Что не так с водой в Мире и когда в поселке появится объездная дорога

У верасні бягучага года ў г.п. Мір з’явілася станцыя абезжалезвання і тры новыя артэзіянскія свідравіны, закліканыя палепшыць якасць пітной вады. Аднак жыхары некаторых вуліц пасёлка працягваюць скардзіцца, што вада дрэнная. Што не так са змесцівам кранаў жыхароў пасёлка?

Па словах галоўнага ўрача раённага Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Аляксандра Германюка, у лістападзе і пачатку снежня спецыялісты райЦГЭ ўзялі пробы вады на даследаванне. Аказалася, што ў кранах жыхароў вуліц Сташэўскай, 17 Верасня і Танкістаў, 14 утрыманне жалеза было перавышана. Аднак вынікі даследавання вады, узятай з водаправода пасля станцыі абезжалезвання, аказаліся добрымі. Галоўны інжынер Карэліцкага РУП ЖКГ Мікалай Лукашкоў тлумачыць, што станцыя абезжалезвання і артэзіянскія свідравіны, пабудаваныя восенню гэтага года, працуюць спраўна. Прычына няякаснай вады, якая перыядычна з’яўляецца ў кранах на некаторых вуліцах Міра, крыецца ў тым, што пасля будаўніцтва станцыі абезжалезвання вада змяніла кірунак і, заходзячы ў так званыя тупіковыя сеткі, падымае іржу з водаправодных труб. Камунальнікі прамылі водаправодныя сеткі і правялі чарговыя даследаванні якасці вады. Вада на вуліцах Маскоўская, Ленінградская і ў кране пасля станцыі абезжалезвання на гэты раз аказалася ў норме. У жылкамунгасе жыхарам Міра зрабілі зніжку па аплаце за няякасную ваду.

— Акрамя таго, мы нагадваем жыхарам пасёлка, што пры ўзнікненні праблем з вадой неабходна звяртацца ў нашу дыспетчарскую службу, — тлумачыць Мікалай Лукашкоў. — Спецыялісты прыедуць па выкліку, возьмуць пробы вады на аналіз, калі трэба, прамыюць вадаводы. Пытанне аплаты вады будзе разгледжана адрасна. Якасць вады ў дамах жыхароў Міра знаходзіцца на сістэмным кантролі не толькі ў нашай службы, але і ў раённага Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі.

Будаўніцтва аб’язной дарогі вакол г.п. Мір — яшчэ адно пытанне, якое цікавіць жыхароў пасёлка. Па рэспубліканскай аўтамабільнай дарозе Р-11, якая праходзіць праз Мір, рухаюцца буйнагабарытныя фуры, а восенню можна назіраць павелічэнне інтэнсіўнасці руху сельгастэхнікі і грузавога транспарту. Гэта звязана з тым, што грузавікі вязуць цукровыя буракі на Гарадзейскі цукровы камбінат. Усё гэта не можа не адбівацца на экалагічнай абстаноўцы і на пагаршэнні дарожнага пакрыцця ў самім Міры. І ні для каго не сакрэт, што транзітны грузавы транспарт павышае аварыйнасць на дарогах, тым самым ствараючы неспрыяльныя ўмовы для развіцця турызму. Таму і паўстала неабходнасць будаўніцтва дарогі-дублёра.

Намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Быліч паведаміў, што праектна-каштарысная дакументацыя на будаўніцтва аб’язной дарогі гатова, а аб’ект уключаны ў праект Дзяржаўнай праграмы «Дарогі Беларусі» на 2021-2025 гады. Чакаецца, што будаўнічыя работы пачнуцца ў 2021 годзе, а завяршэнне будаўніцтва — у 2022 г.

Іна ЛЕЙКА