Делегаты Кореличчины делятся впечатлениями о торжественной церемонии награждения лучших тружеников АПК Беларуси

Віктар Леанідавіч Шайбак, старшыня Карэліцкага райвыканкама:

— На працягу ўсёй сустрэчы адчувалася павага Прэзідэнта да сялян, чыімі рукамі забяспечваецца харчовая бяспека нашай краіны. Але самае галоўнае, на чым акцэнтаваў увагу Кіраўнік дзяржавы, — гэта тэма малой радзімы. Таму кожны з нас павінен успомніць пра тое месца, дзе нарадзіўся, і зрабіць усё неабходнае для таго, каб яно расквітнела. Гэта тычыцца не толькі органаў мясцовага кіравання і самакіравання, але кіраўнікоў нашых арганізацый і дзяржаўных служачых, не толькі дарослых, але і дзяцей. Кожны куток нашай сінявокай краіны павінен радаваць сэрца беларуса, тады і госці, наведваючы наш раён, вобласць, краіну будуць атрымліваць эстэтычнае задавальненне.

Асабіста я з гонарам прадстаўляў Карэліцкі рэгіён на такім высокім форуме. Нам ёсць чым ганарыцца: Карэліччына знаходзіцца ў дваццатцы наймацнейшых раёнаў Беларусі па вытворчасці малака і мяса. Свінагадоўчы комплекс СВК «Маяк-Заполле» з’яўляецца лідарам па вытворчасці мяса свініны ў краіне.

На 2018 год мы паставілі высокую планку, задачы стаяць сур’ёзныя. Нам трэба тэхналагічна, сістэмна і смела ісці на тэхнічнае перааснашчэнне і мадэрнізацыю нашых прадпрыемстваў раслінаводчай і жывёлагадоўчай галіны.

Уладзімір Арсенцьевіч Галавач, старшыня СВК “Свіцязянка-2003”:

– Мне вельмі прыемна, што дзякуючы аграрным поспехам Карэліцкага раёна мы атрымалі магчымасць прыняць удзел ва ўрачыстай рэспубліканскай цырымоніі ўзнагароджвання лепшых работнікаў сельскай гаспадаркі і пачуць словы ўдзячнасці за добрасумленную працу ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі. Падчас мерапрыемства, я ўпэўнены, кожны  дэлегат адчуваў гонар не толькі за свой раён, але за кожнага працаўніка, які штодзённа аддае ўсе сілы дзеля агульнай справы. Безумоўна, сяляне дастойны такой павагі.

Вельмі прыемна, што развіццю і добраўпарадкаванню сельскіх населеных пунктаў будзе надзяляцца значная ўвага. Бо для таго, каб сельская мясцовасць квітнела, тут павінна заставацца моладзь, якая сёння вельмі патрабавальная. Безумоўна, кожны хутар адрадзіць у нас не атрымаецца. А вось стварыць усю неабходную інфраструктуру для камфортнага пражывання моладзі ў аграгарадках – у нашых сілах.

Іна ЛЕЙКА, Аксана ЯНУШ.

 

Добавить комментарий