В Кореличах обсудили подготовку к государственным праздникам

У актавай зале аддзела культуры і вольнага часу «Карэліцкі маладзёжны цэнтр культуры» ідэолагі раёна сабраліся на чарговыя заняткі. Падчас семінара-вучобы яны разгледзелі шэраг пытанняў, якія з’яўляюцца важнымі на сучасным этапе.

— Хутка ўся краіна будзе святкаваць самае значнае свята ў нашай гісторыі — Дзень Перамогі. Гэтай даце надаецца вельмі важнае значэнне, бо ў гэты дзень мы аддаём даніну павагі тым, дзякуючы каму восемдзясят гадоў наша краіна жыве пад мірным небам, — адзначыў намеснік старшыні Карэліцкага райвыканкама Яўген Чычкан. — Таму вельмі важна з усёй адказнасцю падысці да падрыхтоўкі гэтага свята.

Галоўная задача для ідэолагаў, прадстаўнікоў прадпрыемстваў — навесці парадак на помніках загінулым на вайне, памятных месцах і ваенных пахаваннях.

Яшчэ адно свята, да якога важна падрыхтавацца з усёй адказнасцю, — Свята працы. Трэба ўшанаваць людзей працы, аддзячыць за штодзённую руплівую працу.

На нарадзе таксама было разгледжана пытанне правядзення адзінага дня інфармавання насельніцтва, які адбудзецца 18 красавіка і будзе прысвечаны Усебеларускаму народнаму сходу.

— Важна расказаць насельніцтву пра паўнамоцтвы Усебеларускага народнага сходу, правы і абавязкі яго дэлегатаў, — адзначыў начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Генадзій Карпаленка.