У ДУК «Карэліцкі маладзёжны цэнтр культуры» адбылося раённае свята, прысвечанае Дню ведаў

Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Карэліцкага райвыканкама, старшыня раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын» Іна Міхайлаўна Санчук шчыра павіншавала дзяўчынак і хлопчыкаў з Днём ведаў і пачаткам новага навучальнага года. «Свята першага званка стала не проста традыцыйным святочным днём, але і сведчаннем глыбокай павагі грамадства да ведаў і навукі, — сказала прамоўца. — Добрая адукацыя для чалавека — гэта ўпэўненасць у сваіх сілах, ключ да будучага поспеху, а для краіны — аснова сацыяльнага дабрабыту і эканамічнай самастойнасці. Таму безумоўным прыярытэтам нашай дзяржавы з’яўляецца дынамічнае развіццё сістэмы адукацыі, павышэнне яе якасці і даступнасці.

Свята першага званка аб’ядноўвае людзей розных пакаленняў. Гэты знамянальны дзень распачынае дарогу ў будучыню, у цікавае жыццё, насычанае радасцю пазнання і новых адкрыццяў».

Іна Міхайлаўна пажадала ўсім, хто працуе ў галіне адукацыі, прафесійных поспехаў, творчай актыўнасці, каб спадарожнікамі былі паразуменне і падтрымка калег, глыбокае прызнанне і ўдзячнасць дзяцей і бацькоў. Бацькам жа, бабулям і дзядулям зычыла быць цярплівымі і ў меру патрабавальнымі да сваіх дзяцей і ўнукаў, уважліва ставіцца да іх патрэб і інтарэсаў, падтрымліваць і дапамагаць ім у важнай справе атрымання ведаў.

Іна Міхайлаўна ўручыла Дыпломы актывістам — узорнай групе «Арыета», вакальнай групе «Усмешка», ансамблю гітарыстаў, Карыне Есьман, Ульяне Моніч, Эвеліне Коршун, Лізавеце Шпак. У тым, што дзяўчынкі і хлопчыкі валодаюць талентамі і ўмеюць дарыць іх людзям, прыйшлося пераканацца на свяце — іх выступленні зачароўвалі і ўзнімалі настрой, і сцэну яны пакідалі пад гучныя апладысменты.

На свяце былі прадстаўлены розныя выставы і атракцыёны. Накіравалася да палаткі, у якой працавалі супрацоўнікі Карэліцкай дзіцячай бібліятэкі. Тут былі прадстаўлены выстава развіваючых пазнавальных кніг на тэму: «Вучыся! Пазнавай! Здзіўляйся!», а таксама  развіваючыя і настольныя гульні: канструктар «Лега» для дзяўчынак і хлопчыкаў, вясёлыя гонкі, дзіцячае рускае лато, пазлы для дзяўчынак і хлопчыкаў, шашкі, шахматы, правілы дарожнага руху, лагічныя віктарыны, бяспройгрышная латарэя.

Пацікавілася меркаваннямі наконт свята ў яго ўдзельнікаў. Дырэктар ДУК «Карэліцкая раённая бібліятэка» Лілія Канстанцінаўна Арцюх сказала: «Чалавек усё жыццё вучыцца, а першай прыступкай вучобы з’яўляецца школа. Яна дае пуцёўку ў жыццё, і, безумоўна, кніга — крыніца ведаў. Хацелася б, каб дзеці больш звярталі ўвагу на чытанне кніг, а не гулялі ў камп’ютарныя гульні. У рамках гэтага свята падведзены вынікі акцыі «Лета і кніга». Дыпломамі ўзнагароджаны актыўныя чытачы Ульяна Моніч (вучаніца 5 «Б» класа СШ №2 г.п. Карэлічы) і Карына Есьман (вучаніца 8 «А» класа СШ №2 г.п. Карэлічы)».

Вучаніца 6 «Б» класа гэтай жа школы Вікторыя Адамцэвіч прызналася, што ёй падабаецца свята, і тут працуе шмат атракцыёнаў для дзяцей, выступаюць творчыя калектывы і таленавітыя дзеці. Дзяўчынка рада сустрэчы са школай, любімымі сябрамі і настаўнікамі. Лета прайшло хутка, засталіся цёплыя ўспаміны і можна з новымі сіламі брацца за вучобу.

«Гэта вельмі цудоўна, што ёсць такія святы, — сказала мама маленькай Мілены Інга Анатольеўна Янкоўская. — Можна прыйсці сюды з дзецьмі. Дзень ведаў нагадвае пра школьныя гады. Я сама былая ўдзельніца такіх свят: спявала песні, выступала ў ролі вядучай. Хачу, каб мая дачка расла здаровай і таленавітай».

Гэтага хочацца пажадаць і ўсім дзяўчынкам і хлопчыкам, якія сёлета накіраваліся ў Краіну ведаў. Няхай на іх шляху ўсё ўдаецца, з кожным днём узрастае прага да ведаў, шырэй раскрываюцца іх творчыя таленты!

 

Галіна СМАЛЯНКА.

Фота Іны ЛЕЙКА.

Добавить комментарий