Домік у вёсцы чакае гаспадара

Тэма пустуючых і старых дамоў у сельскай мясцовасці не губляе сваёй актуальнасці на працягу многіх гадоў. Нічога не зробіш, працэс урбанізацыі няспынна ідзе ва ўсім свеце, людзі па-ранейшаму імкнуцца ў вялікія гарады. Што рабіць з пустуючымі дамамі, у якіх ніхто не жыве гадамі, — пытанне, які паступова вырашаецца на мясцовым узроўні. На яго ў чарговы раз спрабавалі адказаць на пасяджэнні Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта.

Як адзначыла начальнік аддзела архітэктуры і будаўніцтва Карэліцкага райвыканкама Ірына Казіміраўна Малышава, за 2012-2016 гады ў раёне знесена 256 старых дамоў і падмуркаў, у тым ліку па сельсаветах: Варанчанскі — 25, Ярэміцкі — 23, Жухавіцкі — 26, Красненскі — 39, Лукскі — 19 , Малюшыцкі — 46, Райцаўскі — 8, Турэцкі — 31, Цырынскі — 25, Мірскі — 14. У выніку праведзенай работы вызвалена 41,67 га зямель, з іх уведзена ў сельгасабарот 8,53 га, уключана ў пералік свабодных участкаў 4,2 га, прадастаўлена грамадзянам для вядзення асабістай падсобнай гаспадаркі — 0,86 га.
На правядзенне работ па зносу старых дамоў за 2012-2016 гады накіравана 85,3 тыс. рублёў, за 2017 год — 8,712 тыс. руб. На 1 лістапада 2017 г. у сельскай мясцовасці налічваюцца 10674 домаўладанні, у тым ліку незаселеных — 4643 (214 пустуючых, 4429 выкарыстоўваюцца для часовага пражывання).
— Уласнікам дамоў, па якіх ўстаноўлена месца жыхарства, накіроўваюцца паведамленні аб маючым адбыцца ўключэнні дома ў рэгістр пустуючых, — падкрэсліла І. К. Малышава. — Калі месца жыхарства ўладальніка дома невядома, прымаюцца меры па яго вышуку праз аддзел унутраных спраў Карэліцкага райвыканкама. У выніку вышуковых мерапрыемстваў устаноўлена месца жыхарства 16 грамадзян. У дачыненні да 27 грамадзян месца жыхарства не ўстаноўлена.
У выніку праведзенай работы 29 уласнікаў жылых дамоў апавясцілі раённы выканаўчы камітэт аб намеры выкарыстоўваць іх па прызначэнні, 2 заключылі дамовы куплі-продажу пасля падачы заяў у суд.
За 2017 год рашэннем Карэліцкага райвыканкама ў рэгістр пустуючых дамоў уключана 50 дамоў. Рашэннем суда Карэліцкага раёна 16 дамоў прызнаны безгаспадарнымі і перададзены ў сельсаветы. У дачыненні да 21 домаўладання дакументы накіраваны ў суд на разгляд.
На тэрыторыі раёна за 2017 год знесены 41 састарэлы дом. Уласнікі гэтага жылля не жылі ў ім на працягу апошняга года і не прымалі мер па прывядзенню дамоў у належны стан. Як адзначыла Малышава І. К., у гэтым пытанні маецца шэраг складанасцяў. Найбольш праблемныя пытанні ўзнікаюць з пошукам уласнікаў домаўладанняў, асабліва з тымі, хто жыве за межамі краіны. Пры накіраванні паведамленняў аб намеры далейшага выкарыстання імі домаўладання заказныя лісты вяртаюцца ў сувязі з незапатрабаванасцю. Гэтыя абставіны перашкаджаюць далейшай працы з домаўладаннямі.
Сельвыканкамам сумесна з землеўпарадкавальнай службай Карэліцкага райвыканкама неабходна праводзіць больш сістэмную работу па рэкультывацыі зямель у вёсках пасля зносу старых і пустуючых дамоў. Землі пасля зносу дамоў, падрыхтаваныя для выкарыстання, г.зн. без рэшткаў падмуркаў і старых пладовых дрэў, падлягаюць перадачы ў сельскагаспадарчы абарот. Так, за 2017 год знесены 41 стары і 10 пустых дамоў і толькі 3 участкі плошчай 0,7 га ўключаны ў пералік свабодных зямель.
Вызваленыя пасля зносу трухлявага жылля ўчасткі могуць быць прадастаўлены грамадзянам, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Для будаўніцтва і абслугоўвання аднакватэрных, блакіраваных жылых дамоў на 1 лістапада 2017 г. уключана ўсяго 230 участкаў на плошчы 46,88 гектара. Гэтыя зямельныя ўчасткі можна выкарыстоўваць пад касьбу, выпас жывёлы, для вядзення асабістай падсобнай гаспадаркі, займацца лесапасадкай.
Іна ЛЕЙКА.

Добавить комментарий