Проект «Ровесники молодой Беларуси». Председатель районного физкультурно-спортивного клуба Наталья Голушко знает, что только смелым покоряются вершины

Старшыню Карэліцкага раённага фізкультурна-спартыўнага клуба Наталлю Галушка няпроста застаць у кабінеце: яна заўсёды ў справах, а калі і заходзіць да сябе, то толькі для таго, каб адказаць на тэлефонны званок альбо падпісаць дакумент. А яшчэ Наталля  — клапатлівая мама, якая вельмі любіць сваю дачку, і дачушка, якую вельмі любяць бацькі. Яна знаходзіць час і для таго, каб пагуляць на прыродзе, злавіць у свой аб’ектыў прыгожы кадр і абавязкова падзяліцца ім з сябрамі…

 

— Я вучылася ў Некрашэвіцкай школе да сёмага класа, — расказвае пра сябе Наталля.  — Потым мой брат перайшоў вучыцца ў Лукскую школу і забраў мяне з сабой. А я ўжо з пятага класа займалася бегам, пачынала з 500 метраў. Настаўнік фізкультуры Уладзімір Уладзіміравіч Грэмяка ўбачыў, што я спартыўная, пачаў браць на спаборніцтвы. Адзінае, што ў мяне не атрымлівалася — валейбол. Але за месяц навучылася гуляць. Трэніроўкі пачалі прыносіць вынікі: напрыклад, на абласной алімпіядзе па фізкультуры ў Слоніме заняла другое месца. Цяпер я ўсё ўмею, усё магу. Можна сказаць, што Уладзімір Уладзіміравіч прывіў любоў да спорту. Калі я паступала ў БДПУ, ён са мною ездзіў у Мінск на ўступныя іспыты. Перад гэтым я даведалася, якія нарматывы там звычайна здаюць, і мы з ім усё лета рыхтаваліся. Цяжка даваліся скачкі ў даўжыню, але я натрэніравалася так, што цяпер скачу больш чым на два метры. Усе нарматывы ў мяне былі на 10 балаў. Калі на ўступных іспытах я здавала наклоны ўперад з палажэння седзячы, то “крыжа” не хапіла, прыносілі лінейку. Усе падыходзілі, глядзелі на мяне, а я, вясковая дзяўчынка, сяджу чырвоная, мне нават сорамна. А Уладзіміра Уладзіміравіча не пусцілі, ён з-за дзвярэй назіраў, свой секундамер уключаў. Вельмі ён быў зацікаўлены ў тым, каб я паступіла. І да гэтага часу мы з ім супрацоўнічаем: на спаборніцтвы бяру яго вучняў, сама дапамагаю. Так і сябруем.

Зараз Наталля займае пасаду старшыні фізкультурна-спартыўнага клуба. Жанчына расказвае, што спачатку працавала ў дзіцячым садку, праводзіла заняткі па фізкультуры ў дзетак:

— У працы ў садку ёсць свае асаблівасці. Твае вучні — зусім маленькія дзеткі, у кагосьці нешта не атрымліваецца, ён пачынае хныкаць, бо іншыя могуць гэта зрабіць. Падбіраеш словы, угаворваеш паспрабаваць зноў, робіш практыкаванне разам з ім. Праца ў дзіцячым садзе не абмяжоўваецца толькі заняткамі фізкультурай. Дзеткі ўмеюць вельмі шчыра любіць. Ідзеш па калідоры, яны бягуць абняць цябе, вечарам дзяўчаткі просяць паправіць ім прычоску, каб яны прыгожыя ішлі дадому.

Нягледзячы на ўсе спартыўныя перамогі, самым вялікім дасягненнем у жыцці Наталля лічыць сваю дачку і заўважае, якой бы цяжкай і адказнай не была пасада, важна знаходзіць час для хобі. Сама жанчына захапляецца фатаграфіяй і прызнаецца, што родная прырода — лепшы натхняльнік:

— Люблю назіраць за прыродай падчас пешых прагулак. Мая матуля мяне не разумее, але тата ведае, калі я павінна была ўжо прыехаць, але яшчэ не з’явілася, значыць па дарозе ўбачыла нешта прыгожае і здымаю. Калі працавала ў садку, часу на фота было болей. Але ў нас вельмі прыгожы раён, я ведаю мясціны з выдатнымі краявідамі, ведаю, дзе растуць рамонкі ці васількі. Калі праязджаю побач, стараюся заехаць, што-небудзь зняць. Важна, каб было хобі. Калі ёсць захапленне, то ёсць і развіццё.

Пра сябе Наталля кажа, што яна вельмі добрая, і людзі часта гэтым карыстаюцца:

— Калі ты старшыня ФСК, патрэбна ўмець людзей прыструніць, пазбавіць чаго-небудзь. Для мяне гэта самае складанае. Але галоўнае  быць справядлівым. Гэта, мне здаецца, рыса тых, хто вучыўся ў Уладзіміра Уладзіміравіча. Мы назіралі за ім і перанялі асобныя рысы яго характару. Бывае, што людзі дзеля перамогі ў спаборніцтвах імкнуцца схітрыць. Я не такая, хочацца ўсяго дасягнуць сваімі сіламі. Яшчэ я цярплівая. Ёсць людзі, якія правакуюць на скандал. Я спакойна выслухаю іх і разумею, што гэта нешчаслівыя людзі, ім настолькі сумна жыць, што яны ставяць мэтай раззлаваць каго-небудзь, зачапіць. Але здараецца, што я рэзка выкажуся. Тады чалавек разумее, што ён памыліўся, зрабіў нешта не так.

Падчас нашай размовы Наталля часта ўзгадвае настаўніка фізкультуры Лукскай СШ Уладзіміра Грэмяку. Я вырашыў пацікавіцца ў яго, якой ён ведае Наталлю Галушка.

— Памятаю, прыйшла ў школу, маленькая, сціплая, рухомая дзяўчынка, — расказвае Уладзімір Уладзіміравіч. — Спадабалася мне як настаўніку, бо ў яе адразу ж праявілася любоў да спорту. Гэта была адзіная вучаніца ў класе, якая цікавілася ўсім: і лёгкай атлетыкай, і гульнявымі відамі спорту, бегала крос, каталася на каньках і лыжах. Вельмі радавала мяне тым, што з вялікай ахвотай прыходзіла на трэніроўкі. Мы разам да пачатку трэніровак бегалі па два кіламетры — станавіліся на бегавую дарожку і беглі побач. Таксама яна вельмі любіла турызм, заўсёды ездзіла з намі на турзлёты.

— Наталля расказвала, што Вы разам з ёю ездзілі на іспыты ў Мінск. Раскажыце пра гэта. Навошта Вы туды паехалі?

— Каб даказаць самім сабе, што ўсё магчыма. Каб падтрымаць Наташу. Яна, наколькі я памятаю, сумнявалася, паступіла ці не. Я ж быў упэўнены, што яна пройдзе па конкурсе, бо яна была лепшай сярод тых, хто здаваў уступныя экзамены разам з ёю.

— Ці моцна адрозніваецца Наташа Крывапуст, якая калісьці прыйшла да Вас на ўрок, ад старшыні ФСК Наталлі Мікалаеўны Галушка?

— З’явілася ўпэўненасць у сваіх здольнасцях, вопыт. Яна займае не самую простую пасаду, і калі ёй прапанавалі гэтую працу, яна тэлефанавала да мяне, раілася са мною. Я папярэдзіў яе аб тым, што будзе нялёгка. Але яна спраўляецца, яна заўжды на перадавой. А так, гэта тая ж рухавая дзяўчынка, з агеньчыкам у вачах. Вельмі важны паказчык чалавечага характару — гэта тое, як да яго адносяцца дзеці. А яны яе любяць. Калі мае вучні прыходзяць да мяне на трэніроўкі, яны часта пытаюць, ці будзе Наталля Мікалаеўна, а калі яна прыязджае, то жаданне дзяцей займацца вырастае ўдвая. Я назіраю за тым, як яна працуе з дзецьмі: яна вывучае кожнага, ведае іх слабасці, моцныя якасці і працуе з гэтай інфармацыяй.

Сяргей СТОЛЯР

Фота з архіва гераіні