На працягу двух гадоў Мір стане камфортней

Псіхолагі даўно даказалі: з якім настроем чалавек правёў раніцу, з такім і працоўны дзень скончыць. А ад чаго ён, наш настрой, залежыць? Натуральна,  ад простых, звычайных рэчаў:  ад якасці вады з-пад крана, дарогі, па якой мы ідзём на працу… На працягу некалькіх гадоў ад жыхароў г.п. Мір паступалі справядлівыя нараканні і на тое, і на другое. Але ўжо з гэтага года дзякуючы праграме комплекснага добраўпарадкавання і развіцця гарадскі пасёлак чакае шэраг абнаўленняў. З чаго пачнецца добраўпарадкаванне Міра, журналіст «Полымя» пацікавілася ў намесніка старшыні Карэліцкага райвыканкама Аляксандра Анатольевіча Быліча.

— Аляксандр Анатольевіч, якія сферы жыццядзейнасці пасёлка Мір будуць закрануты ў першую чаргу?

— У першую чаргу будзем вырашаць праблему якасці пітной вады. Будуць пабудаваны тры артэзіянскія свідравіны, сетка водазабеспячэння, станцыя абезжалезвання, рамонт існуючай воданапорнай вежы. Існуючыя свідравіны (іх пяць) будуць ліквідаваны. По вуліцы Першамайскай будзе пабудаваны водаправод, і людзям не трэба будзе хадзіць да калодзежа або калонкі па ваду. Адразу падкрэслю, што праграма добраўпарадкавання разлічана на два гады: 2018-ы і 2019-ы, таму асноўныя работы будуць праведзены ў наступным годзе. Пакуль што рыхтуецца дакументацыя, праводзяцца неабходныя працэдуры. У гэтым годзе па інвестыцыйнай праграме на мэты водазабеспячэння пасёлка выдзелена 1 млн 100 тыс. рублёў.

— Як будзе вырашацца дарожнае пытанне?

— Пачнём з рэканструкцыі вуліц Сташэўскай, Танкістаў, Зорнай, Школьнай і Першамайскай. Вуліца Сташэўскай — на асаблівым кантролі, бо там знаходзяцца школа і дзіцячы сад. І гэта ў першую чаргу пытанне бяспекі нашых дзяцей. Таму ў раёне навучальных устаноў запланавана стаянка для транспарту, на працягу ўсёй вуліцы будуць пакладзены новае асфальтавае пакрыццё і тратуары. Новае дарожнае палатно з’явіцца і на Школьнай, Першамайскай, Танкістаў і Зорнай. На гэтыя мэты выдзелена 700 тысяч рублёў.

У кварталах індывідуальнай жылой забудовы Маладзёжны і вуліц Філончыка, Федаракі, Дамейкі будзе завершана добраўпарадкаванне, будаўніцтва інжынерных сетак. На гэтыя мэты выдзелены 1 млн рублёў. Плануецца, што ў другім квартале бягучага года будаўнікі змогуць прыступіць да працы.

 

— На якой стадыі знаходзіцца пытанне аб будаўніцтве аб’язной дарогі вакол Міра?

— Цяпер рыхтуецца рабочы праект, кошт якога складае 450 тысяч рублёў. Работы па будаўніцтву дарогі запланаваны на 2019-2020 гады. На гэтыя мэты мяркуецца асвоіць 15,5 млн рублёў. Грошы, безумоўна, вялікія. Але зноў жа тут востра стаіць пытанне бяспекі і насельніцтва Міра, і турыстаў, якія прыязджаюць на экскурсіі ў замак. Не сакрэт, што цяпер на дарогах пасёлка рух інтэнсіўны, а восенню ён яшчэ ўзмацняецца за кошт вялікагрузных аўтамабіляў, якія перавозяць цукровыя буракі.

— Дзе яшчэ пройдзе рэканструкцыя?

—  Літаральна кожны аб’ект, пачынаючы ад пажарнай часці Карэліцкага аддзела па надзвычайных сітуацыях на ўездзе ў пасёлак і заканчваючы будынкам Мірскага ўчастка Карэліцкага РЭС, будзе абноўлены ў той ці іншай меры. Не застануцца ўбаку і прыватны бізнес, і насельніцтва. Напрыклад, на ўездзе ў Мір з боку Карэліч стаяць непрывабныя будынкі былой бойні і засолачнай, выкупленыя з аўкцыёну прыватнай асобай. Пакуль што пазітыўных змен там няма. Натуральна, уладальнікам трэба будзе задумацца над тым, як добраўпарадкаваць сваю ўласнасць. Або, да прыкладу, славуты горад майстроў, размешчаны насупраць Мірскага замка. Індывідуальныя прадпрымальнікі гандлююць у разнамасных палатках, якія выглядаюць не эстэтычна ў гістарычным цэнтры пасёлка. Ёсць прапанова пабудаваць комплекс у стылі аўтэнтычнай беларускай вёскі.

І насельніцтву нельга забывацца пра тое, што добраўпарадкаванне — клопат агульны. Мясцовыя жыхары таксама павінны прыкласці руку да пытання навядзення парадку на сваёй малой радзіме.

Іна ЛЕЙКА.

Фота аўтара.


Кампетэнтна

Аляксандр Часлававіч Лойка,

дырэктар музея «Замкавы комплекс Мір»:

— Комплекснае добраўпарадкаванне пасёлка закране і Мірскі замак у тым ліку. Работы пачнём з дамбы, якая знаходзіцца на замкавым возеры. Яе 4-метровы перапад выклікае апасенне, бо ў нас шмат турыстаў, якія гуляюць па мосце і любуюцца возерам. Акрамя пытання бяспекі, хочам таксама вырашыць праблему даступнасці харчавання. Таму ў планах — будаўніцтва трохузроўневага летняга кафэ, у якім будуць прадавацца ахаладжальныя напоі, марозіва і сэндвічы.

Натуральна, з’явіцца новы моцны мост праз вадаём, а вакол самаго возера — кальцавая веладарожка. Веласіпеды мы ўжо набылі, купім гіраскутэры. Спадзяюся, у нас з’явіцца і двухколка. Які ж замак без карэты, праўда? Зараз кампетэнтныя спецыялісты займаюцца падрыхтоўкай дакументацыі, ідзе працэс узгаднення. Бо Мірскі замак — гэта гістарычная каштоўнасць, і мы выконваем галоўны пастулат — не нашкодзь. Усе работы будзем праводзіць за кошт уласных сродкаў. Неабходна затраціць каля 250 тысяч рублёў.

У больш доўгатэрміновых планах — аднаўленне італьянскага саду на тэрыторыі 25 га і музеефікацыя замка Святаполк-Мірскіх, дзе працягваюцца раскопкі. Пакуль жа мы ў пошуку інвестараў і еўрапейскіх грантаў.

 

Дзяніс Сяргеевіч Захарчук,

дырэктар ДП «Птушкафабрыка

 «Чырвонаармейская»:

—  Работы па добраўпарадкаванні памяшканняў і тэрыторый, якія належаць «Чырвонаармейскай», ідуць пастаянна. Цяпер жа дзякуючы праграме комплекснага добраўпарадкавання Міра справа пойдзе хутчэй. Напрыклад, ужо ліквідаваны неэксплуатаваны будынак зернекомплексу, прыступім да зносу свірна, зернесклада, вагавой і ніжніх майстэрняў. Усе гэтыя будынкі даўно не выкарыстоўваюцца і зусім не ўпрыгожваюць тэрыторыю прадпрыемства. Нядаўна ўсталяваны дэзблок, накрыты спецыяльным навесам.

На сённяшні дзень будаўнікі працуюць на ўстаноўцы даху цэха № 10 пад вырошчванне курэй-малодак. Думаю, што да канца года будаўніцтва завершыцца, і тут з’явяцца першыя кураняты. Неабходна закупіць вентыляцыйнае і халадзільнае абсталяванне на яйкасклад.

Думаем і над паляпшэннем бытавых умоў для працаўнікоў прадпрыемства. Напрыклад, даўно наспела неабходнасць у рэканструкцыі раздзявалак. Па меры паступлення грашовых сродкаў будзем умацоўваць сваю матэрыяльна-тэхнічную базу.

 

Аляксандр Лявонцьевіч Маркевіч, старшыня Мірскага

сельскага выканаўчага камітэта:

— Безумоўна, тое, што ў г.п. Мір будуць змены, не можа не радаваць. Дзяржавай будуць выдзелены немалыя сродкі з бюджэту. Але і самім жыхарам трэба праявіць актыўнасць у навядзенні парадку на сваіх прыдамавых і прысядзібных тэрыторыях. Напрыклад, усталяваць новыя прыгожыя платы, прыбраць рознага роду будаўнічыя матэрыялы, размешчаныя на прыдамавых, прысядзібных тэрыторыях, спілаваць старыя пладовыя дрэвы, кусты. Для актывізацыі дзейнасці па замене платоў запланаваны дэмантаж старых агароджаў, якія стаяць на вуліцах Ленінградская, Кірава, Танкістаў, Маскоўская, Піянерская з 2002 года. Тады ў г.п. Мір праходзіў Дзень беларускага пісьменства, і пасёлак да свята абнавілі. Агароджы былі ўсталяваныя за кошт бюджэту. Аднак сёння яны выглядаюць не лепшым чынам. Дарэчы, некаторыя ўладальнікі дамоў ні разу за 16 гадоў так і не знайшлі часу ўзяцца за пэндзаль і пафарбаваць свае платы. А ў мінулым годзе адбыўся зусім анекдатычны выпадак: прыйшоў у сельсавет мужчына, працаздольнага, дарэчы, узросту: «У мяне ўпаў плот, трэба было б яго на месца паставіць». Такую цалкам утрыманскую пазіцыю трэба пакінуць у мінулым і разумець сваю асабістую адказнасць за дзяржаўную маёмасць.

Многія грамадзяне ўжо цікавяцца, як будзе праходзіць добраўпарадкаванне, кім будуць выконвацца работы па добраўпарадкаванні Міра. На гэтыя пытанні мы паспрабуем адказаць у сакавіку пры правядзенні шырокамаштабнага сельскага сходу. Людзі павінны разумець, што добраўпарадкаванне гарпасёлка ў 2018 годзе будзе накіравана ў першую чаргу на паляпшэнне жыцця мясцовых жыхароў. Так склалася, што нам, жыхарам старадаўняга пасёлка, не варта забываць аб тым, што мы жывём побач з аб’ектам Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. І ад таго, якім убачаць турысты Мір, магчыма, будзе залежаць і меркаванне турыстаў аб усёй Беларусі.

One thought on “На працягу двух гадоў Мір стане камфортней

  • 06.02.2018 в 20:48
    Permalink

    Навіна проста шыкоўная! Думаю, што ўсё будзе зроблена найлепшым чынам. Тут ніякіх памылак, недаробак не павінна быць. Усе разумеюць, што Мір даўно чакае гэтага. А вось назву месца, дзе прыватныя асобы займаюцца гандлем, патрэбна надаць так: «МІРСКІ ДВОР» (гэта ўпамінанне з гісторыі). Напаследак: з добрай рукі пачынайце!

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий