170 детей проходят оздоровление в школьных лагерях на базе 10 учреждений образования Кореличского района

У панядзелак для школьнікаў Карэліччыны, як і краіны ў цэлым, распачаліся першыя ў гэтым навучальным годзе канікулы, якія сёлета больш працяглыя і складаюць 10 дзён. Ізноў за парты вучні сядуць 8 лістапада.

Калі перад бацькамі вучняў пачатковых класаў паўстала пытанне, як зрабіць асеннія канікулы карыснымі для дзяцей, то абсалютна правы аказаліся тыя, хто вырашыў аддаць сваё дзіця ў школьны лагер дзённага знаходжання. Аргументаў такога выбару больш чым дастаткова.

Па-першае, кожны лагерны дзень дзецям прапаноўваюцца заняткі, накіраваныя на творчае развіццё, пазнавальную дзейнасць і знаёмства з родным краем. Выдатным прыкладам можа служыць аздараўленчы лагер пры Турэцкім ВПК дзіцячы сад-СШ “Здаравячок”, які наведваюць 15 школьнікаў. Для дзяцей запланавана шырокая культурная, спартыўная і развіваючая праграма. Так, у рамках рэгіянальнага экскурсіённага праекта “Да суседзяў” школьнікі адправяцца ў падарожжа па раёне, падчас якога яны наведаюць храмы ў Турцы, Ярэмічах, Карэлічах, Жухавічах і Міры. Цікавыя мерапрыемствы падрыхтавалі для школьнікаў і творчыя работнікі раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці.

Па-другое, бацькі могуць не хвалявацца аб тым, што іх дзеці накормлены. Трохразовае збалансаванае харчаванне па цане ў 10 рублёў за сем дзён знаходжання ў лагеры – лепш і прыдумаць нельга.

Апошні аргумент – гэта спакой за сваіх дзетак, якія будуць знаходзіцца пад наглядам кваліфікаваных педагогаў з 8.00 да 16.00.

З панядзелка школьныя лагеры пачалі працаваць на базе 10 устаноў адукацыі раёна, сярод якіх СШ №1 г.п. Карэлічы, СШ №2 г.п. Карэлічы, СШ г.п. Мір, Жухавіцкая СШ, Турэцкі ВПК дзіцячы сад-СШ, Ярэміцкі ВПК дзіцячы сад-СШ, Красненскі ВПК дзіцячы сад-СШ, Цырынскі ВПК дзіцячы сад-СШ, Лукская СШ і Райцаўскі ВПК дзіцячы сад-СШ, дзе адпачнуць і пройдуць здараўленне 170 школьнікаў.

Аксана ЯНУШ
Фота аўтара

Добавить комментарий