Коротко о важном. Как построена работа Кореличской ЦРБ в период пандемии

🦠 КАМПЕТЭНТНА

Алена МАЙСАК, галоўны ўрач УЗ “Карэліцкая ЦРБ”:

– На дадзены момант мы ў поўнай меры ўкамплектаваны ўсім неабходным: апаратамі штучнай вентыляцыі лёгкіх, транспартам, рознымі медпрэпаратамі і сродкамі дэзінфекцыі. У бальніцы працуюць шэсць урачоў-рэаніматолагаў, прыёмы ўрачоў у кабінетах скарочаныя: мы вырашылі засяродзіцца на аказанні дапамогі дома. Урач агульнай практыкі на выездзе можа зрабіць пацыенту кардыяграму, медсястра – узяць кроў на аналіз. У паліклініцы, на ФАПах і ў амбулаторыях распрацаваны асобныя маршруты перамяшчэння для пацыентаў з прыкметамі вострай рэспіраторнай віруснай інфекцыі: так, чалавека з тэмпературай адвядуць у асобны кабінет, абследуюць, прызначаць лячэнне. І, вядома, пажылым людзям мы стараемся нагадваць, што на дадзены момант лепш не наведваць масавыя мерапрыемствы, не хадзіць у крамы ў гадзіны пік, па меддапамогу звяртацца па тэлефонах: 2-21-32, 2-02-40, а таксама ў рэгістратуру ці да ўрача агульнай практыкі.

🦠 ГЭТА ТРЭБА ВЕДАЦЬ!

У паўсядзённым жыцці і на працы важна не забываць пра простыя правілы асабістай гігіены, якія дапамогуць захаваць здароўе, падтрымаць імунітэт, а галоўнае – не стаць ахвярай каварных вірусаў.

Паверхні, да якіх вы часта дакранаецеся – ручкі дзвярэй, клавіятура і мышка камп’ютара, іншыя – пастаянна абрабляйце антысептыкам. Дэзінфікуючы раствор пакіньце на 30 секунд, каб ён паспеў забіць усе мікробы.

Мабільны тэлефон таксама працірайце некалькі разоў на дзень антыбактэрыяльным сродкам. Рабіце гэта смела і не бойцеся пашкодзіць прадмет ці чахол – здароўе ўсё ж даражэй. Але нельга забываць і пра чайнікі, кававаркі, пульты і, вядома, ручкі і кнопкі кухонных прыбораў.

Як можна часцей мыйце рукі з мылам, а калі прыходзіце з вуліцы – неадкладна бяжыце ў ванную, стараючыся пры гэтым не дакранацца да ніякіх прадметаў. Калі часта мыць рукі няма магчымасці, абрабляйце іх антысептыкам. Рабіць гэтыя працэдуры адначасова няма сэнсу – яны эфектыўныя ў аднолькавай меры.

🦠 ПАМЯТКА ДЛЯ ПАЦЫЕНТАЎ

1. Калі чалавек захварэў

Калі Вы захварэлі з праяўленнем сімптомаў (павышэнне тэмпературы, кашаль, абцяжаранае дыханне, закладзенасць носа і г.д.), заставайцеся дома і патэлефануйце ў рэгістратуру ўстановы аховы здароўя па месцы жыхарства (месцы знаходжання).

У размове з работнікам установы паведаміце:

а) раскажыце, што Вас турбуе;

б) пакіньце кантакты (прозвішча, імя, адрас, тэлефон);

в) далей з Вамі звяжацца медыцынскі работнік – прытрымлівайцеся яго рэкамендацый.

У амбулаторна-паліклінічных установах арганізаваны асобныя ўваходы і кабінеты для прыёму пацыентаў з тэмпературай і сімптомамі вострай рэспіраторнай інфекцыі.

2. Аб праходжанні даследаванняў

Праходжанне дыспансерызацыі, рэабілітацыі, лабараторныя і інструментальныя даследаванні ў планавым парадку, у тым ліку флюараграфію органаў грудной клеткі, ЭКГ, холтэраўскае манітарыраванне, увядзенне ін’екцыйных лекавых сродкаў праз працэдурны кабінет часова адкладзіце.

3. Рэцэпты на лекі для пацыентаў з хранічнымі захворваннямі

Калі Вы маеце патрэбу ў выпісцы рэцэптаў на лекавыя сродкі для пастаяннага прыёму, раней прызначаныя лекарам, патэлефануйце ў рэгістратуру аховы здароўя па месцы жыхарства, пакіньце кантакты (прозвішча, імя, адрас, тэлефон). З Вамі звяжацца медыцынскі работнік, які арганізуе выпіску і дастаўку рэцэптаў на дом.

Калі Вы старэйшыя за 60 гадоў і маеце патрэбу ў аглядзе медыцынскага работніка ў сувязі з пагаршэннем самаадчування, патэлефануйце ў рэгістратуру ўстановы аховы здароўя па месцы жыхарства, паведаміце пра гэта і пакіньце свае кантакты. На працягу працоўнага дня з Вамі звяжацца медыцынскі работнік і ўзгодніць час для візіту на дом.

🦠 ДАРЭЧЫ

Па апошніх дадзеных, у Беларусі зафіксавана 152 выпадкі каранавіруса. Выпісаны альбо чакаюць выпіскі 47 чалавек. На сённяшні дзень праведзена больш за трыццаць тысяч тэстаў на інфекцыю (Беларусь знаходзіцца на дзявятым месцы ў рэйтынгу дзяржаў з найбольшым лікам праведзеных тэстаў на Covid-19). У Карэліцкім раёне выпадкаў заражэння каранавірусам не выяўлена.

🦠 УВАГА!

У Карэліцкай раённай бальніцы працуе “гарачая лінія” па пытаннях прафілактыкі каранавіруснай інфекцыі. На ўсе пытанні вам адкажуць урач-інфекцыяніст Алег Фёдаравіч БУРАК (2-25-12) і намеснік галоўнага ўрача па медыцынскай часці Аляксей Аляксандравіч КАЎЦЭВІЧ (2-22-53).

Гарачая лінія працуе з панядзелка па пятніцу з 08:00 да 13:00 і з 14:00 да 17:00.

Падрыхтавала Вікторыя КАСЦЮК