Круці жорны пільна – і тут будзе Вільня. На выязным пасяджэнні Карэліцкага райвыканкама і прэзідыума раённага Савета дэпутатаў высветлілі, чым жыве насельніцтва Турэцкага сельвыканкама

Сёння ў вёсках жыве крыху больш за 20% беларусаў. Працаздольнае насельніцтва едзе ў гарады, дзе больш магчымасцяў для самарэалізацыі. Але ж і ў вёсцы можна жыць нябедна, галоўнае — працаваць, а мясцовая ўлада падтрымае. Чым жыве насельніцтва Турэцкага сельвыканкама, высветлілася падчас сумеснага выязнога пасяджэння Карэліцкага райвыканкама і прэзідыума раённага Савета дэпутатаў.

Рашаюць праблему талакой

Па словах старшыні Турэцкага сельвыканкама Сяргея Барычэўскага, большасць пытанняў, якія турбуюць людзей, тычацца рамонту дарог, добраўпарадкавання вуліц, выдалення аварыйных дрэваў, вывазу цвёрдых бытавах адходаў, землекарыстання, выдзялення паліва і лазневага абслугоўвання. Па яго словах, у бягучым годзе на добраўпарадкаванне зрасходавана амаль тры тысячы рублёў, на аплату вулічнага асвятлення — больш за 13 тысяч рублёў. За мінулы і бягучы год на тэрыторыі сельсавета адрамантавана 3,35 км аўтадарогі Беразавец-Лукі-Далматаўшчына, пад’езд да асфальтабетаннога завода ад участка дарогі Беразавец-Лукі-Далматаўшчына, а таксама 1,15 км вуліцы Цэнтральнай у в. Крынкі.

За апошнія гады сельвыканкам разам з вяскоўцамі правялі значны аб’ём работ па вуліцы Мірской у агр. Турэц. Там уладкаваны пажарны вадаём, выдалены аварыйныя дрэвы, вывезена каменне, падсеяны шматгадовыя травы. У мінулым годзе на могілках у Лыкавічах выдалена больш за 30 аварыйных дрэў. Грошы выдаткаваў не толькі сельвыканкам, але і самі вяскоўцы і тыя, чые родныя тут пахаваны. Вось гэта і значыць працаваць і вырашаць праблему талакой. У бягучым годзе на могілках у Турцы выдалена 12 аварыйных дрэў, якія пагражалі помнікам.

Трымаюць на кантролі і пустуючыя дамы, якія псуюць знешні выгляд вёсак. Ужо знесена 6 такіх дамоў. У 2019-2020 гг. на знос трухлявага жылля зрасходавана амаль 5 тысяч рублёў. У бягучым годзе будзе выкарыстана столькі ж.

У сельвыканкаме не хаваюць: маецца шэраг і нявырашаных пытанняў. Так, на кантролі знаходзіцца рамонт вуліцы Новай у Турцы. З усіх чатырох лазняў, якія знаходзяцца ў сельсавеце, працуе толькі адна, у вёсцы Тарасавічы. Неабходна замяніць вадагрэйны кацёл у лазні аграгарадка Турэц.

Турэцкі сельсавет належыць да адміністрацыйных адзінак раёна з найбольшым працэнтам ахопу насельніцтва цэнтралізаваным зборам адходаў. Ён складае 94,4%. Аднак не ўсе жыхары вёсак Тарасавічы і Некрашэвічы заключылі дагаворы на вываз цвёрдых камунальных адходаў з камунгасам, хаця гэта абавязак кожнага грамадзяніна.

На тэрыторыі сельсавета размешчана 14 могілак. За апошнія тры гады абуладкаваны пляцоўкі для збора рытуальных адходаў і смецця ў Беразаўцы, Рап’ёве і Качанах. Аднак ёсць выпадкі несанкцыянаваных звалак смецця ў лясах, несвоечасова вывозяцца накопленыя адходы, не абкошваюцца старыя могілкі. Патрэбна ўладкаваць пляцоўкі для збора смецця на могілках у Чыжыноўцах, Маласельцах, Вялетаве і Крынках.

Патрэбен тэрміновы рамонт дарогі Тарасавічы-Вялікая Слабада-Браносава. Працягласцю 3,2 км. На сённяшні дзень праведзены праектныя работы, вызначаюцца сродкі для правядзення рамонту ў бягучым годзе.

Калі патрэбна, дапамогуць

Асаблівая ўвага сельвыканкама сканцэнтравана на бяспецы людзей. І гэта невыпадкова. За 2019-2020 гады на тэрыторыі сельсавета адбылося 5 пажараў, у бягучым — 4, адзін чалавек траўміраваны. Назіральная камісія двойчы ў месяц робіць абход домаўладанняў вяскоўцаў, каб праверыць стан печаў, дымаходаў, электраправодкі. У бягучым годзе праверана 326 дамоў.

На жаль, расце і колькасць злачынстваў. У 2019 годзе тут адбылося 14 злачынстваў, з іх адно цяжкае, у 2020 г. — 16 (адно цяжкае), у 2021 г. — 11 (адно асабліва цяжкае). Больш за 30% злачынстваў здзейснена ў стане алкагольнага ап’янення, 20% прыходзіцца на сферу сямейна-бытавых зносінаў.

На тэрыторыі сельсавета досыць добра развіта інфраструктура. Працуюць ДП “Чарняхоўскі-Агра”, Турэцкі ВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа, Турэцкая амбулаторыя ўрача агульнай практыкі, фельчарска-акушэрскі пункт, аптэка, комплексны прыёмны пункт, аддзяленне паштовай сувязі, Дом культуры, бібліятэка, 5 гандлёвых аб’ектаў, банкаўскае аддзяленне, сталовая, лазня. Шмат якія з гэтых аб’ектаў мабільныя. Напрыклад, 2-3 разы на тыдзень у вёскі прыязджаюць аўталаўкі. Прыёмшчык комплекснага прыёмнага пункта таксама можа прыехаць, калі ёсць нейкі заказ.

У школе аграгарадка Турэц вучыцца 65 дзяцей. З мінулага навучальнага года тут адкрыты аграрны клас, вучні якога скіраваны на атрыманне сельскагаспадарчых прафесій. Наладжаны кантакт з Гродзенскім аграрным універсітэтам. У ДП “Чарняхоўскі-Агра” чакаюць маладыя кадры. Для іх прадугледжаны шэраг прэферэнцый. Напрыклад, ім прадастаўляецца пакой у інтэрнаце або аплачваецца здымнае жыллё. Штомесяц першыя два-тры гады робіцца даплата да асноўнага заробку. Выдзяляюцца грошы на набыццё гародніны і паліва. Аднак замацаванасць маладых спецыялістаў у гаспадарцы застаецца нізкай — 30%.

У Турцы на базе амбулаторыі працуюць дзённы стацыянар на 4 ложкі, аглядны, прышчэпачны, стаматалагічны, фізіятэрапеўтычны і ЭКГ кабінеты. Ёсць клініка-дыягнастычная лабараторыя. Так што самыя неабходныя абследаванні вяскоўцы могуць прайсці на месцы і не трэба ехаць у райцэнтр.

Асаблівы клопат мясцовай улады — пажылыя вяскоўцы. Так, 44% жыхароў сельсавета — гэта людзі пенсійнага ўзросту. Для іх на базе сельсавета з 2018 года функцыянуе сацыяльны пункт. На поўным платным абслугоўванні знаходзяцца 53 чалавекі. Надомным абслугоўваннем ахоплена 17 вёсак. У бягучым годзе адрамантаваны печы ў дамах аднаго адзінокага сталага вяскоўца, двух адзінокіх інвалідаў. У двух адзінокіх інвалідаў адрамантаваны электраправодка і святло-гукавое ўстройства. 9 вяскоўцам заменены аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі, яшчэ 9 чалавекам апрацаваны ўчасткі і пасаджана бульба. Аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі ўстаноўлены ўсім адзінокім пажылым вяскоўцам. Паліва таксама дастаўляецца па меры неабходнасці.

Ежа духоўная і цялесная

Удзельнікі сумеснага выязнога пасяджэння Карэліцкага райвыканкама і прэзідыума раённага Савета дэпутатаў наведалі шэраг аб’ектаў на тэрыторыі сельсавета. Пабывалі ў адноўленым храме святой праведнай Ганны ў вёсцы Загор’е, дзе нядаўна адсвяткавалі яго 160-годдзе. У сцяну гэтай царквы ўмураваны камень з Іерусаліма ад Гроба Гасподня, і кожны мінак можа памаліцца ў святым месцы і знайсці тут суцяшэнне.

Наступным аб’ектам для азнаямлення стала малочнатаварная ферма “Лыкавічы”, дзе знаходзіцца 840 галоў буйной рагатай жывёлы, у тым ліку 419 дойных. Вытворчасць малака за 8 месяцаў бягучага года склала 1 129 тон (+132 тоны да 2020 года), у тым ліку за жнівень тут дабавілі 42,8 тоны да мінулага года. Надой на адну рагулю склаў 2 595 кг, што больш на 437 кг да мінулага года, у тым ліку за жнівень дабавілі 83 кг да ўзроўню 2020 года.

Машынны двор налічвае 39 трактароў, 9 збожжаўборачных, тры кормаўборачных і адзін буракаўборачны камбайны, 8 пагрузчыкаў, 28 грузавых машын. Ёсць уся неабходная матэрыяльна-тэхнічная база для абслугоўвання ўсіх галін вытворчасці, якая штогод папаўняецца і абнаўляецца.

Іна ЛЕЙКА
Фота аўтара