Водитель Кореличского РОЧС Алексей Матусевич: «Семья счастливая, когда все вместе»

У сям’і Матусевічаў Дзень выратавальніка, які лічыцца прафесійным святам мужа, заўсёды чакаюць. У Аляксея яно выклікае і трапяткое хваляванне. Менавіта ў гэты дзень, шэсць гадоў таму, адбыўся пажар у жылым двухпавярховым доме. Дом быў знішчаны, на шчасце, сям’і з 8 дзецьмі ўдалося эвакуіравацца. Час прайшоў, а вось пра такое не забываецца…

— Калі я чую сірэну, адразу тэлефаную Аляксею, — гаворыць Вольга і прызнаецца, што не можа перастаць трывожыцца. Галоўнае — падтрымаць спадарожніка жыцця, бо ён гэта адчувае.

Вольга — настаўнік фізічнай культуры і здароўя Красненскай сярэдняй школы-сада. Вучыць дзяцей, накіроўвае іх у будучае, развівае закладзеныя якасці. Лічыць, што гэты прадмет — адзін з асноўных, падтрымлівае баявы дух, сілу, вынослівасць у выхаванцах.

Сын Яўген пасля заканчэння 9 класаў збіраецца паступаць у Нясвіжскі дзяржаўны каледж імя Я. Коласа на спецыяльнасць «Фізічная культура». Спорт лічыць галоўным у жыцці, бо гэта імкненне да здароўя і заваяванне новых вяршынь.

Аляксей Матусевіч — вадзіцель ПАВП-11 аграгарадка Ярэмічы. У яго прафесійныя абавязкі ўваходзіць даставіць асабісты састаў і абсталяванне да месца пажара. За гады працы прыйшлі навыкі і вопыт.

— Аляксей не толькі выратавальнік, але і добры спартсмен, — прадаўжае Вольга. — Мы — неаднаразовыя пераможцы раённых і абласных спаборніцтваў, прызёры рэспубліканскай спартакіяды «Мама, тата, я — спартыўная сям’я».

У размову ўступае 15-гадовы сын Яўген:

— Я з дзяцінства захапляюся спортам. Спрабаваў розныя віды і спыніўся на гандболе — гульні, якая выклікае камандны дух, паляпшае ўзаемаадносіны паміж ігракамі.
У сям’і Матусевічаў паважаюць адзін аднаго. Аляксей падкрэслівае: «Сям’я шчаслівая, калі мы разам».

Галіна СМАЛЯНКА
Фота Анастасіі СТАНКЕВІЧ