Склаўшы рукі не сядзім!

«Будучыня за моладдзю», «Маладым усюды дарога» – простыя ісціны, якія вядомы ўсім. І сапраўды, ініцыятыўная моладзь – гэта генератар свежых ідэй і новых поглядаў на звыклыя рэчы. Таму маладым спецыялістам рады ўсе і ўсюды.

Цёпла сустракаюць маладых спецыялістаў і ў СВК “Жухавічы”. Моладзь адчувае гэта і, адпрацаваўшы два гады, не едзе на малую радзіму, а застаецца працаваць на жухавіцкай зямлі. Так адбылося з учарашнім маладым спецыялістам Аленай Крывалевіч, якой першае працоўнае месца прыйшлося даспадобы. Пасля двух гадоў абавязковай адпрацоўкі яна падпісала кантракт і з задавальненнем працуе бухгалтарам па налічэнні заработнай платы ў СВК “Жухавічы”. Сама дзяўчына родам з Брэсцкай вобласці, скончыла факультэт бухгалтарскага ўліку, аналізу і аўдыту ў АПК Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта. Сёння Алена з усмешкай успамінае той час:

— Безумоўна, едучы па размеркаванні, вельмі хвалявалася: як складзецца жыццё на новым месцы далёка ад родных мясцін. Але ўсе хваляванні былі дарэмныя: калектыў сустрэў мяне выдатна, гаспадарка забяспечыла жыллём, зарплата стабільная і дастаткова высокая па сучасных мерках. Чаго яшчэ можна жадаць?

  Як прызнаецца дзяўчына, два гады праляцелі вельмі хутка. Можна было б ужо сёння вярнуцца дадому, але Алена знайшла сваё месца на жухавіцкай зямлі. Праўда, па словах дзяўчыны, першы год было крыху сумна. Але ўсё залежыць ад кожнага з нас: можна сядзець склаўшы рукі, а можна актыўна жыць і прымаць удзел у культурных і спартыўных мерапрыемствах. Менавіта так робіць Алена.

 Задаволена працай у СВК “Жухавічы” і Крысціна Пашкевіч. Пасля заканчэння факультэта бухгалтарскага ўліку, аналізу і аўдыту ў будаўніцтве Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта была размеркавана дадому, дзе, як кажуць, і сцены дапамагаюць. Другі год, як і Алена, працуе бухгалтарам на налічэнні зарплаты ў СВК “Жухавічы”.

– Калектыў дапамог мне асвоіцца на першым працоўным месцы, прымяніць атрыманыя веды на практыцы. Жыву я з бацькамі, таму жыллёвае пытанне не паўставала. Сёння вельмі востра стаіць пытанне з недахопам кваліфікаваных кадраў на вёсцы. Ні пасада галоўнага спецыяліста, ні ўтульны домік ў аграгарадку не ўтрымліваюць маладых спецыялістаў у сельскай мясцовасці, усе яны імкнуцца ў вялікія гарады. Але, шчыра кажучы, я не разумею іх імкнення. На мой погляд, выказванне “Добра там, дзе нас няма” мы павінны перайначыць пад сябе: “Добра там, дзе мы жывём і працуем”, – з энтузіязмам падзялілася думкамі Крысціна.

Добавить комментарий