У чытальнай зале дзяржаўнай установы культуры «Карэліцкая раённая бібліятэка» праведзены сход членаў раённай арганізацыі Камуністычнай партыі Беларусі

На гэты раз сход членаў раённай арганізацыі КПБ праходзіў з запрашэннем грамадскасці гарпасёлка. Для абмеркавання былі вынесены тры пытанні: задачы раённай партыйнай арганізацыі па падрыхтоўцы да 100-годдзя Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі, зацвярджэнне мерапрыемстваў да гэтай падзеі, прыём у партыю новых членаў.
Слова трымала сакратар Карэліцкай раённай арганізацыі Камуністычнай партыі Беларусі Марыя Уладзіміраўна Беленава. Як адзначыла раённы партыйны лідар, перад арганізацыяй і яе членамі стаяць задачы: выкрываць міфы, хлусню ідэалагічных праціўнікаў, якія імкнуцца напярэдадні юбілею выліць бруд на мінулае, і тлумачыць людзям на канкрэтных прыкладах перавагі дасягненняў сацыялізму, важнейшым з якіх з’яўляецца павага да чалавека працы.
«У год 100-годдзя Вялікага Кастрычніка трэба павялічваць аналітычную, ідэйна-тэарэтычную работу. Камуністам, асабліва, маладым партыйцам, — сканцэнтраваць увагу на працах марксізму-ленінізму, гэтаму павінны служыць навукова-практычныя канферэнцыі, дыскусіі, «круглыя сталы». Неабходна актыўней практыкаваць акцыі. Юбілей з’яўляецца падставай для сустрэч з людзьмі, абмеркавання праблем, якія іх хвалююць на сучасным этапе»,— адзначыла прамоўца.
Марыя Уладзіміраўна выказала спадзяванне, што Кампартыя Беларусі дастойна сустрэне 100-годдзе Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі, а члены раённай арганізацыі ўсе свае веды і вопыт накіруюць на гэта.
На сходзе выступіў старэйшы член партыі, жыхар райцэнтра Іван Іванавіч Вярбіцкі.
Зацверджаны мерапрыемствы да святкавання 100-годдзя Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі. Рады раённай партыйнай арганізацыі папоўніліся новымі членамі.
Галіна СМАЛЯНКА.
Фота Караліны КУЧУК.

Добавить комментарий