэнс. На прыкладзе любові і павагі да малой радзімы, шляхам параўнання і супастаўлення фактаў мы развіваем цікавасць, вучым любові да Радзімы наогул. Гэта і ёсць асновы патрыятызму, з якой усё пачынаецца, – адзначыў важнасць справы Валерый Іванавіч.

У сваім выступленні кіраўнік ваенна-патрыятычнага выхавання ДУА “Лукская сярэдняя школа” Уладзімір Матусевіч спыніўся на ролі ваенна-патрыятычных клубаў у фарміраванні грамадзянска-патрыятычнага выхавання падрастаючага пакалення на прыкладзе работы дзеючага ваенна-патрыятычнага клуба “Віцязь”.

Пра гісторыка-архіўныя пошукі і пошукавую работу для экспазіцый, прысвечаных войнам XX стагоддзя і знаходжанню гета ў Мірскім замку, расказала намеснік дырэктара па навуковай і асветніцкай рабоце ўстановы “Музей “Замкавы комплекс” Мір” Вольга Навіцкая. Яна адзначыла, што створаныя ў музеі экспазіцыі, прысвечаныя Другой сусветнай вайне і знаходжанню гета, з’яўляюцца прамым доказам таго, што гэта памяць дзеля будучыні. А актыўная праца супрацоўнікаў музея па зборы звестак пра вайну, пошуку нашчадкаў вязняў, якія выжылі, сведчыць пра нязгасную цікавасць да гэтай тэмы.

Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара