Ветерану войны Петру Иосифовичу Шевко исполнилось 95 лет. Юбиляра поздравило руководство района

Сёння, 7 ліпеня, ветэран Вялікай Айчыннай вайны Пётр Іосіфавіч Шэўка з вёскі Прыдаткі Красненскага сельсавета сустракае 95-гадовы юбілей.

Да яго сціплай хаткі, якая патанае ў зеляніне яблынь і груш, прыехалі старшыня Карэліцкага райвыканкама Генадзій Шатуеў, старшыня СВК “Маяк-Заполле” Віктар Маковік, былы старшыня гэтага сельгаспрадпрыемства Іван Шыш, старшыня Красненскага сельвыканкама Тамара Лейка, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Іна Богуш, дырэктар Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Інэса Семібратава, а таксама творчыя работнікі Красненскага сельскага Дома культуры.

Пётр Іосіфавіч сустрэў гасцей на сваім ганку, усміхнуўся: “Даўно чакаю”. Ды крыху разгубіўся, відаць, не чакаў такой увагі. Але справіўшыся з хваляваннем, моцна паціскаў рукі, прымаў падарункі і кветкі, дзякаваў.

— Паважаны, дарагі наш Пётр Іосіфавіч, жадаем Вам моцнага здароўя і сілы духу, каб сустрэць яшчэ адзін юбілей — 100-гадовы. Вы для ўсіх нас — прыклад мужнасці і нязломнасці, працалюбства і сціпласці, — сказаў Генадзій Шатуеў.

Сапраўды, Пётр Іосіфавіч надзвычай сціплы чалавек, які не прывык без вялікай нагоды турбаваць родных або ўладу, казыраць сваім ваенным мінулым і ўзнагародамі.

— Так, мне 95 гадоў і я жыву адзін, спраўляюся, — гаворыць ветэран, які і слухаць не хоча ні пра пераезд у горад да дзяцей, ні пра сацыяльнага работніка.

— Пётр Іосіфавіч, як праходзіць Ваш дзень?

— У 7 устаю, потым коз падаю, пакармлю. Есці сабе звару, зранку — часцей за ўсё макароны. Гэтымі днямі бульбу палоў. Ці цяжка, пытаеце? Ды не, што тут цяжкага, я патроху. У абед чаю пап’ю з каўбасою. Потым зноў у хлеў: козачак і курэй пакармлю. Ці сплю ўдзень? Ды не, ніколі такога не было. Трохі ў гародзе пакорпаюся, у садзе. У магазін схаджу, тут недалёка, кілометры з два. Раней на ровары ездзіў, цяпер не маю моцы ў нагах. Потым на вечар з малаком што згатую ды гаспадарку сваю зачыню.

— Пётр Іосіфавіч, што трэба рабіць, каб шмат пражыць?

— А я і не знаю. Гэта ўжо сколькі назначана, і нічога не зробіш. Мая мама Марыя пражыла 90 гадоў, бацька Язэп — 85. Нас, хлопцаў з Прыдатак, на вайну пайшло 40, а вярнулася 20, і толькі 5 да пенсіі дажылі, астатнія маладымі пайшлі. Так ужо наканавана, відаць.

— Ці часта ў жыцці Вам прыходзілася падманваць смерць?

— Яшчэ як! У 41-м, калі прыйшлі немцы, адзін паліцай чуць не застрэліў. Добра, што другі ў час з хаты выйшаў і абараніў. Кажа: “Уцякай, хлопец!” Я і пабег, а інакш ляжаць бы мне на беразе красненскага возера. З 44-га на фронце кожны дзень глядзеў смерці ў твар, некалькі разоў паранены. Пасля вайны цяжка ў калгасе працаваў, сваімі рукамі хату паставіў. Але вось і сёння жыву, на свае гады нічога пачуваюся.

На развітанне самадзейныя артысты з Краснага выканалі для Пятра Іосіфавіча папулярную франтавую песню “Кацюша”, і ветэран з задавальненнем падхапіў знаёмыя словы. Мясцовая паэтка Святлана Дубчонак прачытала верш “Дзе ты, салдат?”, які прысвяціла ўсім героям вайны і слаўнай Перамозе.

… А голуби над мирным небом вьются.

Мы живы, и закончилась война!

И этот день счастливым самым станет,

И скорбь со счастьем пронесет в века,

О нас, сражавшихся, оставит память,

О том, как страшна все-таки война…

Іна ЛЕЙКА

Фота аўтара