На третьей смене в лагере «Вясёлка» отдыхают 128 школьников

У самым разгары трэцяя змена ў дзіцячым аздараўленчым лагеры «Вясёлка». 128 школьнікаў ва ўзросце ад 6 да 16 гадоў кожны дзень раскрываюць свае таленты і пазнаюць свае магчымасці, атрымліваюць яркія ўражанні і знаходзяць сяброў-аднадумцаў. Каб даведацца, як жывецца дзецям удалечыні ад бацькоў, гарадской мітусні і сучасных гаджэтаў, журналіст газеты «Полымя» разам з жыхарамі краіны дзяцінства пагрузілася ў іх свет прыгод.
Гадзіннік паказваў 9.00. У гэты час пасля зарадкі самыя маленькія адпачываючыя павінны былі прыступіць да снедання, таму перш за ўсё накіроўваюся ў сталовую.
– Кормяць смачна, пяць разоў на дзень, усё падабаецца, асабліва аладкі са згушчаным малаком, – у адзін голас паўтараюць дзяўчынкі, не перастаючы ўплятаць за абедзве шчакі той самы ласунак (на фота). Тым часам за суседнім столікам хлапчукі ўжо намазваюць сметанковае масла на батон, запіваючы бутэрброды чаем. Кажуць, што ў меню іх усё задавальняе. Дарэчы, у пятніцу на абед іх чакалі суп «Сялянскі» са смятанай, пюрэ бульбяное з катлетай з птушкі, салата з белакачаннай капусты, сок натуральны, на падвячорак – пячэнне і кісель з журавін, на вячэру – каша рысавая, хек смажаны, салата са свежых агуркоў і кампот з яблыкаў, на другую вячэру – ёгурт.
– Пры падрыхтоўцы ежы выкарыстоўваюцца толькі свежыя прадукты. Штодня дзеці атрымліваюць неабходную колькасць вітамінаў з гароднінай, садавінай і сокамі, а таксама ўжываюць аскарбінавую кіслату і полівітамінны комплекс «Рэвіт», – дзеліцца ўрач Таццяна Уладзіміраўна Рудзько. – Рабяты заўсёды спяшаюцца ў сталовую, усё з’ядаюць з задавальненнем. Адходаў зусімняма.
Медпункт у лагеры працуе кругласутачна. Медыцынскія сёстры Марыя Алегаўна Стрэчань і Таццяна Сяргееўна Пятровіч распавядаюць, што і на бягучай змене ўкусы дзяцей кляшчамі не зарэгістраваны. Калі рабяты і звяртаюцца да медыкаў, то ў асноўным з павышанай тэмпературай цела. Ізалятар пустуе, хоць у сувязі з нестабільным надвор’ем чакалі, што малыя пачнуць хапаць прастуду.
У 10.00 па плане ў дзяўчат і старэйшага выхавальніка Вольгі Аляксандраўны Матусевіч абход лагера, падчас якога яны правяраюць санітарны стан домікаў, наяўнасць у дзяцей забароненых прадуктаў (малочных, мясных вырабаў, чыпсаў, газіроўкі).
І днём, і ноччу ахоўваюць спакой і бяспеку адпачываючых міліцыянеры Карэліцкага раённага аддзела ўнутраных спраў.
– Падчас нясення службы кантралюем захаванне грамадскага парадку, не дапускаем пранікнення на тэрыторыю лагера старонніх асоб, правяраем дакументы, сумкі. Рэгулярна робім абход. Няшчасныя выпадкі і здарэнні на 14 ліпеня адсутнічаюць, – дакладвае Андрэй Генадзьевіч Носаў, міліцыянер-канваір сяржант міліцыі.
Кожная лагерная змена мае свой кірунак дзейнасці. На трэцяй педагагічны калектыў, які налічвае без малога тры дзясяткі спецыялістаў, вырашае задачы грамадзянска-патрыятычнага выхавання падрастаючага пакалення.
У гэтым годзе ўпершыню на базе «Вясёлкі» функцыянуе студэнцкі педагагічны атрад у складзе 12 чалавек ва ўзросце ад 18 да 31 года. Акрамя мясцовых хлопцаў і дзяўчат, спасцігаць асновы прафесіівыхавальніка выказалі жаданне студэнты з Гродна, Навагрудка, Баранавіч. На кожны з 10 домікаў у выніку прыходзіцца па два важатых.
Паколькі культарганізатар Вольга Аляксандраўна Таранда ў апошнія гады актыўна захапляецца танцамі, то на дадзенай лагернай змене, акрамя стандартных «Міс і містэр лагер», «Дзюймовачка», «Зарніца», «Малыя алімпійскія гульні» і іншых, праводзяцца мерапрыемствы харэаграфічнай накіраванасці. Вялікай папулярнасцю карыстаюцца флэшмобы, удзельнічаць у якіх жадаюць нават 6-гадовыя рабяты. Узнімае настрой па раніцах музычнае суправаджэнне на зарадцы. Некалькі разоў на тыдзень культарг прыходзіць на дапамогу настаўнікам фізкультуры Дзмітрыю Міхайлавічу Качану і Аляксандру Юр’евічу Кужалевічу, уносячы шэраг новых танцавальных практыкаванняў.
З апошніх новаўвядзенняў – квэсты, брэйн-рынгі для малодшых дзяцей па матывах казак. Бясспрэчна, адным з самых любімых мерапрыемстваў усіх узростаў застаецца дыскатэка. Вольга Аляксандраўна прызнаецца, штоўсе новыя вывучаныя рухі рабяты разам з важатымі паўтараюць у клубе, адточваюць іх амаль да ўпаду. У якасці заахвочвання за актыўнасць і добрыя паводзіны дыскатэка можа падоўжыцца на пару хвілін. Аднак такое адбываецца вельмі рэдка, усё ж такі адбой ёсць адбой. З 22.00 увесьлагер павінен пагрузіцца ў сон.
Пагутарыўшы з мясцовым «міністрам культуры», як называюць Вольгу Аляксандраўну ў лагеры, адпраўляюся ў госці ў першы домік, які трапіў на вочы. Ім аказаўся шосты па ліку, у ім пражываюць 16 дзяўчынак. Ложкі прыбраны, рэчы акуратна складзены, падлога падмецена і вымыта – прыкметна, што пасля снедання юныя асобы былі заняты ўборкай пакояў. Як распавядае іх выхавальнік Ірына Баляславаўна Купцэвіч, з яе 34-гадовым стажам працы ў школе спраўляцца з падлеткамі нескладана. У той дзень яе падапечныя дзяжурылі па лагеры. У кожнага былі свае абавязкі: хтосьці расстаўляў посуд і порцыі ў сталовай, нехта сачыў за чысцінёй на ўсёй тэрыторыі «Вясёлкі».
– Я тут адпачываю ў другі раз, а я ўжо ў чацвёрты, і я чацвёрты год запар, – з усіх бакоў пачалі даносіцца воклічы пастаяльцаў лагера, калі паспрабавала даведацца, хто сюды трапіў не ўпершыню. Дзяўчынкі падзяліліся, што ў лагеры ім падабаюцца забавы, радуюць новыя знаёмствы, а выбралі менавіта гэтую змену, таму што тут весялей за ўсё з-за вялікай колькасці дзяцей. Пад адным дахам змаглі не проста ўжыцца дзяўчынкі з самых розных куткоў раёна, а гэта Карэлічы, Мір, Горная Рута, Вялікая Слабада, з іх усіх ужо атрымалася дружная каманда. Пацверджанне таму – актыўны ўдзел у разнастайных мерапрыемствах з заваяваннем прызавых месцаў.
У першых доміках, на ўскрайку каля лесу, пражываюць навучэнцы пачатковых класаў. На ганку выхавальнік Алена Віктараўна Хвясько запаўняе пратакол па мерах бяспекі для мерапрыемства, якое правядуць з дзецьмі пажарныя-выратавальнікі. Кажа, што ў «Вясёлцы» працуе трэці раз. Раней бывала ў лагерах «Лясная казка» і «Крынічка», таму гэтае месца аздараўлення ёсць з чымпараўнаць, і прэтэнзій да яго ніякіх няма. Адзінае, далекавата ісці да возера. З-за прахалоднага надвор’я пакупацца пакуль не ўдалося, але ножкі паспелі памачыць.
Пераходзячы ад адной станцыі свайго маршруту да другой, даведалася шмат цікавага ад педагога-псіхолага Кацярыны Аляксандраўны Макарэвіч, якая суправаджала мяне на працягу ўсяго «вясёлкавага» падарожжа ў якасці мясцовага гіда: «Праз дзень пасля адкрыцця змены, каб адкарэкціраваць будучыя мерапрыемствы, сярод дзяцей было праведзена анкетаванне на тэму «Маё меркаванне аб лагеры «Вясёлка», па выніках якога высветлілася, што 93% рэспандэнтаў падабаецца адпачываць тут, астатнім 7% цяжка было выказаць сваё меркаванне, відаць, з прычыны таго, што у лагеры яны ўпершыню. У планах – правядзенне сацыяметрыі, гэта значыць вызначэнне ў кожным доміку лідэра і дзіцяці, якое менш папулярна сярод аднагодкаў. Неабходна гэта для таго, каб, да прыкладу, з апошнім арганізаваць адпаведную працу па развіцці камунікатыўных навыкаў, паспрыяць набыццю новых сяброў, яго разняволенню».      
Куды ні глянь, усюды дзеці пры справе. Самыя спартыўныя рабяты з раніцы пачалі падрыхтоўку да мясцовых алімпійскіх гульняў. Некаторыя з нецярпеннем чакаюць сустрэчы з карэліцкімі пажарнымі. На гэты раз інспектар Карэліцкага РАНС Аксана Сяргееўна Скок са сваімі юнымі памочнікамі з Беларускай маладзёжнай грамадскай арганізацыі выратавальнікаў-пажарных у рамкахрэспубліканскай акцыі «Канікулы без дыму і агню» правяла гульню «Краіна бяспекі». На працягу гадзіны рабяты ў складзе дзевяці каманд праходзілі выпрабаванні па розных станцыях на веданне правіл паводзін пры пажары, на вадзе, у лесе, гісторыі пажарнай справы, апраналі на хуткасць экіпіроўку выратавальніка, дэманстравалі свае фізічныя даныя. Каманда-пераможца атрымала ад работнікаў РАНС тэматычныя падарункі. Па традыцыі рабяты даследавалі пажарную машыну, якая прыбыла ў лагер, а разам з ёй усё аварыйна-выратавальнае абсталяванне. Завяршылася сустрэча з гасцямі воднай феерыяй з пажарнага ствала.

Не спатрэбілася і паловы дня, каб зразумець, што лагер – гэта не толькі месца адпачынку і аздараўлення, гэта асяроддзе пражывання, дзе хлопчыкі і дзяўчынкі вучацца лепш разумець сябе, наладжваць адносіны з іншымі людзьмі і навакольным светам. Яны атрымліваюць пажытак для розуму і эмоцый, развіваюцца і гадуюць свае таленты. І гэта важна, бо праз адзін-другі дзясятак гадоў мы хацелі б з вамі знаходзіцца ў грамадстве мэтанакіраваных, творчых, паспяховых асоб, якія паважаюць сябе, асяроддзе і адданы роднай краіне.
Караліна КУЧУК.
Фота аўтара.

Добавить комментарий