Вячаслаў Іванавіч Апалонік амаль паўстагоддзя прысвяціў педагагічнай дзейнасці

Вячаслава Іванавіча АПАЛОНІКА добра ведаюць у Карэліцкім раёне. Усё сваё свядомае жыццё педагог прысвяціў справе выхавання падрастаючага пакалення. Напярэдадні 70-гадовага юбілею мэтра педагагічнай справы журналіст гутарыць з ім аб ролі школы, працы настаўніка, любові да вучняў — такім блізкім і дарагім яго сэрцу.

 

— Вячаслаў Іванавіч, амаль паўстагоддзя ў школе — гэта і пачэсна, і адказна. І ўсё-такі, якое месца яна займала ў Вашай прафесійнай дзейнасці?

—  Мой педагагічны стаж налічвае 47 гадоў, з якіх 43 — праца на карэліцкай зямлі. Уся прафесійная дзейнасць звязана са школай. Спачатку настаўнік, потым — праца ў раённым аддзеле адукацыі, дырэктар школы, кіраўнік раённага аддзела адукацыі. Пасля выхаду на заслужаны адпачынак яшчэ давялося папрацаваць настаўнікам матэматыкі.

— Чым адрозніваецца сучасная школа ад школы ХХ стагоддзя?

— Справа ў тым, што стагоддзе — вельмі вялікі прамежак часу. Школа ніколі не стаяла на месцы ў сваім развіцці, але заўсёды выконвала сваю галоўную ролю — вучыла і выхоўвала дзяцей. Другое пытанне, якія перад ёю ставіліся задачы? Мне давялося працаваць у той час, калі пачаліся даволі хуткія рэфармаванні: мяняліся падручнікі, уводзіліся новыя метадычныя падыходы да ўрока, спрабавалі высветліць, што першаснае, больш значнае — веды, вучоба ці выхаванне, якім павінен быць выпускнік школы. Нешта падобнае адбываецца і цяпер. Адукацыя падышла да веку інтэрнэту, камп’ютарызацыі. Мяняецца грамадства, мяняецца і роля школы.

— А настаўнік якімі якасцямі павінен валодаць? На Вашу думку, гэта найчасцей прызванне ці дастаткова добра ведаць школьны прадмет, прафесійна выконваць свае абавязкі?

— Прафесія настаўніка прад’яўляе да чалавека высокія патрабаванні. Настаўнік заўсёды на віду, ён з’яўляецца для вучняў аўтарытэтам, павінен служыць для іх прыкладам, а гэта патрабуе высокай эрудыцыі, творчага падыходу да сваёй працы, пастаяннага самаўдасканалення. Адной з важнейшых асаблівасцяў настаўніка, на маю думку, з’яўляецца тое, што аб’ект яго працы — дзіця — пастаянна змяняецца, заўсёды нясе нешта новае, сёння не тое, што ўчора. Думаю, што аднаго ведання свайго прадмета (гэта таксама вельмі важна) мала. Настаўнік тады настаўнік, калі сам пастаянна вучыцца. У кожным настаўніку павінна свяціцца і ніколі не згасаць іскрынка дзіцяці.

— У Вашай прафесійнай дзейнасці сустракаліся маякі, на каго хацелася б раўняцца? Каму  сёння хочацца сказаць словы ўдзячнасці?

— Так здарылася, на якой бы пасадзе я не працаваў, мяне акружалі добразычлівыя людзі. У 1974 годзе я пачаў працаваць настаўнікам матэматыкі ў Карэліцкай сярэдняй школе. Маім кіраўніком у настаўніцкай справе была Тамара Іларыёнаўна Уласевіч (на жаль, яе няма сярод нас) — матэматык ад Бога, добрая, граматная настаўніца, улюблёная ў сваю працу і свой прадмет. Яна мяне падтрымлівала, цярпліва навучала, тлумачыла, расказвала і дапамагала. Вопыт работы і матэматычную падрыхтоўку мела і мая жонка Наталля Уладзіміраўна. Спрэчкі, доказы маглі прадаўжацца далёка за поўнач — да таго часу, пакуль не будзе знойдзена адзінае правільнае рашэнне задачы, не будзе прадуманы ход урока. Непамерна вялікую дапамогу аказваў і завуч школы Мікалай Мікалаевіч Данільчык.

…А затым праца дырэктарам школы. Тактычна, граматна накіроўваў маю дзейнасць загадчык аддзела адукацыі Віталій Васільевіч Шэўка. Гэта з яго дапамогай быў адкрыты першы ліцэйскі клас, завязаліся творчыя зносіны з ВНУ г. Мінска. Склаўся добры педагагічны калектыў. Школа была рэарганізавана ў гімназію. Выпускнікі гімназіі мелі трывалыя веды практычна па ўсіх прадметах, паспяхова паступалі вучыцца ў ВНУ.

У аддзеле адукацыі працаваў з метадыстам высокай кваліфікацыі, намеснікам загадчыка Вольгай Сцяпанаўнай Валько. Мы выпрацоўвалі новыя метадычныя падыходы да вядзення ўрока, вучылі складаць планы ўрока, іх абараняць. Падтрымлівалі нас і кіраўнікі ўстаноў адукацыі. Гэта давала свой плён. Раён быў пераможцам па выніках цэнтралізаванага тэсціравання па асноўных вучэбных прадметах, па выніках паступлення ў ВНУ. Да нас прыязджалі вучыцца з іншых раёнаў і абласцей рэспублікі.

Хачу выказаць яшчэ раз шчырыя словы ўдзячнасці кіраўнікам і іх намеснікам, педагагічным калектывам устаноў адукацыі за разуменне, дапамогу і цярпенне. Зразумела, што без дапамогі раённай улады нічога не адбывалася. Патрабавальна, але з вялікай павагай адносіўся, і сёння так жа, да працы настаўніка старшыня раённага выканаўчага камітэта Віктар Леанідавіч Шайбак. Гэта пад яго непасрэдным кіраўніцтвам установы адукацыі набывалі новы выгляд, умацоўвалася матэрыяльная база.

— Праз Ваша сэрца прайшла вялікая колькасць выпускаў і выпускнікоў, за плячыма — юбілеі школ, урачыстыя лінейкі. Што асабліва запомнілася і часта ўсплывае ў памяці?

— Выпускнікі. Іх, вядома, было шмат. Памятаю свае першыя выпускі. Мне прыемна і сёння, пасля столькіх гадоў, сустракацца з імі і іх бацькамі. Па-рознаму склаўся іх лёс. Бацькі тых выпускнікоў у асноўным не мелі вышэйшай адукацыі, але гэта людзі з добрым сэрцам, людзі, якія ўмеюць шанаваць і паважаць іншых. Гэта былі іншыя дзеці, як і іншыя бацькі. Настаўнік у іх вачах быў асобай, прыкладам, меў аўтарытэт.

— Восень — багатая пара года не толькі на дары палёў і лясоў. Вы нарадзіліся восенню, гэтай парой пачыналі новы навучальны год, адзначалі свята настаўніка. Дык няхай надалей восень жыцця будзе залатой, якой яе дорыць сама прырода.

 

Падрыхтавала да друку Галіна СМАЛЯНКА.

Добавить комментарий